Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто кантралюе Данбас напярэдадні выбараў. Мапа


Клікнеце, каб убачыць мапу цалкам.

Клікнеце, каб убачыць мапу цалкам.

Траціна акруговых камісій Данбасу заблякаваныя ўзброенымі сэпаратыстамі, і выбары ў гэтых акругах наўрад ці адбудуцца, канстатуюць у ЦВК Украіны.

У ведамстве запэўніваюць, што ўжо зьвярнуліся па дапамогу да сілавікоў ва ўсіх выпадках пагрозы бясьпекі камісій. Між тым, на поўначы Луганскай і на ўсходзе Данецкай абласьей праўкраінскія сілы кантралююць гарады і пасёлкі, і абяцаюць, што выбары тут адбудуцца.

Каля паловы акругаў і участкаў Данецку могуць не працаваць у дзень выбараў, паведамляюць мясцовыя журналісты. Аляксандр Клюжаў, кіраўнік аналітычных праграмаў Данецкай абласной арганізацыі Камітэту выбарнікаў Украіны распавёў пра пагрозы, зь якімі сутыкаюцца арганізатары выбарчага працэсу на Данбасе.

«Датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары на Данбасе пад пагрозай. Галоўная прычына — напады ўзброеных людзей на выбарчыя камісіі і захоп ў закладнікі іх членаў. Астатнія акруговых камісій працуе ў паўпадпольных умовах. Члены участковых камісій масава адмаўляюцца ад працы на выбарах», — адзначае Клюжаў.

Частка акруговых камісій Данецку працуюць толькі дзякуючы таму, што зьмянілі месцазнаходжаньне і трымаюць яго ў таямніцы. Іх работнікі кажуць, што частка іх калегаў адмовіліся працаваць, таму людзей не хапае, але тыя, хто засталіся, гатовыя праводзіць выбары, нягледзячы ні на што.

«Ня думаю, што галасаваць прыйдзе шмат людзей. Таму тых членаў камісіі, якіх маем — хопіць. Прынамсі кворум ў нас ёсьць», — распавяла сябра адной з участковых камісій Данецку, якая прасіла не называць яе прозьвішча.

Большасьць выбарнікаў, якіх Радыё Свабода апытала на вуліцах Данецку, кажуць, што будуць галасаваць на цяперашніх выбарах прэзыдэнта 25 траўня, калі іх ўчастак будзе працаваць.

Сэпаратысты, якія падтрымліваюць самаабвешчаную «Данецку народную рэспубліку», актыўна процідзейнічаюць выбарам. Штодня зьяўляецца інфармацыя аб новых захопленых акружных і ўчастковых камісіях, выкраданьні іх работнікаў і зьнішчэньні абсталяваньня.

Падобная сытуацыя і ў Луганскай вобласьці. Кіраўнік мясцовага аддзяленьня камітэту выбарнікаў Украіны Аляксей Сьвецікаў паведаміў Радыё Свабода, што аграрная, паўночная частка вобласьці — па д кантролем украінскай міліцыі і вайскоўцаў, таму выбары там, хутчэй за ўсё, адбудуцца.

Аб поўным кантролі над гэтымі раёнамі даваў справаздачу і міністар унутраных справаў Арсэн Авакаў, які днямі наведаў іх.

Таксама Сьвецікаў мяркуе, што частка прамысловых гарадоў Луганшчыны гэтак жа зможа галасаваць. Аднак па апошніх дадзеных, акруговыя камісіі ў Лісічанску і Севераданецку ўзялі пад кантроль узброеныя сэпаратысты, якіх Генпракуратура абвінаваціла ў тэрарызьме. Кіраўнікі самаабвешчанай «Луганскай народнай рэспублікі» у сераду, адказваючы на пытаньні мясцовых журналістаў, ці адбудуцца выбары ў Луганску, адказалі: «Што вам даражэй: жыцьцё ці выбары?».

Абедзьве выбарчыя камісіі Луганску заблякаваныя ўзброенымі экстрэмістамі, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода.

Цалкам ня могуць працаваць з-за атакі расейскіх ваеўнікоў і сэпаратыстаў каля траціны акруговых камісій Данецкай і Луганскай вобласьці. Такія апошнія падлікі ЦВК прыводзіць прэс-сакратар ведамства Канстанцін Хіўрэнка. Ён заявіў, што акруговыя камісіі на Данбасе недастаткова абароненыя ад узброеных нападаў. Аднак па яго словах, пасьля кожнага звароту членаў камісіі пра пагрозу іх бясьпекі ЦВК перадае гэтую інфармацыю на рэагаваньне ў СБУ і МУС. Хіўрэнка паведаміў, што ў выніку частку акруговых камісій ўзялі пад ахову сілавікі, але такіх на Данбасе — меншасьць.
XS
SM
MD
LG