Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жыве Свабода!» — 700 чалавек у клюбе Re:public адзначылі юбілей радыё пяцігадзінным канцэртам (фота, відэа)


На канцэрце выступілі гурты HAINA, HURMA, KRAMA, RECHA, PIOTR KLUJEU BAND i LEIBONIK. Мы вялі жывую відэатрансьляцыю з імпрэзы

За паўгадзіны да пачатку каля клюбу Re:public ужо мітусілася чарга моладзі. Уваход на канцэрт быў вольны, акрамя таго, першым 50 наведнікам абяцалі падарункі ад Радыё Свабода.

Пачаўся канцэрт з аўдыёзапісу перадачы Радыё Вызваленьне, якая прагучала ў эфіры 20 траўня 1954 году:

«Тут Радыё „Вызваленьне“. Вы слухаеце голас сваіх суродзічаў-Беларусаў з вольнага сьвету... Наш голас ёсьць вашым голасам, бо мы зьяўляемся часткай вас, часткай усіх Беларусаў».


Музычную частку сьвята адкрыў Пятро Клюеў кавэрам на песьню «Радыё Свабода» гурту УЛІС. Далей гасьцей прывітаў кіраўнік сайту Радыё Свабода Валер Каліноўскі:
«Радыё Свабода пасьля падзеньня Бэрлінскага муру, пасьля адключэньня глушылак прыйшло ў Беларусь, зьявіліся нашыя карэспандэнты. Мы працавалі ў часы перабудовы, станаўленьня незалежнасьці, плошчаў, разгонаў мітынгаў, палітвязьняў, дэманстрацыяў. Але цяпер мы ня толькі радыё, мы і онлайн-тэлебачаньне!»


Валер Каліноўскі сказаў, што трансьляцыю з канцэрту можна глядзець у жывым эфіры праз youtube.


У залі сабраліся каля 700 чалавек, пераважна моладзь. Паміж выступамі гуртоў вядоўца канцэрту Павал Белавус разыгрываў падарункі ад Радыё Свабода. Агулам было разыграна 60 разнакаляровых саколак і 20 флэшак з архівам дыскаў і кнігаў «Бібліятэкі Свабоды», а таксама больш за 200 новых кніг «Лісты пра Свабоду», у якім сабраныя лісты чытачоў, дасыланыя ў рэдакцыю цягам гадоў.


Падчас выступу гурту «Рэха» малады чалавек у залі разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг, але ахоўнікі клюбу папрасілі сьцяг згарнуць. Раз-пораз у залі людзі гукалі «Жыве Беларусь!» і «Слава Ўкраіне!» Скандавалі таксама «Беларусь!»

Хэдлайнэр канцэрту, лідэр гурту КРАМА Ігар Варашкевіч апавёў, што першапачаткова хацеў назваць гурт ня Крама, а «Радыё Свабода»:

«Вельмі даўно, напрыканцы 80-х гг, калі разваліўся гурт „Бонда“, у мяне была думка назваць новы гурт „Радыё Свабода“, недзе ў Баранавічах ляжыць нават намаляваны лягатып».


Варашкевіч папярэдзіў, што будзе шмат новых песень з новага альбому «Белая вада». Аднак напрыканцы гурт выканаў і добра вядомыя гіты: «Бяжы, бяжы, хлопец», «Слуцкая брама», «Што дапаможа нам?» Людзі сьпявалі разам з гуртом.

Трансьляцыя адбывалася на сайце Радыё Свабода і на youtube. Тут можна паглядзець поўны запіс канцэрту:

Глядзіце асобныя моманты:

Гучыць першая праграма “Радыё вызваленьне”

Пётр Клюеў сьпявае кавэр на “Радыё Свабода”

Валер Каліноўскі распавядае пра гісторыю Радыё Свабода і пра нашае вяшчаньне

Гледачы называюць супрацоўнікаў Радыё Свабода

Пытаньне да гледачоў пра Васіля Быкава

Заля сьпявае разам песьню Радыё Свабода

Варашкевіч распавядае, што хацеў назваць гурт не Крама, а “Радыё Свабода”



Тут сабраныя водгукі гледачоў з канцэрту:
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG