Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Баі ў Данецкай і Луганскай абласьцях. Ёсьць ахвяры


Ноччу і раніцай 22 траўня адбыліся баявыя сутыкненьні ўкраінскіх сілавікоў з групамі прарасейскіх баевікоў паблізу гарадоў Рубяжное (Луганская вобласьць) і Валнаваха (Данецкая вобласьць).


«З боку сіл антытэрарыстычнай апэрацыі ёсьць загінулыя. У прыватнасьці, пад Валнавахай, паводле нашых дадзеных, загінулі 8 ўкраінскіх сілавікоў, яшчэ 18 былі параненыя», — адзначыў кіраўнік групы «Інфармацыйны супраціў» Дзьмітры Тымчук на сваёй старонцы ў Facebook.

Тым часам, паводле інфармацыі з сайта «Ўсходні варыянт», на Луганшчыне а 4-й раніцы пачалася актыўная фаза антытэрарыстычнай апэрацыі: падарваны мост, ёсьць ахвяры.


Там украінскія вайскоўцы пачалі рух у бок Лісічанска, праз мост у раёне чыгуначнага вакзала Рубяжное, яны выкарыстоўваюць бранятэхніку.
Пры гэтым украінскія салдаты сустрэлі супраціў прарасейскіх баевікоў. Падчас супрацьстаяньня быў ўзарваны пешаходны мост праз раку Севярскі Данец. У шпіталь Лісічанска даставілі аднаго забітага і двух параненых. Абое параненыя — жыхары горада Сьвярдлоўска Луганскай вобласьці.

У Севяраданецку прарасейскія баевікі склікаюць на дапамогу жыхароў горада.

Ноччу сэпаратысты ў Славянску стралялі з жылога масіва, каб справакаваць ўкраінскіх сілавікоў. Пра гэта паведамляе «Ўкраінская праўда» са спасылкай на кіраўніка мэдыяцэнтра антытэрарыстычнай апэрацыі Ўладзіслава Селязьнёва. Ён нагадаў, што дзейнасьць асабістага складу задзейнічанага ў антытэрарыстычнай апэрацыі накіраваная на падтрыманьне міру і спакою ў рэгіёне:

«Тэрарысты, ведаючы пра гэта, выкарыстоўваюць подлую тактыку дывэрсійных дзеяньняў, страляюць ва ўкраінскіх салдатаў з жылых кварталаў, дзіцячых пляцовак, хаваючыся за сьпінамі мірных жыхароў, добра разумеючы, што ўкраінскія сілавікі ня будуць пры такіх умовах страляць у адказ, салдаты Ўкраіны берагуць жыцьці мірных людзей», — адзначыў Селязьнёў.
XS
SM
MD
LG