Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хор і прывід Майдана ад Сяргея Лазьніцы


Сяргей Лазьніца

Сяргей Лазьніца

На Канскім кінафэстывалі адбылася прэм’ера фільма Сяргея Лазьніцы «Майдан».

Рэжысэр адмовіўся даваць інтэрвію расейскім СМІ, але пагадзіўся пагутарыць з карэспандэнтам расейскай службы Радыё Свабода Дзьмітрыем Волчакам.

На Канскім кінафэстывалі 21 траўня прайшла прэм’ера дакумэнтальнага фільма Сяргея Лазьніцы «Майдан». Увосень 2013 году рэжысэр пачаў працу над гульнявой карцінай «Бабін Яр», але пачалася рэвалюцыя, і Сяргей Лазьніца пачаў здымаць падзеі на кіеўскім Майдане.

«Упершыню за сваю даволі доўгую кар’еру рэжысэра-дакумэнталіста я стаў сачыць за падзеямі рэальнага жыцьця, якія разгортваліся перада мной. Мая мэта — перанесьці гледача на Майдан і паказаць яму 90 дзён рэвалюцыі», — кажа Сяргей Лазьніца. У фільме выкарыстаныя кадры, зьнятыя падчас баёў у цэнтры Кіева карэспандэнтамі ўкраінскай рэдакцыі Радыё Свабода.

Напярэдадні прэм’еры Сяргей Лазьніца даў інтэрвію Радыё Свабода.

— У Вашым фільме няма ніводнага героя, ніводнай асабістай гісторыі, ніводнага такога партрэта, толькі рух масаў, тысячаў людзей, калектыўнага цела. Чаму Вы менавіта так вырашылі распавесьці гісторыю Майдана?

— Я рыхтаваўся да іншай карціны і сцэнар пісаў такім чынам, каб менавіта так распавесьці гісторыю Бабінага Яра. У фільма пра Майдан ёсьць далёкая аналёгія — «Стачка» Эйзэнштэйна. Гэта карціна, у якой таксама няма героя, там шмат другарадных герояў, якіх Эйзэнштэйн кідае па ходзе, а гісторыя распавядаецца ня дзякуючы таму, што мы сочым за лёсам нейкага пэрсанажу. Інакш я гэтую гісторыю распавесьці не магу. Таму што калі мы сочым за якім-небудзь пэрсанажам, гэта становіцца фактам прыватнага жыцьця і пачынае перашкаджаць. А для таго каб убачыць, неабходна зрабіць некалькі крокаў у бок. І калі я ставіў камэру, я адмыслова глядзеў, каб ніхто не перацягваў на сябе кадар, каб гэта быў эпізод, які ўключае ў сябе шматплянавую кампазыцыю, дзе кожны элемэнт раўнацэнны. У гэтым сэнсе гэта, напэўна, эпічная карціна. Толькі так можна распавесьці пра хор, даўшы яму магчымасьць распавядаць пра сябе.

— Майдан зацягвае. Калі Вы ставілі камэру, Вы адчувалі сябе часткай гэтага калектыўнага цела або толькі гледачом, іншым назіральнікам?

— Цяжка аддзяліць адно ад другога. Калі я ставіў камэру, я думаў толькі пра кампазыцыі і пра дзеяньне, якое будзе перад ёю, і пра тое, як не паўтарацца і аптымальным спосабам гэта ўсё паказаць і расказаць.

— Памятаю Вашу лекцыю на фэстывалі ў Вісбадэне. Вы казалі пра тое, наколькі важныя першыя сэкунды карціны. Праца над першымі трыма хвілінамі вашага фільма «У тумане» заняла некалькі месяцаў. У " Майдане" таксама вельмі важная першая сцэна, калі велізарны натоўп выконвае нацыянальны гімн, і Вы потым яе нават паўтараеце.

— Так, таму што там ужо ёсьць канцэнтрацыя думкі, і гэта вельмі магутны кадар. Ён узьдзейнічае на гледача, вы атрымліваеце моцнае ўражаньне. І я прасіў апэратара наўмысна браць толькі людзей у кадар, мора людзей.

— Думаю, што ён асабліва будзе ўзьдзейнічаць на расейскіх гледачоў, калі яны гэтую карціну ўбачаць. Калі я глядзеў гэтую сцэну, я падумаў, што яна выдатна ілюструе вядомы тэзіс пра тое, што Ўкраіна — не Расея. У Расеі немагчыма ўявіць сабе тысячы людзей, якія адначасова ў парыве здымаюць шапкі, прыціскаюць руку да сэрца, калі гучыць нацыянальны гімн, і сьпяваюць яго.

— Так, гэта так. Але дзіўна, якая пявучая нацыя! На Майдане увесь час сьпявалі. Не магу сабе ўявіць, што і як сьпявалі б у Маскве. Гімн — ня ведаю, а вось народныя песьні... Бо сышла, растварылася гэтая народная культура. Калісьці я рабіў фільм «Жыцьцё, восень» у 1998 годзе, мы здымалі бабуль у Смаленскай вобласьці, якія яшчэ памяталі народную песьню. І ўжо наступнае пакаленьне практычна яе ня ведала. Сыходзіць нешта вельмі важнае, што ідэнтыфікуе нацыю, народ. А ва Ўкраіне гэта захавалася. Колькі там народных паэтаў, якія чытаюць вершы, зь якім запалам гэта адбываецца, як гаворка льецца! Усе гатовыя падхапіць. У нас ня вельмі добра запісалася «Червона рута», мы ў Вільні павінны былі дапісаць галасы. Зьвярнуліся ва ўкраінскую амбасаду, прыехалі супрацоўнікі амбасады і ўсе імгненна засьпявалі, засьпявалі неверагодна прыгожа. Так што гэта не Расея, не, гэта нешта іншае.

— Вы выбралі два вялікія вершы, якія чытаюць самадзейныя паэты з трыбуны Майдана...

— Чатыры! Цудоўныя вершы! Я б і больш даў, але ў мяне фільм, на жаль, 2 гадзіны 10 хвілінаў.

— І яшчэ песьня " Віця, чао «, якая двойчы гучыць у фільме...

— Так, гэта бурлівая творчая энэргія. Яна ж ніадкуль не ўзьнікае.

— Вас цікавіў іншы бок — » Беркут «, Януковіч, яго прыхільнікі? Іх амаль няма ў фільме, або яны на самым далёкім пляне. Не хацелася вам іх зьняць таксама?

— Не, не хацелася зусім. Мяне цікавіў народ.

— Народ і яго неверагодная энэргія... Бо гэта вельмі старажытная энэргія Майдана, нягледзячы на ўсе айфоны, архаічная энэргія.

— Безумоўна. Там і вопыт народнага веча, і гэта ўсё, вядома, зачароўвае. У другім баку няма нічога таямнічага, ён відавочны, там усё ясна. Калі я туды прыехаў, у першы дзень я адразу зразумеў, калі ў фільме Шкірак, па-мойму, кажа са сцэны: «Януковіч не прэзыдэнт Украіны! » — Адразу ясна, што яго існаваньне там — гэта пытаньне яго ўсьведамленьня, што ён не прэзыдэнт. Ўсё. І пытаньне цярпеньня народа, колькі людзі будуць яшчэ трываць гэта... Ён стаў пэрсанажам коміксу і страціў павагу, а ўлада трымаецца на двух рэчах — павазе і сіле. Калі няма павагі і сілы, нічога вы ня зробіце.

— Мне запомніўся ў фільме сьцяг, якія лунаў над натоўпам, і струмень газу накіраваная ў яго. Які кадар, якая сцэна для Вас самая важная?

— Вельмі важны, ключавы эпізод — калі пасьля таго, як там адбылася стральба, калі вызвалілі Майдан ад войскаў, вы бачыце вялікую колькасьць людзей, якія прыйшлі на Крэшчацік і вызваляюць плошчу ад сьмецьця і бруду, прыбіраюць і будуюць барыкады, нясуць шыны, раздаюць ваду. І гэта настолькі ўражвае, і такія асобы ў гэтых людзей! Бо яны перажылі нешта страшнае, гэта відаць па тварах. І якая самаарганізацыя, бо там ніхто нікім не кіруе. Ну, натуральна, эпізод разьвітаньня з загінулымі. Я наўмысна не здымаў сцэну, я здымаў толькі людзей.

— Майдан да гэтага часу стаіць у цэнтры Кіева. На Ваш погляд, яго гісторыя скончаная ці яшчэ будзе мець працяг?

— Як гісторыя міталягічная — ня скончаная. Калі што-небудзь пойдзе ня так, я думаю, што яна працягнецца. А гістарычны момант ад абурэньня кіраўніком і сыстэмай ўлады да вызваленьня краіны ад гэтай сыстэмы ўлады і кіраўніка — скончаны. Калі прэзыдэнт паляцеў з краіны, тут можна ставіць кропку. Якое будзе далей разьвіцьцё — залежыць у вялікай ступені ад людзей. Нават у меншай ступені ад палітыкаў. Людзі паказалі, наколькі яны могуць уплываць на палітыку. Палітыкі ўвесь час імкнуліся патрапіць у гэты цягнік. Часам у іх атрымлівалася, часам не. І Майдан вёў сваю лінію, і як яна фармавалася — гэта таксама дзіўна. Таму што гэта сотні тысяч людзей, якія думаюць вельмі і вельмі блізка, яны разумеюць, што трэба рабіць, і ўсе разумеюць, што яны гэта разумеюць. Вось гэта дзіўнае ўзьдзеяньне. Так што я думаю, не істотна нават, хто будзе прэзыдэнтам Украіны. Існуе прывід Майдана — гэта пачуцьцё прысутнасьці таго, што там можа адбыцца, калі нешта пойдзе ня так. І галоўнае, што ніхто ўжо ня зможа зьвярнуцца да сілавых структураў і паспрабаваць іх накіраваць на людзей.

— Затое сілавыя структуры дзейнічаюць на анэксаванай Расеяй тэрыторыі, у Крыме, і затрыманы Ваш таварыш — рэжысэр Алег Сянцоў, якога ФСБ абвінавачвае ў тэрарызьме. Ведаю, што Вы маеце долю ў камітэце па яго абароне. Як яму дапамагчы?

— Мы можам пра гэта гаварыць, можам заклікаць людзей да дзеяньняў, патрабаваць яго вызваленьня. Мы маем справу зь нейкім змрокам ночы і зусім ня ведаем, што там адбываецца. Чалавека няма, ён знаходзіцца недзе ў зьняволеньні. Як можна з такім дзікунствам мірыцца? Пра гэта неабходна казаць, прыцягваць людзей, неабходна, каб усе ведалі пра гэта. Пакуль Алег ня выйдзе на волю, многія людзі не супакояцца.

— Я чытаў ва ўкраінскай прэсе, што Вы прынцыпова адмовіліся даваць інтэрвію пра фільм «Майдан» расейскім СМІ ў Канах. Гэта не перабольшаньне?

— Не, гэта не перабольшаньне. Гэта інфармацыйная плынь — усё, што кажуць пра Ўкраіну, настолькі хлусьлівая, што я проста не хачу ў гэтым браць удзел. Мне непрыемна нават уявіць, што мае словы будуць у гэтай плыні прысутнічаць. Я не хачу гэтага. Зараз ідзе інфармацыйная вайна, сродкі інфармацыі выкарыстоўваюць як зброю, і досыць пасьпяхова.

— Ці пабачаць Ваш фільм у Расеі?

— Пройдзе нейкі час, павінен быць пракат, а потым я яго выкладу ў інтэрнэт. Я лічу, што гэта адукацыйная карціна. Гэта неабходна глядзець.
XS
SM
MD
LG