Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэтыцыя аб прызнаньні Расеі спонсарам тэрарызму сабрала больш за 100 тысяч подпісаў


Пэтыцыю, у якой утрымліваецца просьба да адміністрацыі прэзыдэнта ЗША прызнаць Расею спонсарам тэрарызму, падпісала ўжо больш за 100 тысяч чалавек.

Пра гэта паведамляе служба навінаў «Голасу Амэрыкі» са спасылкай на сайт Белага дома.

Для таго, каб адміністрацыя разгледзела зварот, пэтыцыя павінна сабраць 100 тысяч подпісаў да 23 траўня 2014 года.

Аднак неабходная колькасьць подпісаў яшчэ не азначае аўтаматычнага прызнаньня Расеі спонсарам тэрарызму. Цяпер адміністрацыя Абамы павінна даць афіцыйны адказ на дакумэнт. Зрэшты, гэта ніяк не абавязвае яе прымаць рашэньні ў адпаведнасьці са зьместам гэтай пэтыцыі. Як паведамілі інфармаваныя крыніцы, «адміністрацыя Белага дома можа зрабіць заяву, што такая рэакцыя грамадзянскай супольнасьці сьведчыць аб рэальным становішчы рэчаў».

На думку аўтараў пэтыцыі, Расея вядзе супраць Украіны неабвешчаную вайну, заснаваную на таемных апэрацыях, якія могуць клясыфікавацца як «міжнародны тэрарызм».

«У прыватнасьці, узброеныя баевікі з Расеі спрабуюць уплываць на палітыку ўкраінскага ўраду шляхам запалохваньня або прымусу. Яны таксама спрабуюць паўплываць на паводзіны ўраду шляхам забойстваў і выкраданьняў, займаючы сілай ўрадавыя будынкі, міліцэйскія ўчасткі і вайсковыя базы Ўкраіны. Гэтая дзейнасьць праводзіцца ў вялікіх маштабах і на працягу доўгага пэрыяду часу, нягледзячы на асуджэньне з боку ЗША, вялікай сямёркі, НАТО, ЭЗ і ААН», — гаворыцца ў пэтыцыі.
XS
SM
MD
LG