Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна заклікала да футбольных санкцый супраць Расеі


Сталы прадстаўнік Украіны пры Эўрапейскім зьвязе Канстанцін Елісееў заявіў, што Расея павінна стаць аб’ектам фінансавых санкцый Эўразьвязу і страціць права праводзіць чэмпіянат сьвету па футболе ў 2018 годзе ў сувязі з анэксіяй Крыму.

Замарожваньне актываў і забарона на выдачу віз, якімі абмежаваўся Эўразьвяз у сувязі з дзеяньнямі Расеі ва Ўкраіне, выявіліся недастатковымі, заявіў Канстанцін Елісееў у інтэрвію агенцтву Reuters.

Расея перасекла «чырвоную лінію», анэксаваўшы Крым і зрабіўшы шэраг агрэсіўных крокаў у дачыненьні да Ўсходняй Украіны, і таму ЭЗ павінен увесьці тыя жорсткія эканамічныя санкцыі, якімі ён пагражаў, сказаў Елісееў .

«Трэба, каб яны ўвялі мэтанакіраваныя, добра адкалібраваныя санкцыі. На мой погляд, яны, у асноўным, павінны насіць фінансавы характар», — сказаў Елісееў, даўшы зразумець, што Расею варта выключыць з глябальнай сыстэмы электронных плацяжоў SWIFT .

Елісееў заклікаў ЭЗ прадэманстраваць, што ён цэніць «эўрапейскія каштоўнасьці» вышэй за эканамічныя і дзелавыя інтарэсы. Ён таксама лічыць, што і астатні сьвет павінен прыняць пэўныя крокі, напрыклад, «пазбавіць Расею права правядзеньня чэмпіянату сьвету па футболе ў 2018 годзе».

"З майго пункту гледжаньня, гэта дапушчальна, паколькі Расея, будучы сябрам ФІФА, павінна паважаць пэўныя каштоўнасьці і выконваць пэўныя абавязацельствы«,— сказаў Канстанцін Елісееў.

Такі крок нанёс бы шкоду расейскаму кіраўніцтву, «паколькі для расейскага прэзыдэнта Уладзімера Пуціна гэта — велізарны палітычны і фінансавы праект», — лічыць дыплямат.

У сакавіку два амэрыканскіх сэнатара, Дэн Коўтс і Марк Кірк, у лісьце ФІФА прапанавалі сабраць тэрміновую сэсію футбольнай фэдэрацыі для разгляду пытаньня аб прыпыненьні сяброўства Расеі, пазбаўленьні яе права правядзеньня чэмпіянату сьвету 2018 года і выключэньня з чэмпіянату гэтага года ў Бразыліі.

У ФІФА адказалі, што краіна можа быць выключана з спаборніцтваў толькі ў выпадку парушэньня ёю статута фэдэрацыі. Рашэньне аб правядзеньні чэмпіянату сьвету 2018 года ў Расеі было прынята ў 2010 годзе

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG