Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка распавёў Сабчак, што думае пра Пуціна, сэпаратыстаў і сваю жонку

абноўлена

«Усё, што адбылося ў Данецку і Луганску з пункту гледжаньня права — нікчэмна. Яно ня мае ніякага значэньня. Любы рэфэрэндум павінен праходзіць на аснове Канстытуцыі».

Пра гэта ў інтэрвію Ксеніі Сабчак для тэлеканалу «Дождж» заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, адказваючы на пытаньні пра сытуацыю на ўсходзе Ўкраіны.

«Вельмі многа наламалі дроў ва Ўкраіне. Я ведаю сытуацыю ва Ўкраіне лепш, чым многія ў Расеі. У мяне ёсьць людзі, што тэлефануюць у Данецк і Луганск — людзей там адурманілі».

«Пуцін мае рацыю, што трэба пагаварыць з так званымі сэпаратыстамі. Гаварыць павінна ўкраінская ўлада, а ня Пуцін. Што Пуціну там рабіць, гэта ж чужая краіна?».

«Пуцін добра ведае, што я супраць фэдэралізацыі. Я публічна заўляў, што за адзіную і цэласную краіну».

«Ня будзе ўкраінскага сцэнару ў Беларусі, пакуль я прэзыдэнт».


Пра Пуціна


«Я ведаю, што ён прыйшоў ва ўладу не прэзыдэнтам. Ён казаў: «Гэта не маё». Ён зусім іншы чалавек. Ён іншы, чым я. Ён абсалютна іншы па адносінах да ўлады».

«А калі Пуцін прайграе выбары? Што вы будзеце рабіць? Што вы будзеце рабіць з дыктатарам? Вы такая дэмакратычная, свабодалюбная».

Пра беларускую нацыянальную ідэю



«Няма яе. Гэта вельмі сур’ёзнае пытаньне. У мяне некалькі кніжак ляжыць на стале. Гадоў 10 таму была пастаўлена задача. Вось мы нацыя. А якая ж у нас нацыянальная ідэя? Мы штурмавалі ўсім грамадзтвам і з маім удзелам гэтае пытаньне. І тое, што было прапанавана, я сказаў - не».

«Беларусь - гэта цэнтар Эўропы. У Полацку цэнтар геаграфічнай Эўропы. Далей мне прапаноўвалі патрыятызм як нацыянальную ідэю, але нацыянальная ідэя павінна нечым адрозьнівацца ад ідэі іншай краіны”.

Лукашэнка пра развод


Пра сваю жонку Галіну Радзівонаўну Лукашэнка сказаў, што яна жыве па старым месцы жыхарства ў Шклове.

Сабчак: «Вы разьведзеныя?»

Лукашэнка: «Не».

Сабчак: «Правільна разумею, што вы проста ня робіце гэты крок?»

Лукашэнка: «Я не хацеў бы вельмі глыбока пра гэта ўсё распавядаць. Мы з маці маіх старэйшых дзяцей даўно ўжо не жывём. Гэта прыстойны чалавек».

Пра дзяўчыну, зь якой Лукашэнка прыходзіць на хакей


«...Адна брунэтка, адна бляндынка, працуюць са мной два гады. Ужо два гады. Два гады асыстуе мне, узнагароджаньні, кветкі, іншае. Дык гэта ўжо два гады».

«Я ніколі ні на адным мерапрыемстве не сяджу з намыленай пысай сярод чыноўнікаў. Гэта мой прынцып. Заўсёды дзяўчаткі. З аднаго боку — сын маленькі, з другога — дзяўчо. У апошні раз, па-мойму, з Палінай сядзелі. Даўно яе, з 12 гадоў ведаю, як цябе. Калі я прыехаў прэзыдэнтам у адзін гарадок, яна — дзеткі маленькія — уручала мне кветкі. Яшчэ фотаздымак знайшлі. І так здарылася, што мы сустрэліся. „А я вас ведаю, Аляксандар Рыгоравіч“. Сказала пра гэта. „Ну, вельмі прыемна“. І ў службе дзелавога пратаколу працуе некалькі дзяўчат. Вельмі прыгожыя. І калі я дзесьці сяджу, кажа: „Я з вамі сяду“. „Дык калі ласка!“. Я гэта не хаваю.

Што тычыцца Дашкі, пра якую тут гаворка ішла, дык я яе два гады ведаю. Яна працуе. Вельмі прыстойная дзяўчына. Калі б у мяне такая была дзяўчына, дык гэта „выше крыши“».

Пра самагубства Беразоўскага


«Я ня веру ў добраахвотную сьмерць Барыса Беразоўскага. Ён настолькі любіў жыцьцё, быў гатовы жыць у бярлогу. Ня веру, што ён павесіўся»

Лукашэнка сказаў, што ня верыць, што гэта зрабілі расейскія спэцслужбы.

Ён адзначыў, што Беразоўскі зьявіўся ў Беларусі зь ведама расейскіх уладаў і паабяцаў апавесьці пра гэта «бяз камэры».

Кажа, што не прасіў Беразоўскага заплаціць Цімаці Бэлу за піяр Беларусі:

«Глупства гэта. Я нікога не прасіў. Я ў гэта не ўнікаў. Але ён або нехта зь яго кампаніі заплаціў, каб нехта сказаў пра Беларусь што-небудзь добрае».

Учынак Берозаўскага Лукашэнка тлумачыць падзякай за магчымасьць прыехаць у Беларусь пасьля эміграцыі. «На жаль, ён ня мог прыехаць на радзіму і абняць белую бярозку».

«Восень патрыярха»


Лукашэнка сказаў, што ніколі не задумваўся пра сваю сьмерць, але хацеў бы быць пахаваным у роднай вёсцы.

Ксенія Сабчак падарыла Лукашэнку кнігу Габрыэля Гарсіі Маркеса «Восень патрыярха».

Адносна магчымага пераемніка, кіраўнік Беларусі сказаў: «Я нікога не гадую. Няхай ён сам падымецца. Я буду самым шчасьлівым, калі прыдзе такі чалавек. Я не ўчапіўся за ўладу».

Пра Саакашвілі


Заўсёды «казаў пра яго добра, таму што ніхто за нас так не ваяваў на Захадзе, як Саакашвілі. Ён у Амэрыцы і прэзыдэнту і віцэ-прэзыдэнту казаў, што вы няправільна паводзіце сябе зь Беларусьсю, не трэба ніякіх санкцый. ... Я яму ўдзячны за гэта. Ён гэта рабіў публічна. Мы зь ім сябравалі. Я і цяпер бы зь ім з задавальненьнем сустрэўся. Але ў Расеі гэта не спадабалася б».

Пра ўцекача Бакіева


«Так, я адгукнуўся на просьбу Бакіева, калі яго ўсе проста кінулі, ён у бягах на поўдні Казахстана зь дзеткамі і жонкай на руках, я яму патэлефанаваў. Ён заплакаў і сказаў, што, Саша, ты мне ніколі ня быў сябрам, але я сёньня ў лесе зь дзецьмі хаваюся і ня ведаю, што рабіць. Выратуй хоць бы дзяцей».

Лукашэнка выслаў самалёт за Бакіевым зь сям’ёй, таму што падчас размовы з Бакіевым побач зь ім ішоў малодшы сын Мікалай. «Я проста ўявіў сабе, як гэта».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG