Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія назіральнікі едуць ва Ўкраіну. БНФ устрымаўся


У адрозьненьне ад Расеі Беларусь накіроўвае назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіну.

У нядзелю, 25 траўня, ва Ўкраіне пройдуць пазачарговыя прэзыдэнцкія выбары. На іх чакаецца рэкордная колькасьць міжнародных назіральнікаў — каля 3000, толькі ад АБСЭ прыедуць 1000 чалавек. Будуць назіральнікі і зь Беларусі — як ад уладаў, так і ад грамадзянскай супольнасьці.

На пазачарговыя выбары ва Ўкраіну не запрашалі місію назіральнікаў ад краін СНД. У той час як улады Расеі самі адмовіліся накіроўваць назіральнікаў, ад уладаў Беларусі назіральнікі будуць, але няшмат.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія апошнім часам былі прадстаўленыя ў якасьці назіральнікаў на ўсіх выбарах у краінах СНД, пасылаюць ва Ўкраіну толькі аднаго свайго прадстаўніка — Валянціна Мілашэўскага.

Ён уваходзіць у склад міжнароднай місіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Свае спадзяваньні ад выбараў спадар Мілашэўскі выказаў так:

«Я чакаю, што пасьля выбараў у нашых суседзяў нарэшце будзе парадак. Бо, зразумела, нам не абыякава, як там разьвіваецца сытуацыя. Пагадзіцеся, нават калі ўзяць суседзяў з пад’езду і калі ў іх нейкая калізія ў сям’і, то гэта і вам непрыемна. Вы ня будзеце займаць пазыцыю мужа альбо жонкі. Але калі да іх зноў вернецца згода, то і вам прыемна будзе зайсьці да іх і спакойна папіць зь імі гарбаты».
Я чакаю, што пасьля выбараў у нашых суседзяў нарэшце будзе парадак.


Валянцін Мілашэўскі кажа, што ён пакуль ня ведае, у якім дакладна рэгіёне Ўкраіны яму давядзецца працаваць назіральнікам. Але ні Данецк, ні Луганск беларускага дэпутата не палохаюць:

«Я ня буду нічога выбіраць. Куды пашлюць, туды і паеду».

Акрамя Валянціна Мілашэўскага ў якасьці міжнародных назіральнікаў паедуць сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік і намесьнік старшыні ЦВК Вадзім Іпатаў.

Тым часам у складзе місіі ENEMO (Эўрапейская сетка арганізацыяў, якія займаюцца назіраньнем за выбарамі) як доўгатэрміновы назіральнік ва Ўкраіне ўжо знаходзіцца праваабаронца Павал Сапелка. Сёньня-заўтра яшчэ некалькі прадстаўнікоў Беларусі паедуць у складзе гэтай місіі на кароткатэрміновае назіраньне.

А ў Беларускім камітэце салідарнасьці з Украінай паведамілі, што назіральнікамі на ўкраінскія выбары паспрабуюць трапіць каля 30 іхніх прадстаўнікоў.

Прадстаўнік камітэту Павал Севярынец зазначыў Свабодзе, што некалькі назіральнікаў ужо накіраваліся ў розныя рэгіёны Ўкраіны. Заўтра-пасьлязаўтра да іх далучацца і іншыя:

«Для таго каб пацьвердзіць законнасьць і легітымнасьць гэтых выбараў, мы і арганізоўваем гэтае назіраньне».

А вось Партыя БНФ вырашыла не пасылаць сваіх назіральнікаў ва Ўкраіну. Старшыня партыі Аляксей Янукевіч тлумачыць гэтае рашэньне:

«Мы шмат з кім сябруем ва Ўкраіне. Але, я думаю, ім недарэчна зараз прымаць нашых назіральнікаў. Для таго каб забясьпечыць сапраўднасьць падліку галасоў за таго ці іншага кандыдата, украінцам патрэбная найперш прысутнасьць назіральнікаў з афіцыйным статусам міжнародных — з Рады Эўропы, са Злучаных Штатаў, зь міжнародных арганізацыяў. Менавіта яны могуць пацьвердзіць тое, што выбары адбыліся.

А мы, мабыць, там былі б другасныя. І таму мы вырашылі не навязвацца, хоць нам было б цікава. Але мы разумеем, што ў іх стаяць іншыя задачы».
XS
SM
MD
LG