Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнігаўцы абяцаюць беларусам «жывы калідор» — прыяжджайце


Ukraine - Presidential elections in Ukraine. Stand with agitation in Chernihiv, 21May2014

Ukraine - Presidential elections in Ukraine. Stand with agitation in Chernihiv, 21May2014

У суседнім зь Беларусьсю ўкраінскім Чарнігаве рыхтуюцца абіраць новага прэзыдэнта замест зьбеглага Януковіча і запрашаюць беларусаў часьцей прыяжджаць на тутэйшыя кірмашы і рынкі, каб аднаўляць эканамічныя стасункі.

Трохсоттысячны Чарнігаў запаланілі плякаты, стэнды, білборды кандыдатаў у прэзыдэнты. Кандыдатаў амаль два дзясяткі. Пятро Парашэнка заклікае «жыць па-новаму», Анатоль Грыцэнка абяцае «вярнуць Крым», Юля Цімашэнка — «абараніць Украіну», бо ўкраінцы — адзіны народ на ўсходзе і захадзе, Сяргей Цігіпка — «аднавіць парадак і падняць эканоміку», Алег Цягнібок наважаны задзейнічаць усю «ўкраінскую сілу». Нават Міхаіл Добкін, былы кіраўнік Харкаўскай вобласьці, кандыдат ад Партыі рэгіёнаў, заклікае зь білбордаў да «адзінства Ўкраіны».

Самі ж чарнігаўцы пакуль вызначаюцца, каб не прагадаць:

«Не схацелі тае ўлады — дык прагналі. А якая яна прыйдзе, дык хто ж яе ведае».

Спадар Уладзімер, бацька траіх дзяцей, лічыць, што новаму кіраўніку дзяржавы будзе няпроста спраўляцца ня толькі з падагрэтымі суседняй Расеяй сэпаратысцкімі плынямі, але й з эканамічнымі праблемамі:

«Тыя, хто быў пры ўладзе, яны пакінулі Ўкраіну бяз грошай, у вялікіх стратах. Калі Эўропа нам будзе дапамагаць, яна ўсё адно папросіць грошы назад, то бок на ўсе будучыя пакаленьні кладуцца даўгі. Цяпер дужа цяжкі час. Трэба ўсіх „смотрящих“ усюды прыбраць і знайсьці людзей прафэсійных, якія будуць краіну падымаць і ўсё рабіць для людзей».

Сталага веку гараджанін у тралейбусе выказаўся за Пятра Парашэнку, які, на ягоную думку, ужо ў першыя месяцы зможа рэальна падняць эканоміку Ўкраіны.

Тым часам прадпрымальнікі і бізнэсоўцы вельмі зацікаўленыя, каб беларусы як найхутчэй пачалі зноў езьдзіць у Чарнігаў. Такіх паездак сёлета значна паменела пасьля падзеяў у Кіеве ды шэрагу гарадоў на ўсходзе і поўдні.

Гаворыць чарнігаўскі прадпрымальнік Іван:

«Да нас, у Чарнігаў, у асноўным беларусы прыяжджалі па пакупкі. Цяпер мала хто езьдзіць — усе яшчэ баяцца. Дык перадайце: няхай не баяцца, няхай едуць да нас, мы дужа рады. Беларусам жа выгадна прыяжджаць. І нам трохі прыбытку, і беларусам таксама. Працы ж асаблівай нямашака. Радыёзавод не працуе. „Капрон“ — адзін цэх працуе, іншыя — не. Завод ЗАЗ крыху працуе. Раней была сумесная вытворчасьць зь беларусамі і расейцамі — шыны, запчасткі выраблялі. Цяпер аўтобусы, але толькі невялічкі цэх працуе.
Расея ня можа зьмірыцца, што Ўкраіна ідзе ў Эўразьвяз. Ня можа зьмірыцца і дараваць, што Ўкраіна будзе лепей жыць, чым Расея

Хто прыяжджае, то бачыць, што тут мірныя людзі. Ніхто нікога не дратуе, ня крыўдзіць. Ніколі не чакаў, што Расея падыме руку на Ўкраіну, нават і сон такі ня сьніўся. Ці то ў іх жорсткасьць такая, ці то ўсё робіцца празь Януковіча, якога людзі з ганьбай выгналі з Украіны. А Расея ня можа зьмірыцца, што Ўкраіна ідзе ў Эўразьвяз. Ня можа зьмірыцца і дараваць, што Ўкраіна будзе лепей жыць, чым Расея».

Яшчэ адна прадпрымальніца раіць ня слухаць расповедаў расейскіх мэдыяў, якія пра ўласаўцаў забыліся, а пра невядома якія разгулы бандэраўцаў суткамі апавядаюць. Суразмоўніца прапануе беларусам нават «жывы калідор»:

«Як што трэба, то мы станем ад беларускай мяжы да Чарнігава — „жывы калідор“ створым, каб толькі вы да нас ехалі. Вы ж баіцеся ехаць, дык мы вас абаронім. Калі толькі хоць аднаго беларуса пакрыўдзяць, то мы голымі рукамі тэрарыстаў паразрываем. Вашы няхай не баяцца, бо ў нас няма стратэгічнай зоны. Калі ў Данбасе, то там ёсьць за што біцца. А ў Чарнігаве нічога такога няма, апрача рынка. Наша вобласьць нікому не патрэбная ні за грошы, ні бяз грошай. Хоць да вас далучайся. Так што мы цалкам бясьпечная зона і дужа вас чакаем. І чарку нальем, і сала закусіць дамо, бо ваша не такое смачнае».

Чарнігаўцы насамрэч чакаюць беларусаў, бо памежны гандаль сёлета вельмі аслаб. Зь іншага боку, яны дбаюць і пра самаабарону. Пры чыгунцы блізу Дабранкі і перад райцэнтрам Рэпкі пры шашы выстаўленыя блёкпасты, прычым ля аўтамабільнай трасы ў неглыбокай траншэі стаіць нават танк.
Прадстаўнікі самаабароны сьцьвярджаюць, што такая перасьцярога — не ад беларусаў, а ад расейцаў, калі б тыя прарваліся праз блізкую беларускую тэрыторыю ва Ўкраіну.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG