Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьпіс Магніцкага» для Расеі пашыраны на 12 чалавек


Дзесяць зь іх лічацца датычнымі да справы Сяргея Магніцкага.

Аб пашырэньні «сьпісу Магніцкага» абвясьціла Міністэрства фінансаў ЗША. У новым сьпісе, у той яго вэрсіі, якая абвешчана публічна, прынамсі, фігуруюць дванаццаць чалавек. Дзесяць зь іх лічацца датычнымі да справы Сяргея Магніцкага.

Гэта былы ўласьнік «Унівэрсальнага банку зьберажэньняў» Дзьмітры Клюеў, судзьдзя Ігар Алісаў, былы кіраўнік кампаніі «Махаон» Вячаслаў Хлебнікаў, супрацоўнік фірмы «Парфянон» Віктар Маркелаў, былы намесьнік СІЗА «Бутырка» Дзьмітрый Кратаў, лекар гэтага СІЗА Ларыса Літвінава, былы сьледчы Андрэй Крэчат, муж былой кіраўніцы маскоўскай падатковай інспэкцыі № 28 Уладлен Сьцяпанаў, хірург СІЗА «Матроская цішыня» Аляксандра Гаўс і начальнік гэтага СІЗА Фікрэт Тагіеў.

Яшчэ два расейскіх грамадзяніна ў сьпісе — гэта целаахоўнік нябожчыка чачэнскага лідэра Арслан Масхадава Ўмар Сугаіпаў і ўраджэнец Чачні Муса Ваха, які ў Расеі паўстаў перад судом, але быў апраўданы па абвінавачваньні ў датычнасьці да забойства ў Маскве амэрыканскага журналіста Пола Хлебнікава.
У адпаведнасьці з прынятым у ЗША ў 2012 годзе «Актам аб вяршэнстве закона і падсправаздачнасьці імя Сяргея Магніцкага», супраць усіх гэтых асобаў будуць ужытыя фінансавыя санкцыі: іх актывы ў амэрыканскіх фінансавых інстытутах будуць замарожаныя. Ім таксама забаронены ўезд у Злучаныя Штаты.

Раней у «сьпіс Магніцкага » трапілі 18 расейскіх грамадзянаў, аднак, як і на гэты раз, нікога з буйных чыноўнікаў у сьпісе не было. Расчараваньне ў амэрыканскіх праваабаронцаў, у прыватнасьці, выклікае той факт, што ў сьпіс ня трапіў старшыня Сьледчага камітэту Расеі Аляксандар Бастрыкін.
«Ён павінен быць у гэтым сьпісе, таму, што ён узначальвае ўвесь рэпрэсіўны апарат, які Ўладзімер Пуцін выкарыстоўвае для падаўленьня апазыцыі і які залучаны ў карупцыю, — кажа праваабаронца і супрацоўніца онлайн-часопісу The Interpreter Катрын Фітцпатрык. — Зь імем Бастрыкіна зьвязаныя самыя абуральныя справы апошніх гадоў: ад „Балотнай справы“ да справы журналіста „Новай газэты“, якога Бастрыкін асабіста адвёз у лес, дзе пагражаў яму фізычнай расправай, у стылі трыццатых гадоў мінулага стагодзьдзя. Чалавек, які займаецца такім рэчамі, павінен быць у сьпісе».

Мяркуецца, што акрамя адкрытага сьпісу расейскіх грамадзянаў, якія трапілі пад санкцыі па «Акту Магніцкага», існуе таксама і нейкі сакрэтны сьпіс. Ва ўсякім выпадку, адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Барака Абамы па законе захоўвае права не агучваць ўвесь сьпіс. Фігуруе Бастрыкін ў гэтым сьпісе ці не, невядома. Але вядома, што яшчэ ў студзені чацьвёра ўплывовых сэнатараў прапаноўвалі ўключыць Бастрыкіна ў «сьпіс Магніцкага». Як паведамляе са спасылкай на дасьведчаныя крыніцы онлайн-выданьне The Daily Beast, у самы апошні момант у сьпіс быў унесены нейкі расейскі чыноўнік.

Адміністрацыя прэзыдэнта Абамы з самага пачатку вельмі прахалодна ставілася да самой ідэі прыняцьця «Акту Магніцкага», лічачы, што гэта можа адмоўна адбіцца на амэрыканска-расейскіх адносінах, але пасьля таго, як стала відавочна, што гэты закон карыстаецца падтрымкай большасьці заканадаўцаў, адміністрацыя зьняла свае пярэчаньні. Закон абавязвае адміністрацыю абнаўляць сьпіс штогод або паведамляць Кангрэсу аб тым, што неабходнасьці ў абнаўленьнях няма.

У красавіку сёлета Эўрапарлямэнт ухваліў свой "сьпіс Магніцкага", які складаецца з 32 прозьвішчаў.


У «сьпіс Магніцкага» ўваходзяць расейскія грамадзяне, якіх амэрыканскі бок абвінавачвае ў парушэньнях правоў чалавека і лічыць датычнымі да перасьледу і гібелі расейскага юрыста фонду Hermitage Capital Сяргея Магніцкага, які абвінаваціў расейскіх чыноўнікаў у махлярстве. Магніцкі быў узяты ў Расеі пад варту і памёр у маскоўскай турме «Матроская цішыня» ў 2009 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG