Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці пасьля наведваньня гінэколяга ў «Лодэ» памерла 21-гадовая дзяўчына


Упраўленьне Сьледчага камітэту Беларусі па Берасьцейскай вобласьці праводзіць праверку па факце сьмерці 21-гадовай жыхаркі Брэста, паведамляе БЕЛТА.

«Устаноўлена, што 20 траўня 2014 году ў рэанімацыйным аддзяленьні Берасьцейскай бальніцы хуткай мэдыцынскай дапамогі памерла 21-гадовая дзяўчына, якая 19 мая 2014 году з дыягназам „анафіляктычны шок на ўвядзеньне лекавых прэпаратаў“ была дастаўлена з мэдычнага цэнтру „Лодэ“, дзе наведвала лекара-гінэколяга», — распавялі ў УСК.

У мэдцэнтры, што на праспэкце Машэрава ў Берасьці, ёй рабілі лячэбную маніпуляцыю па праверцы праходнасьці матачных труб.

Сьледзтва высьвятляе ўсе акалічнасьці здарэньня. Апытваюцца сваякі дзяўчыны, яе знаёмыя, пэрсанал мэдцэнтру і бальніцы. Канфіскаваныя мэдыцынскія дакумэнты, а таксама лекавыя прэпараты, якія выкарыстоўваліся пры абсьледаваньні. Прызначана судова-мэдычная экспэртыза.

Упраўленьне аховы здароўя Берасьцейскага аблвыканкаму праводзіць праверку.

Стала вядома, што імя памерлай — Ірына Тромза.

Дырэктар Берасьцейскага філіялу шматпрофільнага мэдычнага цэнтру «ЛОДЭ» Ірына Калесьнікава ніякіх камэнтароў, што да трагічнага інцыдэнту, не дае. Яна толькі паведаміла, што створаныя адмысловыя камісіі для расьсьледаваньня трагічнага выпадку, вядзецца сьледзтва.
XS
SM
MD
LG