Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: сынтэтычныя наркотыкі наступаюць, у тым ліку ў Беларусь


Паводле новага дакладу офісу ААН па наркотыках і злачыннасьці за пэрыяд 2009–2012 гг., у Беларусі выяўлена і зьнішчана 1 амфэтамінавая і 17 мэтамфэтамінавых лябараторыяў.

Наша краіна — у ліку 94, дзе ў трывожнай колькасьці фіксуюцца выпадкі ўжываньня новых псыхатропных сродкаў, так званых спайсаў.

Сынтэтычныя наркотыкі, адзначае ААН, займаюць усё большую долю на рынку забароненых наркотыкаў, дзе доўгі час дамінавалі стымулятары амфэтамінавага шэрагу, такія як экстазі і мэтамфэтамін. Яны ўжываліся нават шырэй, чым какаін, опіюм або гераін.

У дакладзе ААН сьцьвярджаецца, што «прававыя максымумы» ўжо не абмяжоўваюць нішавыя рынкі. Гэта пацьвярджаецца тым, што наркотыкі даступныя па ўсім сьвеце. Агенцтва таксама заявіла, што амаль ва ўсіх рэгіёнах сынтэтычныя наркотыкі найбольш папулярныя сярод моладзі: 4,8% моладзі ва ўзросьце ад 15 да 24 гадоў экспэрымэнтавалі з новымі псыхатропнымі рэчывамі. Найвышэйшыя паказьнікі зарэгістраваныя ў Ірляндыі (16,3%), Польшчы (9%), Латвіі (8,8%) і Вялікабрытаніі (8,2%).
Распаўсюд мэтамфэтаміну і амфэтаміну ў краінах Эўропы ў 2010–2012 гадах

Распаўсюд мэтамфэтаміну і амфэтаміну ў краінах Эўропы ў 2010–2012 гадах



Беспрэцэдэнтны рост «легальных максымумаў» прывёў да ўзьнікненьня 348 новых відаў сынтэтычных наркотыкаў, якія выяўленыя ў 94 краінах па ўсім сьвеце, у тым ліку і ў Беларусі. Экспэрты ААН заявілі, што да гэтага часу ніводнае з 348 новых рэчываў, зарэгістраваных у сьвеце да канца 2013 году, не было пад міжнародным кантролем.

Галоўная небясьпека сынтэтычных наркотыкаў у тым, што ўзьдзеяньне іх на арганізм непрадказальнае. Пра гэта ў ранейшых інтэрвію Радыё Свабода заяўляў начальнік управы наркакантролю і процідзеяньня гандлю людзьмі МУС Беларусі Мікалай Карпянкоў:
«Гэта такія ж самыя наркатычныя рэчывы, як і ўсе астатнія. Яны танныя ў вытворчасьці. Яны ўзьдзейнічаюць на чалавека разбуральна, таксама як і наркатычнае рэчыва, а ў шмат якіх выпадках значна горш. Таму што ў іх прысутнічаюць некалькі відаў сынтэтычных наркотыкаў, і ўзьдзеяньне іх на чалавечы мозг непрадказальнае. Маладыя людзі пакурылі сумесі, і ў іх адбылося „прагараньне“ асобных участкаў галаўнога мозгу. Яны мяняюцца як асобы, яны ператвараюцца ў сацыяльны труп».

Лябараторыі па вытворчасьці сынтэтычных наркотыкаў, якія былі выяўленыя ў краінах Эўропы ў 2009–2012 гадах

Лябараторыі па вытворчасьці сынтэтычных наркотыкаў, якія былі выяўленыя ў краінах Эўропы ў 2009–2012 гадах



Ужываньне сынтэтычных наркотыкаў хутка спараджае залежнасьць. Пры аднаразовым ці двухразовым спажываньні разьвіваецца псыхалягічная залежнасьць, а праз 2–3 месяцы — фізычная. Кандыдат мэдычных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псыхічнага здароўя Міхаіл Важэнін з такімі пацыентамі сутыкаецца кожны дзень:
«Ідзе абвал, за тыдзень па 20–30 чалавек з псыхозамі пасьля ўжываньня курыльных сумесяў — чалавек адзін раз пакурыў і трапляе да нас з вострым шызафрэнічным псыхозам. Тут карціна ня тое што сумная — яна катастрафічная».
XS
SM
MD
LG