Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксандар Францкевіч: Міліцыі далі каманду зачышчаць усіх нядобранадзейных


Аляксандар Францкевіч з маці

Аляксандар Францкевіч з маці


Былога палітвязьня Аляксандра Францкевіча 20 траўня ўвечары павінны былі вызваліць з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў пасьля 25-суткавага арышту. Аляксандра каля 18-й гадзіны прыйшлі сустракаць дзясяткі два чалавек, але на Акрэсьціна яго ўжо не было. Як высьветлілася пазьней, супрацоўнікі турмы на Акрэсьціна прадчувалі, што Францкевіча будуць сустракаць родныя і сябры, і каб не дапусьціць гэтага, каля 16-й гадзіны пасадзілі ў машыну і павезьлі ў напрамку Дзяржынску.

Праз 2 гадзіны Аляксандра завезьлі ў Менск і высадзілі каля Савецкага РУУС на вуліцы Якуба Коласа.

Аляксандар Францкевіч падзяліўся з Радыё Свабода сваімі ўражаньнямі ад адседкі і вызваленьня.

Карэспандэнтка: «Які кантынгент сядзіць цяпер у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна?»

«Гэта, напэўна, нагадвае чымсьці маскоўскую Алімпіяду 1980 году, яшчэ ў СССР — зачыстка асацыяльных і проста пратэставых элемэнтаў. Там розныя людзі сядзелі, у тым ліку і фанаты футбольных клюбаў, і алькаголікі, і простыя людзі, у якіх ня склаліся адносіны з участковымі. Зараз міліцыі далі каманду зачышчаць усіх нядобранадзейных, так бы мовіць».

Карэспандэнтка: «А камэры перапоўненыя, калі столькі народу пасадзілі?»

«Не, не перапоўненыя. Проста цяпер два паверхі на Акрэсьціна аддадзеныя пад Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў, а два паверхі — пад ізалятар часовага ўтрыманьня. У ІЧУ сядзяць па крымінальных справах, і туды зараз пераводзяць тых, хто павінен у ЦІП утрымлівацца».

Карэспандэнтка: «Ці перасякаліся вы з палітычнымі, якіх адмыслова да чэмпіянату сьвету „зачысьцілі“?»

«Толькі эпізадычна, у дворыках для шпацыраў. Нас адмыслова „разводзілі“, каб мы як мага менш перасякаліся. Лепш, чым у СІЗА ці лягеры, але горш, чым магло быць на волі. Нічога там звышстрашнага няма, але нічога станоўчага таксама. Адзін раз на 7 дзён душ, трохразовае харчаваньне — карацей, камэрная сыстэма. Што тычыцца перадач, то цяпер увялі нейкае новае правіла, што прымаюць іх толькі ад блізкіх сваякоў. Раней мог хто заўгодна перадаваць, але хтосьці, мабыць палічыў, што зашмат вольнасьці, і ўвялі новыя парадкі — толькі ад сваякоў і раз на тры дні. Прынамсі, мне перадачы прыходзілі раз на тры дні».

Карэспандэнтка: «А харчаваньне — цярпімае ці зусім кепскае?»

«Цярпімае, насамрэч. Проста ў мяне ёсьць з чым параўноўваць: лепш за лягер. Ну, а так... Напэўна, для чалавека, які ўпершыню сюды трапляе і на волі меў нармальныя ўмовы пражываньня, гэта будзе шокам».

Карэспандэнтка: «Аляксандар, а што за дэтэктыўная гісторыя ўчора з вамі адбылася? Куды вас вазілі, што з вамі рабілі?»

«Я мяркую, што каб не сустрэлі сябры і родныя, мяне проста раней вывезьлі зь Менску і вярнулі празь некалькі гадзін ужо пад РУУС. Каб не маглі нават адсачыць, куды мяне вязуць. Вывезьлі на міліцэйскай машыне з гораду ў бок Дзяржынску, прастаялі ў полі пару гадзін і вярнулі ў горад».

Карэспандэнтка: «А чым яны тлумачылі вось такія дзеяньні?»

«Яны самі ня ведалі, што са мной рабіць, увесь час размаўлялі па тэлефонах. А потым мяне прывезьлі ў Савецкі РУУС, аддалі рэчы і адпусьцілі. Нічога не патлумачылі, ніякіх указаньняў не далі. А што ім са мной гаварыць, калі ўсё і так зразумела? Са мной нейкіх філязофскіх размоваў пра недапушчэньне чагосьці не праводзілі — ня бачаць, відаць, у іх сэнсу».

Карэспандэнтка: «А з працай у вас ня будзе праблемаў, непрыемнасьцяў?»

«Не-не, усё добра. Я калі вызваліўся, адразу прыйшоў на працу, усё нармальна. Я яшчэ калі ўладкоўваўся на працу, папярэджваў, што мне могуць зладзіць доўгія выходныя. Яны ўсё разумеюць».

__________________________________________

Аляксандар Францкевіч быў затрыманы 25 красавіка — напярэдадні традыцыйнага Чарнобыльскага шляху, калі вяртаўся з працы дадому. 28 красавіка суд Савецкага раёну Менску прысудзіў яму 25 сутак арышту нібыта за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі і нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы.
XS
SM
MD
LG