Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нават калі расейская Фэдэрацыя забароніць на сваёй тэрыторыі дзейнасьць амэрыканскай глябальнай навігацыйнай спадарожнікавай сыстэмы GPS, гэта не паўплывае на яе працу ў Беларусі.

Пра гэта сёньня заявіў у палаце прадстаўнікоў старшыня дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Рэспублікі Беларусь Сяргей Гурулёў. Ён патлумачыў гэта тым, што карыстальнікі глябальнай навігацыйнай спадарожнікавай сыстэмы GPS у Беларусі могуць прымаць сыгналы, якія ідуць са станцыяў, што зьмешчаныя на тэрыторыях Украіны і Польшчы.

Заяву пра тое, што Расейская Фэдэрацыя можа хутка забараніць дзейнасьць амэрыканскай глябальнай навігацыйнай спадарожнікавай сыстэмы на сваёй тэрыторыі нядаўна зрабіў віцэ-прэм’ер расейскага ўраду Дзьмітры Рагозін. Ён патлумачыў гэта тым, што амэрыканцы ня хочуць дазваляць дзейнасьць на сваёй тэрыторыі аналягічнай расейскай глябальнай навігацыйнай спадарожнікавай сыстэмы ГЛОНАСС.

Сяргей Гурулёў сказаў, што цяпер у сьвеце існуюць чатыры падобныя сыстэмы: амэрыканская, расейская, эўрапейская і кітайская. Беларускі спэцыяліст таксама сказаў, што валтузьня вакол гэтых сыстэмаў, на яго думку, нагадвае гульню мускулаў амэрыканцаў і расейцаў і зьвязаная з падзеямі ва Ўкраіне.

На думку старшыні дзяржкамітэту, цяпер больш сучаснай і дасканалай зьяўляецца амэрыканская глябальная навігацыйная спадарожнікавая сыстэма, але спадар Гурулёў спадзяецца, што і расейская сыстэма ГЛОНАСС хутка падцягнецца да ўзроўню амэрыканскай.
XS
SM
MD
LG