Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карэспандэнт «Новага часу» Зьміцер Галко цяпер у Данецку, дзе 20 траўня а 12 гадзіне дня меўся пачацца страйк супроць сэпаратызму. Да страйку заклікаў уладальнік мясцовых заводаў і шахтаў Рынат Ахметаў. Ці падтрымалі страйк працоўныя Данбасу? — запытаў карэспандэнт Свабоды ў Зьмітра Галко праз тэлефон а 17 гадзіне паводле менскага часу.

Зьміцер Галко: «Толькі вярнуўся з шахтаў, у тым ліку быў на вядомай шахце імя Засядзькі. Гэтая шахта, дарэчы, належыць не Ахметаву, а Яфіму Зьвягельскаму, дэпутату і бізнэсоўцу. Яны падтрымалі ідэю Ахметава, але як падтрымалі? Разумееце, тут усё адбываецца па-савецку. Бо гэта не ініцыятыва саміх шахцёраў, а ініцыятыва іхнага начальства. То бок яны проста зачынілі ўваходы, спынілі працу, а людзі вымушана апынуліся на вуліцы і вялі дыскусіі. З таго, што я патрапіў зразумець, прыхільнікаў „Данецкай народнай рэспублікі“ сярод шахцёраў вельмі няшмат. 10–15%, ня больш. Таксама вялікая рэдкасьць — займаць праўкраінскую пазыцыю. То бок большасьць абірае такі абывацельскі шлях: ну які там „Правы сэктар“? Вы нас палохаеце „Правым сэктарам“, а тут у цэнтры гораду ўзброеныя людзі стаяць, робяць невядома што, і нам гэта вельмі не падабаецца. Мы ня хочам, каб да нас прыходзілі людзі зь нейкай „Данецкай рэспублікі“ і яны будуць тут кожны тыдзень мяняць уладальнікаў шахты — нам гэта не падабаецца. Вось такая ў іх пазыцыя, у шахцёраў».

— На заклік Ахметава страйк меўся пачацца з гудку на прадпрыемствах а 12 гадзіне. Гэта адбылося?

— Апішу, што я бачыў. Я быў на заводзе «Донецкгормаш» — гэта прадпрыемства дакладна Ахметава. Мы прыехалі туды, а там быў перакрыты ўваход, і людзі, якія ішлі на зьмену, ці тыя, хто выходзіў у краму, проста не маглі туды трапіць. Што там адбывалася ўнутры, я ня ведаю, з намі ніхто не размаўляў, як і з тымі, хто ня мог вярнуцца на завод. Але сыгнал а 12 гадзіне сапраўды быў, вельмі моцны. Потым я паехаў на мэталюргічны завод, які Ахметаву не належыць. Здаецца, ён належыць камусьці з прарасейскіх дзеячаў, але ў іх таксама быў сыгнал. Прычым ахоўнікі патлумачылі, што страйку на заводзе няма, яны працуюць, а чаму быў сыгнал, яны ня ведаюць. Пра шахту Засядзькі я ўжо распавёў, там кіраўніцтва страйк падтрымала, і, у прынцыпе, я б сказаў, што шахцёры хутчэй падтрымліваюць, чым не. Большасьць за тое, каб нешта зрабіць і ўсталяваць нарэшце мір. Актыўных прарасейскіх настрояў на шахтах няма зусім. Але ёсьць і такія сьмешныя ды цікавыя назіраньні: пасьля Засядзькі мы паехалі на іншую шахту, адну з найглыбейшых шахтаў Эўропы. Яна нібыта належыць дзяржаве, але на гэтай шахце вісіць сьцяг ДНР. Страйку яны не падтрымлівалі і нічога не захацелі тлумачыць. Дарэчы, апроч гэтага сьцяга, там няма нічога, што яны падтрымліваюць гэтую рэспубліку, але тым ня менш».
Большасьць за тое, каб нешта зрабіць і ўсталяваць нарэшце мір. Актыўных прарасейскіх настрояў на шахтах няма зусім

— Ахметаў, ведаю, заклікаў яшчэ і аўтамабілістаў сыгналіць а 12 гадзіне. Гэта атрымалася?

— Гэта атрымалася. Аўтамабілісты гудзелі вельмі шмат. Прычым, як сказаў адзін таксіст, у іхнай фірме іх папрасілі езьдзіць сюды-туды па цэнтральнай вуліцы Арцёма і сыгналіць. Гэтая фірма таксовак зусім не належыць Ахметаву, але яны падтрымалі заклік.

— Ёсьць зьвесткі з Данецку, што каля бібліятэкі імя Крупскай людзі зь бітамі напалі на аўтамабілі, якія сыгналілі а 12 гадзіне, што ім білі шкло. Такое было?

— Пра гэта ня чуў, а вось ведаю, што цяпер на вуліцы Панфілава знаходзіцца вельмі шмат узброеных людзей, і ў тым ліку там стаіць БТР з надпісам «Батальён „Усход“». Тут не было яшчэ такога вялікага перасоўваньня людзей, якія ўзброеныя ня толькі аўтаматамі Калашнікава, але і гранатамётамі. Ніхто дакладна ня ведае, ці ён прарасейскі, ці не, але вядома, што не праўкраінскі.

— Сёньня праз інтэрнэт стала вядома пра рашэньне кіраўніцтва ДНР нацыяналізаваць прадпрыемствы ў Ахметава, бо ён, маўляў, ня плаціць падаткаў у казну ДНР. Якая рэакцыя людзей?

— Тут пра гэта і раней паведамлялі. Магчыма, гэта і падштурхнула яго да пэўных дзеяньняў.

Падчас размовы са Зьмітром Галко ў слухаўцы некалькі разоў гучала сырэна хуткай дапамогі. Перад размовай Зьміцер папярэджваў, што ён на вуліцы ў цэнтры гораду і можа гаварыць ня вельмі гучна, бо ўжо бывала, што ягоную беларускую мову прымалі за ўкраінскую.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG