Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітоляг Андрэй Казакевіч: «Раскол Украіны ня мае палітычнай пэрспэктывы»


Андрэй Казакевіч

Андрэй Казакевіч

Украінская нацыя пасьпяхова прайшла тэст на сваю сфармаванасьць і цэласнасьць, лічыць доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч. На ягоную думку, насельніцтва, якое апынулася ў закладніках сэпаратыстаў у Данбасе і на Луганшчыне, хоча спакою, а сам сэпаратысцкі рух без падтрымкі Расеі захлынецца.

Андрэй Казакевіч заўважае, што цяпер ва ўсходняй Украіне вядзецца інфармацыйная вайна і разабрацца ў прычынах мясцовага сэпаратызму складана. Тым ня менш, на ягоную думку, сэпаратысцкая актыўнасьць назіраецца там, дзе вялікі працэнт расейцаў.

«У Данбасе прыкладна палова насельніцтва ідэнтыфікуе сябе як этнічныя расейцы. Не расейскамоўныя, а менавіта расейцы. На Луганшчыне ўкраінцаў болей, але расейскі сэгмэнт таксама вялікі. Вось у гэтых рэгіёнах сэпаратысцкія настроі асабліва моцныя», — зазначае палітоляг. — Гэты фактар стварае больш спрыяльнае асяродзьдзе для прарасейскіх і сэпаратысцкіх ідэяў».

Адкідаць сацыяльныя чыньнікі незадаволенасьці людзей жыцьцём у Данецкай і Луганскай абласьцях ня варта, засьцерагае палітоляг. Мясцовае насельніцтва не давярае кіеўскай уладзе. Тым ня менш, калі б у сытуацыю ня ўмешваліся зьнешнія сілы, расейцы, яна б не была такой радыкальнай.

Вялікі наплыў расейцаў у Данбас, кажа суразмоўнік, адбыўся за часамі савецкай індустрыялізацыі.

Андрэй Казакевіч зазначае, што апошнія месяцы ўкраінская нацыя праходзіла тэст на сваю цэласнасьць і сфармаванасьць. Яго яна прайшла пасьпяхова, лічыць палітоляг. І цяпер, кажа ён, калі і можа весьціся гаворка пра падзел Украіны, то толькі ў рэчышчы «адколу» дзьвюх абласьцей. Такое разьвіцьцё падзеяў залежыць цяпер толькі ад пазыцыі Расеі, мяркуе Андрэй Казакевіч:

«Калі сэпаратысцкім уладам будуць дадзеныя палітычныя гарантыі, гарантыі эканамічнай дапамогі ды нават гарантыі ўваходжаньня ў склад Расеі, то „адкол“ можа мець нейкую палітычную пэрспэктыву. Калі ж гэтага не адбудзецца, то ніякіх пэрспэктываў ня будзе. Без глыбокага ўмяшаньня Расеі сэпаратысцкі рух, скіраваны на аддзяленьне ад Украіны ці стварэньне канфэдэрацыі з Украінай, зноў жа ня мае палітычнай пэрспэктывы».
Без глыбокага ўмяшаньня Расеі сэпаратысцкі рух ня мае палітычнай пэрспэктывы
Палітоляг лічыць, што бальшыня мясцовага насельніцтва Данбасу і Луганшчыны не ўсьведамляе, што яна будзе мець ад аўтаноміі. У гэтых рэгіёнах, кажа ён, насельніцтва індыфэрэнтнае да палітыкі — ім хочацца спакою.

Што да астатніх рэгіёнаў Украіны, то Андрэй Казакевіч зазначае: глебы для сэпаратызму там няшмат. «Супраціў насельніцтва сэпаратысцкім ідэям значна больш трывалы за прарасейскія праявы актыўнасьці», — кажа палітоляг.

У Беларусі сытуацыю накшталт той, як у Данбасе ці на Луганшчыне, заяўляе Андрэй Казакевіч, цяжка адшукаць. Разьвіцьцё падзеяў у Беларусі паводле ўкраінскага сцэнару, на яго думку, малаверагоднае. «Нацыянальны склад беларускіх рэгіёнаў больш гамагенны», — даводзіць палітоляг.

Андрэй Казакевіч, тым ня менш, зьвяртае ўвагу на ўсходнюю Віцебшчыну разам зь Віцебскам. На ягоную думку, насельніцтва гэтай часткі Беларусі за савецкім часам было моцна зьнітаванае з Расеяй. Гэтыя сувязі застаюцца моцнымі і дагэтуль. Зносіны, кажа палітоляг, застаюцца больш шчыльнымі з расейскімі гарадамі, чым зь Менскам.

«У дзевяностыя гады тут былі дужа моцныя асяродкі прарасейскай арганізацыі Славянскі сабор „Белая Русь“. Асяродкі менавіта расейскіх арганізацыяў, а не прарасейскіх, застаюцца моцнымі і дагэтуль. Той жа самы Герашчанка. Вы ж памятаеце, які быў скандал зь яго звальненьнем», — даводзіць Андрэй Казакевіч.

Палітоляг адзначае, што ўплыў шчыльных сувязяў з Расеяй адбіваецца і на электаральных паводзінах мясцовых беларусаў. Яны нестабільныя, кажа Андрэй Казакевіч. Палітоляг нагадвае, што Віцебская вобласьць адна з апошніх была інтэграваная ў склад БССР.

Доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч працуе старшым навуковым супрацоўнікам Унівэрсытэту Вітаўта Вялікага (Літва). Ён дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра».
XS
SM
MD
LG