Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада Беларусі ва Ўкраіне шукае зьвесткі пра Шабаліна


Вось што адказаў карэспандэнту Свабоды Сяргей Бобаў, старшы дарадца па консульскіх пытаньнях амбасады:


«Пра яго мы ведаем толькі тое, што ёсьць у мэдыях. Учора, 19 траўня, мы накіравалі афіцыйную ноту ў МЗС Украіны з просьбай патлумачыць сытуацыю і максымальна праінфармаваць нас па сутнасьці інфармацыі, якая зьявілася. Але пакуль, паводле стану на 12.30 па мясцовым часе, зьвестак, якія б абвяргалі ці пацьвярджалі затрыманьне грамадзяніна Беларусі Шабаліна, не зьявілася».

Паводле спадара Бобава, раней пра грамадзяніна Беларусі Шабаліна ва Ўкраіне ў амбасадзе нічога ня ведалі.

«Раней афіцыйнага паведамленьня пра затрыманьне Шабаліна з праваахоўных органаў ці ад іншых кампэтэнтных органаў у нас не было», — сказаў Сяргей Бобаў.

Сяргей Бобаў распавёў пра цяжкасьці, зь якімі сутыкнулася амбасада Беларусі ў пошуках зьвестак пра беларусаў:

«СБУ Ўкраіны на дзяржаўнай мове паведамляе пра затрыманьне „О.Шабаліна“, што можа азначаць „Олександр“ ці „Олексій“. Таксама невядомы год нараджэньня гэтага чалавека. Але пошукі працягваюцца».

19 траўня СБУ паведаміла пра затрыманьне грамадзяніна Беларусі Шабаліна, які нібыта быў сябрам прарасейскай радыкальнай арганізацыі і ў складзе групы рыхтаваў тэракт у Адэсе 18 траўня. Таксама Шабалін, як заявіла СБУ, плянаваў стварыць групу наёмнікаў для дывэрсіяў у Луганскай вобласьці Ўкраіны, за што нібыта атрымаў грошы.
XS
SM
MD
LG