Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дашкевіч: Калі «агенты Сані» прайграюць у хакей — усё Акрэсьціна радуецца


Зьмітра Дашкевіча вызвалілі 19 траўня пасьля 25-суткавага арышту, які ён адбываў нібыта за парушэньне ўмоваў прэвэнтыўнага нагляду.

Прыблізна ў 21.40 Зьмітра высадзілі за пару кварталаў ад дома. З усім клункамі, што накапіліся больш як за тры тыдні адседкі, ён прыйшоў дахаты, дзе яго ўжо чакала жонка Наста.

Да вызваленьня Зьмітра звазілі ў РУУС, дзе пісьмова папярэдзілі, што ў выпадку наступнага парушэньня супраць яго будзе заведзеная крымінальная справа. Радыё Свабода паразмаўляла са Зьмітром і ягонай жонкай Настай літаральна праз некалькі хвілін пасьля вызваленьня.

Зьміцер выглядае добра і не згубіў свайго надзвычайнага пачуцьця гумару.

Пра чэмпіянат

«Радыё, бывала, ў працавала ў спэцпрыёмніку і таму сачылі за чэмпіянатам па хакеі. Канечне, калі „агенты Сані“ прайгравалі — усе вельмі радаваліся. Таму што ўвесь прыёмнік там сядзіць менавіта з-за хакейнага чэмпіянату. Раю ўсім заўзятарам заехаць у ізалятар на Акрэсьціна і пазаўзець. Бо найбольш заўзеецца за беларускі хакей менавіта ў спэцпрыёмніку. Нідзе так не заўзеецца, як на сутках».

Пра Акрэсьціна

«Акрэсьціна падчас чэмпіянату — гэта гарбуз, які трашчыць па швах. У гэтым будынку чатыры паверхі. Два ізалятарскія і два крымінальныя. На апошніх двух паверхах па апошніх дадзеных каля 150 чалавек. З 5–6 траўня людзей возяць у Жодзіна, бо ўжо няма іх дзе там трымаць. Апошнія дні іх там сядзела і па восем чалавек у камэры і па колькі заўгодна. Траціна — прастытуткі, напэўна, траціна — апазыцыя, траціна — відаць, п’янтосы. Гэта, канечне, усё прыблізна, статыстыкі няма. Але столькі жанчын я ніколі не бачыў. Жанчыны жыцьцём пабітыя. Мне спадабалася, як адзін дзяжурны сказаў: „Дзяўчаты, вы не хвалюйцеся, хоць адпачнёце“. Яны, праўда, расстроеныя з-за гэтага адпачынку».

Пра затрыманьне

«Адзін пратакол у мяне стандартны „парушэньне прэвэнтыўнага нагляду“ і яшчэ адзін „сядаў на зямлю, упіраўся“. Я ўжо думаў, што няма лёгікі мяне садзіць на 25 сутак да 19-га, калі чэмпіянат да 25 чысла. Але там, відаць, свая лёгіка. Інспэктар, зь якім я сёньня размаўляў, нібыта быў зьдзіўлены, што ў мяне ёсьць гэты другі пратакол. Ня ведаю, можа і ўдаваў».

Пра сукамэрнікаў

«Першыя сутак дзесяць сядзеў у камэры на шэсьць чалавек. «Элтэпэшнікі, п’яніцы — гэта доўга распавядаць, розныя людзі па розных прычынах. Дробны крадзеж, яшчэ нешта. Я ўвесь час скандаліў, дамагаўся, каб альбо адчынялі вокны, альбо пераводзілі ў меншую камэру, пісалі скаргі з адвакатам. Сутак дзесяць я адседзеў, і мяне перавялі ў двухмясцовую камэру.

Спачатку я сядзеў зь нейкім афрыканцам, які сядзіць там ужо, кажуць, каля года. Прыехаў вучыцца на лётчыка. Марыў лятаць, а прыйшлося сядзець. Бедалагу давялі да таго, што ён 24 гадзіны ў суткі ляжыць. Матрац прыбраў, накрываецца коўдрай і ляжыць. Падымаецца толькі на паверку, паесьці, па патрэбах схадзіць. Не размаўляе, хаця кажуць, што ён валодае і расейскай мовай, і ангельскай. Я спрабаваў зь ім камунікаваць, але ён ніяк — махае рукамі і ні з кім не гаворыць.Ні мыцца ня ходзіць, нікуды. Я падумаў — хоць бы не прыдушыў (сьмяецца). Але пабачыў, што калі той бярэ суп, дык перажагнаўся. Ну думаю, калі і прыдушыць, то ўжо ня так хутка (ізноў сьмяецца)».

Па гэты бок кратаў. Аповяд Насты

Наста Дашкевіч усе гэтыя тыдні насіла Зьмітру перадачы на Акрэсьціна. Перадачы прымаюць толькі ад сваякоў.

Наста распавяла Свабодзе:

«Я скажу, што ёсьць розныя супрацоўнікі. Ёсьць тыя, у каго захавалася чалавечнасьць, а ёсьць тыя, для каго загад вышэйшы за сумленьне. Вельмі крыўдна было, калі другія людзі трапляліся часьцей. Былі выпадкі, калі не бралі перадачы без аніякага лягічнага тлумачэньня чаму. Сытуацыя такая, што правілаў не існуе, яны нідзе „не вісяць“. Мала таго, што ты і так падпарадкоўваесься таму, што яны табе кажуць на словах, ты гэта маеш на ўвазе, выконваеш, а пасьля яны кажуць: „Ведаеце, я нешта сёньня ў вас не хачу прымаць перадачу. Буду заўтра“. Пры тым там няма дзе ані прысесьці, анічога.

Паўтары гадзіны прастаяўшы на сонцы, ты заходзіш — а табе кажуць: „Ведаеце, заўтра“. Гэта было непрыемна. У мяне тэрмін цяжарнасьці такі, што ўжо ня трэба і казаць, што я цяжарная. Але я ніколі гэтым не спэкулюю — ані ў крамах, ані ў чэргах. Мне самой гэта непрыемна, я нармальна сябе адчуваю. І гэта быў адзін зь нешматлікіх выпадкаў, калі я хацела заклікаць да іхнага сумленьня і сказала: „Слухайце, я паўтары гадзіны ў гэтай чарзе зь пяцікіляграмовай перадачай, можа, вы яе прымеце?“ На гэта мне сказалі: „Тут усе ў курсе, што вы цяжарная, прыходзьце заўтра“. І гэта ня толькі да мяне такое стаўленьне. Я размаўляла там і зь іншымі сваякамі, і іх таксама адпраўлялі назад».

Былы палітвязень Зьміцер Дашкевіч быў засуджаны Першамайскім судом Менску на 25 сутак за непадпарадкаваньне міліцыі і парушэньне парадку прэвэнтыўнага нагляду.
XS
SM
MD
LG