Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19 траўня ў Бабруйску адкрыўся музэй сталінскіх рэпрэсіяў. Ён месьціцца на сядзібе мясцовай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

У экспазыцыі — зьвесткі пра рэпрэсаваных беларускіх пісьменьнікаў, сьвятароў, дзеячаў культуры, простых людзей, зьвязаных паходжаньнем з Бабруйскам і Бабруйскім раёнам. Экспазыцыя ахоплівае 20–50-я гады 20 стагодзьдзя.

На адкрыцьцё музэю «Ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў прысьвячаецца» прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. У кутку сядзібы партыйнай арганізацыі — два стэляжы з фатаздымкамі ды кароткімі біяграмамі рэпрэсаваных. Сярод іх — Барыс Мікуліч, Сяргей Грахоўскі, Платон Галавач, Мікалай Азбукін ды іншыя. У папках, якія побач, больш разгорнутыя зьвесткі пра тых, хто зазнаў гвалт сыстэмы.

Ідэя стварыць музэй належыць грамадзкай актывістцы Вользе Піманавай. Яна зьбірала і працягвае зьбіраць матэрыялы для экспазыцыі. Кажа, што сабрала зьвесткі на больш як 100 рэпрэсаваных. Актывістка лічыць, што наведнікі музэю павінны ўявіць маштаб і жудасьць рэпрэсіяў:

«Хай людзі пабачаць на ўласныя вочы, што гэта ўсё было. Многія ж ня вераць, што гэта было. Некаму і да сёньня ляўры Сталіна спакою не даюць. Але гэта ўсё было, і столькі людзей пацярпела. Каб тыя, хто ня верыць, пабачыўшы экспанаты, сказалі: «Гэта жах, гэта злачынства, гэта вар’яцтва — такога не павінна быць. Мы зробім усё, каб такога больш на зямлі не было. Каб не адбывалася гвалту над асобай», — тлумачыць галоўную ідэю музэю Вольга Піманава. Пасьведчаньне Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў

Пасьведчаньне Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў


Ініцыятарка музэю ня ведае, ці былі ў ейным родзе рэпрэсаваныя. Кажа, што такія зьвесткі шукае. Не выключае, што маглі быць сярод сваякоў і тыя, хто даносіў.

Саму Вольгу Піманаву судзілі за ўдзел у акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў 2010 годзе. Ад арышту ўратавалі малыя дзеці. Пакаралі яе штрафам. Суткі правяла ў турме на Акрэсьціна. Наведнікі пішуць лісты цяперашнім палітвязьням

Наведнікі пішуць лісты цяперашнім палітвязьням


Ад 1995 да 2002 году ў Бабруйску быў музэй палітычных рэпрэсіяў. Месьціўся ён на сядзібе мясцовай суполкі Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Потым экспанаты вывезьлі ў Менск, і лёс іх, кажуць у Бабруйску, невядомы. Саму суполку ліквідавалі ў 2009 годзе. Вольга Піманава кажа, што ёй удалося адшукаць і ўратаваць архіў суполкі, які зьбіраліся здаць у макулятуру. Цяпер ён вывучаецца.

Бабруйскі журналіст Анатоль Санаценка быў сярод тых, хто прыйшоў на адкрыцьцё музэйнай экспазыцыі. Ён зазначае, што прамінулыя дзесяцігодзьдзі ані ня зьменшылі актуальнасьці такога музэю для Бабруйску і ўсёй Беларусі.

«Суду гісторыі не адбылося, — даводзіць журналіст. — У нас, як і раней, ёсьць і рэпрэсіі, і палітвязьні. Пэрыяд музэйнай экспазыцыі павінен азначацца гэтак: «Музэй ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 20 стагодзьдзя і пачатку 21 стагодзьдзя».

Анатоль Санаценка неаднойчы пісаў пра суполку Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, пра яе справы і праблемы. Да сёньняшняй імпрэзы журналіст адшукаў дакумэнтальную стужку пра зьніклы музэй і яго заснавальніцу Ганну Бакач, якой сярод жывых ужо няма. Фільм паказалі на адкрыцьці музэйнай экспазыцыі. Успаміны аднаго з рэпрэсаваных

Успаміны аднаго з рэпрэсаваных


Бабруйская журналістка Алеся Скапінцава ня раз пісала пра сучасныя рэпрэсіі ды перасьлед актывістаў апазыцыі. Сёньня яна таксама прыйшла на адкрыцьцё музэю.

Журналістка зазначае, што цяперашняя моладзь мала цікавіцца гадамі сталіншчыны. А варта было б, кажа яна. Сталінскія рэпрэсіі дужа моцна паўплывалі на Беларусь:

«Было зьнішчана дужа шмат разумных людзей. Самыя лепшыя і былі зьнішчаныя. Адзінкі толькі выжылі. Нібы дзірка ў пакаленьнях атрымалася. Калі б іх ня зьнішчылі, то нам было б прасьцей рухацца наперад».

Пабачыць экспазыцыю музэю можа кожны ахвотны. У партыйным офісе заяўляюць, што зьбіраюцца распаўсюджваць абвесткі пра час працы музэю. Яго стваральнікі будуць удзячныя тым, хто далучыцца да збору зьвестак пра рэпрэсаваных, каб экспазыцыя папаўнялася.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG