Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманыя ў Гомелі намесьнікі старшыні аблвыканкаму — Віктар Банчук і Віктар Трызна


Сьледчы камітэт абнародаваў імёны затрыманых 19 траўня ў Гомелі двух намесьнікаў старшыні аблвыканкаму — гэта першы намесьнік Віктар Банчук і намесьнік Віктар Трызна.

Іх абвінавачваюць у злоўжываньні ўладаю й службовымі паўнамоцтвамі. Генпракуратура на падставе матэрыялаў галоўнай управы па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС распачала супраць затрыманых чыноўнікаў крымінальную справу паводле часткі 3 артыкула 124 Крымінальнага кодэксу.

Банчука і Трызну прызначылі на пасады ў адзін дзень — 3 студзеня 2013 году.

Віктар Банчук пасьля сельгасінстытуту сваю кар’еру пачынаў аграномам- насеньняводам у Магілёўскім раёне. А пасьля перабраўся на радзіму — у Калінкавіцкі раён, дзе працаваў у адной гаспадарцы зь нядаўна асуджаным на 5 гадоў турмы былым старшынём Гомельскага гарвыканкаму Віктарам Піліпцом. Тры гады Банчук ачольваў саўгас «Азарычы», а пасьля быў першым намесьнікам, начальнікам сельгасуправы і харчаваньня Калінкавіцкага райвыканкаму. З 2004 году да прызначэньня на пасаду першага намесьніка старшыні аблвыканкаму быў старшынём Рагачоўскага райвыканкаму. Мясцовы інтэрнэт-партал vrogacheve.ru у свой час пісаў, што старшыня Банчук пападаўся нават інспэктарам ДАІ п’яным за рулём, але яго «адмазалі», а рэдактар інтэрнэт-рэсурсу трапіў пасьля гэтага пад розныя праверкі.

У аблвыканкаме Банчук курыраваў аграрную галіну. Ягоны папярэднік Аляксандар Баранаў быў зьняты з пасады ў сувязі з «кватэрнай справай Піліпца», у якой фігуравала багата гомельскіх чыноўнікаў.

Прыкладам Баранава ды іншых чыноўнікаў кіраўнік дзяржавы праілюстраваў практыку «перасаджваньня» карумпаваных чыноўнікаў з аднаго цёплага месца на іншае:

«Мяркуйце самі, за махінацыі з продажам кватэраў у Гомелі з пасады першага намесьніка старшыні аблвыканкаму быў вызвалены Баранаў. Пасьля чаго ён уладкаваўся першым намесьнікам дырэктара Беларуснафта-Гомельаблнафтапрадукта».

Па той жа «кватэрнай» крымінальнай справе праходзіў і былы першы намесьнік старшыні Гомельскага гарвыканкаму Ранько, які перасеў у крэсла дырэктара філіялу Гомельскай мантажнай управы «Трэст Белсантэхмантаж № 1».

За мінулыя паўтара года працы ў аблвыканкаме Віктар Банчук, які да гэтага часу скончыў і Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь, нейкіх заўважных рэформаў у сельскай гаспадарцы рэгіёну не распачаў.

Віктар Трызна быў у аблвыканкаме за галоўнага ідэоляга. Раней ачольваў управу арганізацыйна-кадравай працы, якая, апрача кадраў, займалася яшчэ і арганізацыяй усіх выбарчых кампаніяў. У аблвыканкам Трызна прыйшоў з вытворчага аб’яднаньня «Ратон» і лічыўся вылучэнцам колішняга намесьніка старшыні аблвыканкаму, а пазьней прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага.

У чым канкрэтна абвінавачваюцца абодва намесьнікі абласнога кіраўніка, Сьледчы камітэт не раскрывае. Ніякай інфармацыі не дае і галоўная ўправа ідэалягічнай працы аблвыканкаму. Пакуль Сьледчы камітэт ня выпусьціў сваё паведамленьне, тут адмаўляліся называць нават прозьвішчы затрыманых намесьнікаў.

Выглядае, у Гомелі разварушылі цэлыя «асіныя гнёзды» карупцыянэраў. Ня так даўно за хабар быў арыштаваны намесьнік старшыні суду Савецкага раёну Юры Жораў. Нядаўна за краты трапіў, таксама за хабар, намесьнік начальніка крымінальнай міліцыі УУС Гомельскага аблвыканкаму палкоўнік Вячаслаў Іваненка.

У сёлетнім пасланьні да беларускага народу і парлямэнтарыяў Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Гомелі карупцыя пранікла нават у тыя дзяржаўныя органы, якія павінны ўзначальваць барацьбу зь ёю, і гэтая нечысьць будзе «выпальвацца гарачым жалезам». Пры гэтым кіраўнік дзяржавы прыўзьняў заслону над раптоўным звальненьнем начальніка Гомельскай абласной управы КДБ Івана Ляскоўскага з фармулёўкай «за неналежнае выкананьне службовых абавязкаў». Аказваецца, супраць Ляскоўскага і трох іншых кіраўнікоў управы КДБ распачата крымінальная справа за тое, што яны, як сказана ў пасланьні, «арганізавалі „заказную“ праверку камэрцыйнай структуры ў інтарэсах канкурэнтаў».

Праўдападобна, што «выпальваньне карупцыі гарачым жалезам» сапраўды пачалося, прычым «выпальваюць» найперш намесьнікаў.
XS
SM
MD
LG