Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор папрасіў для экс-дырэктаркі «Слодыч» 5 гадоў калёніі


Дзяржаўны абвінаваўца папрасіў суд пакараць былую дырэктарку кандытарскай фабрыкі «Слодыч» Тацяну Селіх пяцьцю гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Рашэньне суду Першамайскага раёну Менску будзе абвешчана 26 траўня.

Адвакат папрасіў для Селіх апраўдальнага прысуду.

Упраўленьне Сьледчага камітэту па Менску ўстанавіла, што дырэктарка фабрыкі распарадзілася набыць за кошт прадпрыемства ў камэрцыйнай фірмы спэцыяльнае абсталяваньне для падслухоўваньня ды гуказапісу і ўсталяваць яго ў службовых памяшканьнях. Пры гэтым уся інфармацыя пра размовы супрацоўнікаў акумулявалася на кампутары кіраўніка, а гэта парушэньне таямніцы тэлефонных і іншых перамоў.

Былой дырэктарцы прад’явілі абвінавачаньне па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Дзеяньні службовай асобы кваліфікаваныя як арганізацыя незаконнага вырабу і збыту спэцыяльных тэхнічных сродкаў, прызначаных для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі і злоўжываньня службовым становішчам у асабістых інтарэсах, што нанесла прадпрыемству шкоду ў асабліва буйным памеры.

Абвінавачаная адмовілася ад супрацоўніцтва з органам крымінальнага перасьледу, спрабавала перашкаджаць дзеяньням сьледчых і не прызнала сваёй віны ў інкрымінаваных ёй злачынствах.

Былую дырэктарку фабрыкі «Слодыч» затрымалі ў сярэдзіне сьнежня 2013 году.
XS
SM
MD
LG