Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яцанюк: Выбары пройдуць па ўсёй Украіне


Пра гэта кіраўнік часовага ўраду Ўкраіны заявіў сёньня падчас сэлектарнай нарады ў Кіеве, паведамляе «Украінская праўда».

«Неабходна правесьці выбары ва ўсіх без выключэньня абласьцях краіны. Мы ўсьведамляем, што ў некаторых месцах будуць цяжкасьці з правядзеньнем выбарчай кампаніі, але такіх месцаў мала і гэта не паўплывае на вынікі выбараў», — адзначыў Арсень Яцанюк.

«Ва Украіне пройдуць легітымныя выбары, і ва Ўкраіне зьявіцца легітымны і законна абраны прэзыдэнт», — падкрэсьліў ён.

Ён заявіў, што асаблівую ўвагу падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі трэба надаць абароне чальцоў акруговых і тэрытарыяльных выбарчых камісій.

«Важнае пытаньне — забесьпячэньне правапарадку і бясьпекі як для тых, хто прыходзіць галасаваць, гэтак і для тых, хто лічыць гэтыя галасы», — адзначыў прэм’ер.

Паводле яго ў Луганскай і Данецкай абласьцях будзе наладжаная асобная схема для забесьпячэньня правапарадку падчас выбарчага працэсу.

Кіраўнік МУС Арсэн Авакаў паведаміў падчас нарады, што міліцыя мае інфармацыю пра магчымыя правакацыі і спробы сарваць выбары, але яна ўжо распрацавала апэратыўныя і практычныя пляны для супрацьдзеяньня гэтаму ў Данецкай і Луганскай абласьцях.

Сацыёлягі адзначаюць нізкую цікавасьць да выбараў жыхароў ўсходніх абласьцей, якія ахопленыя ўзброеным супрацьстаяньнем паміж сілавікамі і сэпаратыстамі. Паводле апытаньняў ў Данбасе на выбары гатовы прыйсьці толькі кожны пяты.

Больш за тое, ваеўнікі ўжо заявілі, што не прызнаюць прэзыдэнцкія выбары 25 траўня і будуць перашкаджаць іх правядзеньню. У апошні час пачасьціліся захопы будынкаў выбаркамаў, а таксама іх чальцоў.

Намесьнік старшыні ЦВК Андрэй Магера на згаданай нарадзе заявіў, што папярэднія сьпісы выбаршчыкаў атрымалі толькі 26% участковых выбарчых камісій у Данецкай і 16% — у Луганскай абласьцях.

Магера падкрэсьліў, што гаворка ідзе пра папярэднія сьпісы выбаршчыкаў, а ўжо праз некалькі дзён ўчастковыя выбаркамы павінныя сфармаваць удакладненыя сьпісы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG