Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў кватэры Сідаровіча было шмат крыві?


Зьміцер Сідаровіч

Зьміцер Сідаровіч

18 траўня ў сваёй кватэры быў знойдзены мёртвым вядомы беларускі бард, паэт і музыка Зьміцер Сідаровіч. Ці можа быць у гэтай сьмерці крымінальны сьлед, высьвятляў наш карэспандэнт Алег Грузьдзіловіч.

Зьмітру Сідаровічу ішоў 49-ты год. Ці мае пад сабой падставы крымінальная вэрсія заўчаснай сьмерці паэта і музыкі? Паводле сьпявачкі Тацяны Матафонавай, якая працавала разам са Зьмітром Сідаровічам у шматлікіх музычных праектах, падставай для падазрэньняў наконт забойства стала тое, што ў кватэры сьведкі ўбачылі шмат крыві. Але пазьней яна вырашыла, што больш імаверная вэрсія — сьмерць у выніку адрыву тромба. «Гэта як зламаны тэлефон. Кожны кажа: а, калі лужына крыві, дык ці забілі, ці сам гэта зрабіў. Нешта непрыгожае. І ніхто ня мае ўяўленьня, што пры такой хваробе, як варыкознае расшырэньне венаў, можна вось так памерці».

У кватэры Зьмітра Сідаровіча, як кажуць сьведкі, ужо пабывалі сьледчыя. Адмыслоўцы тлумачаць, што ў падобных выпадках міліцыя зьяўляецца абавязкова і робіць агляд памяшканьня, вынікі якога будуць матэрыялам для праверкі на прадмет таго, ці заводзіць крымінальную справу. Спраўджваюць і тое, ці не было гэта самагубства. Ці мог Зьміцер Сідаровіч сам пайсьці з жыцьця?

У суботу 17 траўня Зьміцер Сідаровіч меўся выступаць на вечарыне разам зь Любоўю Сівуравай. Але на выступленьне не зьявіўся, хоць, як згадвае спадарыня Сівурава, напярэдадні, у пятніцу ўвечары, сам зьвязаўся зь ёй праз тэлефон і нагадаў, што ўзяць з сабою. Любоў Сівурава кажа, што намеру пайсьці з жыцьця Зьміцер Сідаровіч не выказваў. Наадварот, ён як ніколі быў повен жыцьцёвых плянаў, як творчых, гэтак і побытавых. У прыватнасьці, плянаваў гэтым летам набыць бэтонамяшалку і будаваць лецішча. Наяўнасьць крыві ў кватэры Зьмітра Сідаровіча Любоў Сівурава тлумачыць раптоўным разрывам венаў.

«Калі тромб перакрывае вену, то вена недзе лопаецца. Бо гэта вена, у ёй вянозная кроў, яна проста сьвішча. І калі адразу не дапамагчы чалавеку, ён памірае. Пачытайце пра трамбоз і тромбафлебіт глыбокіх венаў — стане зразумела, што пагроза летальнага канца ёсьць заўсёды. І чым вышэй тромб, тым горш. У яго ўся левая нага была сіняя, увесь час ён яе перамотваў. Бінтаваў і прымаў лекі. Да калена яшчэ ня гэтак небясьпечна, а калі раптам яно падымаецца вышэй, то вельмі. У яго была такая форма тромба, калі тромб быў не прырослы, рухомы. І ён пра гэта ведаў».
Калі тромб перакрывае вену, то вена недзе лопаецца. Бо гэта вена, у ёй вянозная кроў, яна проста сьвішча. І калі адразу не дапамагчы чалавеку, ён памірае


Ніхто са сваякоў Зьмітра Сідаровіча нічога не казаў пра тое, што ў кватэры барда нешта зьнікла. «У яго нічога не было, акрамя музыкі і вершаў», — сказала Любоў Сівурава.

Артыст Ільля Арэстаў кантактаваў з бацькамі Зьмітра Сідаровіча ў нядзелю, пасьля таго як яны пабывалі ў сынавай кватэры.

«Маці сказала, што яму нібыта стала дрэнна, калі сядзеў за кампутарам, бо там была кроў. А потым, напэўна, дзе ён ні бываў, паўсюль, кажуць, была кроў. Але я там ня быў. Калі я прыйшоў да ягонай хаты, бацькі сыходзілі і пра гэта распавялі. А цела Зьмітра пасьля таго павезьлі на экспэртызу ў Навінкі, дзе робяць экспэртызы».

Ці скардзіўся Зьміцер Сідаровіч на здароўе раней? Ільля Арэстаў кажа, што ведаў пра праблемы са здароўем у Зьмітра Сідаровіча, хоць той пра гэта гаварыць не любіў. Спадар Арэстаў ведае прынамсі пра адну апэрацыю, якую перанёс Сідаровіч.

Супрацоўнік Сьледчага камітэту Беларусі Сяргей Кабаковіч з нагоды сьмерці і знаходжаньня цела Зьмітра Сідаровіча паведаміў Свабодзе пра агляд месца здарэньня.

«У той жа дзень, 18 траўня, быў завершаны агляд месца здарэньня. Прыкметаў гвалтоўнай сьмерці аглядам ня выяўлена. Судова-мэдычная экспэртыза, якая прызначана, назаве дакладную прычыну сьмерці».
XS
SM
MD
LG