Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП праводзіць унутрыпартыйныя праймэрыз


Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька, Васіль Палякоў і Аляксандар Дабравольскі — так выглядае першая тройка кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Менавіта за іх аддалі найбольш галасоў дэлегаты Гомельскай абласной канфэрэнцыі, якая прайшла 18 траўня ў Гомелі. Пра гэта Свабодзе паведаміў старшыня партыі Анатоль Лябедзька, які ўдзельнічаў у гэтай канфэрэнцыі:

«31 траўня мы праводзім у Менску партыйны зьезд. Яму папярэднічаюць шэсьць абласных і менская гарадзкая канфэрэнцыі. І мы ўжо пачалі ўнутрыпартыйныя праймэрыз. То бок дэлегаты ўсіх сямі канфэрэнцыяў адказваюць на два пытаньні: ці павінна партыя ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі і ці павінна партыя ўдзельнічаць у працэдуры абраньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад прыхільнікаў пераменаў? І калі так, то зьяўляецца і трэцяе пытаньне: хто, на вашу думку, мог бы быць прадстаўніком партыі?»

Лідэр АГП удакладніў, што дэлегатам дадзены шырокі выбар:

«Ніякага рэкамэндацыйнага сьпісу не існуе. Кожны дэлегат мае права ўпісаць тры любыя прозьвішчы сябраў АГП. Так і было зроблена на абласных канфэрэнцыях у Берасьці, Віцебску і Гомелі. Пасьля яшчэ чатырох канфэрэнцыяў мы правядзём падсумаваньне, і трох першых унясём у фінальны сьпіс на галасаваньне партыйнага зьезду.

Што да канфэрэнцыяў, якія ўжо прайшлі, то на іх зафіксавана каля 25 розных прозьвішчаў. Так што мы маем мажлівасьць адначасова ня толькі высьветліць таго, хто будзе прадстаўляць партыю падчас прэзыдэнцкай кампаніі і вылучэньня адзінага кандыдата, але і паглядзець, ці доўгая лава запасных у нашай партыі».
XS
SM
MD
LG