Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандар Турчынаў просіць Міністэрства юстыцыі Ўкраіны зрабіць захады, каб забараніць Камуністычную партыю Ўкраіны.


Турчынаў накіраваў ліст міністру юстыцыі Паўлу Пятрэнку:

«Аналіз наяўнай у Службы бясьпекі Ўкраіны інфармацыі сьведчыць пра тое, што лідэры Камуністычнай партыі Украіны і яе прадстаўнікі праводзяць дзейнасьць на шкоду дзяржаўным інтарэсам Украіны, яе галоўнымі элемэнтамі зьяўляюцца масавы ўдзел сяброў партыі ў акцыях пад антыканстытуцыйнымі лёзунгамі з заклікамі да парушэньня сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржавы (перш за ўсё ў паўднёва-ўсходніх абласьцях дзяржавы), якія суправаджаюцца гвалтоўнымі дзеяньнямі і захопам адміністрацыйных памяшканьняў органаў дзяржаўнай улады, перашкодамі законнай дзейнасьці іншых палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. Аналягічная рыторыка прадстаўнікоў Камуністычнай партыі Ўкраіны назіраецца падчас правядзеньня антытэрарыстычнай апэрацыі ў Данецкай і Луганскай абласьцях».

У лісьце Турчынаў сьцьвярджае, што ўкраінскія камуністы падтрымліваюць сэпаратыстаў ня толькі на словах, але і «аказваюць практычную і матэрыяльна-тэхнічную дапамогу прадстаўнікам так званых Данецкай Народнай Рэспублікі і Луганскай Народнай Рэспублікі, а таксама прадстаўнікам расейскіх спэцслужбаў».

Выканаўца абавязкаў кіраўніка Ўкраіны прыводзіць дадзеныя СБУ пра тое, што сябры кампартыі ўдзельнічаюць у вайсковых злучэньнях сэпаратыстаў, а таксама заклікалі правесьці рэфэрэндум 11 траўня і самі ў ім удзельнічалі.

Радыё Свабода спыталася ў прадстаўнікоў беларускіх левых партыяў, што яны думаюць пра спробы забараніць кампартыю Ўкраіны.

Валеры Ўхналёў, адзін з кіраўнікоў Партыі левых «Справядлівы сьвет», адзначыў з гэтай нагоды:

«Гэта чыста палітычнае дзеяньне, якое ўкладваецца ў стратэгію паводзінаў цяперашніх уладаў Украіны. У дадзены момант гэта не дае плюсаў у стабілізацыі абстаноўкі ва Ўкраіне. Лёзунг кандыдата на прэзыдэнта Пятра Сіманенкі — „Вернем страчаныя землі“. І казаць пра нейкі сэпаратызм, на мой погляд, тут не выпадае. А тое, што кампартыя, як і іншыя сілы, выступае, каб Украіна стала фэдэратыўнай дзяржавай, дык яны маюць права выказваць сваю думку. І гэта ніякім чынам не зьвязана з сэпаратызмам».

Меркаваньне Станіслава Шушкевіча, лідэра партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада»:

«Хоць я нядаўна быў у Кіеве і там з гэтым усім знаёміўся, я лічу, што гэта ўнутраная справа Ўкраіны. І мне камэнтаваць гэта нязручна — там відней. Але тое, што Сіманенка паводзіць цябе як расейскі стаўленік — гэта відавочна. Тыя людзі, зь якімі я сустракаўся, яго ня чуюць і лічаць здраднікам».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG