Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найбуйнейшыя вайсковыя вучэньні ў гісторыі незалежнай Латвіі


З сёньняшняга дня на сушы і ў тэрытарыяльных водах Латвіі праводзяцца вучэньні Нацыянальных узброеных сіл «Намэйс-2014», у якіх возьмуць удзел больш за 2 тысячы чалавек.


Пра гэта паведамляе партал Delfi са спасылкай на міністэрства абароны Латвіі. Вучэньні будуць найбуйнейшымі ў гісторыі Латвіі пасьля аднаўленьня незалежнасьці і працягнуцца да 27 траўня.

Як паведаміў камандуючы ўзброенымі сіламі Латвіі Райманд Граубэ, падрыхтоўка да вучэньняў доўжылася больш за два гады, і яны стануць праверкай дасягненьняў латвійскай арміі на ўсіх узроўнях — ад шэрагоўцаў да аб’яднанага штабу. Мэта вучэньняў — праверка навыкаў арганізацыі і каардынацыі абароны дзяржавы паміж усімі радамі войскаў.

Вучэньні складаюцца з двух этапаў: вучэньняў каманднага штабу і палявых тактычных вучэньняў, якія пройдуць 24 і 25 траўня ў асноўным на Адажскім палігоне на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора. У Ліепаі будуць праведзеныя тактычныя вучэньні на моры, а ў ваколіцах Адажы, Гаркалне, Ропажы і Сігулды — палёты верталётаў і самалётаў, у тым ліку беспілётных.

У вучэньнях «Намэйс» возьмуць удзел таксама асобныя падразьдзяленьні дзяржаўнай памежнай аховы і вайскоўцы ЗША.
XS
SM
MD
LG