Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Украіна зьвярнулася да міжнароднага арбітражу, каб прымусіць Расею спыніць самавольна павышаць цану на газ і кампэнсаваць страты ад агрэсіі.

Пра гэта ў эфіры праграмы «ТСН. Тыдзень» на тэлеканале «1 +1» заявіў выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны, старшыня Вярхоўнай Рады Аляксандр Турчынаў.

Турчынаў адзначыў, што «Расея прывыкла займацца шантажом».

«Газавы шантаж — любімы фармат ціску ня толькі на Ўкраіну, але і на іншыя краіны», — удакладніў ён.

Паводле ягоных слоў, прыйшоў час спыніць такую практыку:

«Украіна зьвярнулася ў міжнародны арбітраж, каб спыніць той фармат, калі Расея ў аднабаковым парадку пастаянна пераглядае цэны ў напрамку іх павелічэньня».

Турчынаў таксама заявіў, што акупаваўшы Крым, Расея нанесла ўкраінскай эканоміцы стратаў больш чым на 100 мільярдаў даляраў.

«Міністэрства юстыцыі Ўкраіны рыхтуе сур’ёзны пазоў — больш за 1 трыльён грыўняў, або больш за 100 мільярдаў даляраў — да Расеі», — дадаў Турчынаў.

Ён падкрэсьліў, што урад Украіны цяпер шукае шляхі, каб пазьбегнуць пагрозы энэргетычнага крызісу ў выпадку зьмяншэньня паставак расейскага газу. У прыватнасьці , распрацоўваюцца альтэрнатыўныя крыніцы, рыхтуюцца кантракты на Захадзе з мэтай наладжваньня рэвэрснага выкарыстаньня газатранспартнай сыстэмы.

«Калі нашы стратэгічныя партнэры будуць сынхронна дзейнічаць разам з намі, мы прымусім Расейскую Фэдэрацыю лічыцца з пазыцыяй цывілізаваных краін сьвету», — выказаў спадзяваньне Аляксандар Турчынаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG