Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымскія татары просяць сусьветную супольнасьць аднавіць іх правы, а Расею спыніць рэпрэсіі


Жалобны малебен крымскіх татараў у раёне Ак-Мячэць, Сімферопаль, 18 мая 2014

Жалобны малебен крымскіх татараў у раёне Ак-Мячэць, Сімферопаль, 18 мая 2014

У рэзалюцыі ўдзельнікаў Усекрымскага жалобнага мітынгу памяці ахвяраў дэпартацыі, які адбыўся ў нядзелю 18 траўня ў пасёлку Ак-Мячэць у Сімферопалі, утрымліваецца зварот з заклікам да ўсіх дэмакратычных сілаў, урадаў і парлямэнтаў дзяржаў, міжнародных арганізацый выступіць гарантамі аднаўленьня правоў крымскататарскага народу і яго свабоднага разьвіцьця на сваёй Бацькаўшчыне.

У якасьці першачарговых захадаў па аднаўленьні правоў крымскататарскага народу ўдзельнікі патрабуюць аднаўленьня гістарычнай тапанімікі, прыняцья законаў, якія б гарантавалі прадстаўніцтва крымскіх татараў у органах заканадаўчай і выканаўчай улады «Рэспублікі Крым».

Таксама ў тэксьце рэзалюцыі ўтрымліваецца патрабаванне прызнаць агульнанацыянальны зьезд крымскататарскага народу — Курултай — і фармаваны ім орган нацыянальнага самакіраваньня — Мэджліс крымскататарскага народу — прадстаўнічымі органамі карэннага народу Крыму.

Асобным пунктам у рэзалюцыі адзначана патрабаваньне спыніць дыскрымінацыю і рэпрэсіі ў дачыненьні да крымскіх татараў па палітычных, нацыянальных і рэлігійных матывах.

Сёньня ў жалобным мітынгу памяці ахвяраў дэпартацыі ў пасёлку кампактнага пражываньня крымскіх татараў Ак-Мячэць у Сімферопалі прынялі ўдзел больш за 15 тысяч чалавек. З афіцыйнай «ўлады» на мітынгу быў заўважаны віцэ-прэм’ер Крыму Ленур Ісьлямаў.




На мітынгу таксама выступілі прэзыдэнт Сусьветнага кангрэсу татараў Рынат Закір (г. Казань) і прадстаўнік Рады старэйшын балкарскага народу Кабардзіна-Балкарскай Рэспублікі (г. Нальчык) Ахмад Байса.

Кіраўнік групы «Інфармацыйны супраціў» Дзьмітры Цімчук на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў, што ў Крыме ажыцьцяўляецца магутнае супрацьдзеяньне жалобным мерапрыемствам крымскататарскага народу.

«Крымская міліцыя, а таксама АМАП, які прыбыў з Краснадару, усяляк процідзейнічалі прыбыцьцю ўдзельнікаў мірных акцый, прысьвечаных 70-годзьдзю дэпартацыі, у Сімферопаль. На аўтатрасах на пад’езьдзе да гораду былі выстаўленыя ўзмоцненыя пасты. Пад рознымі падставамі на кіроўцаў транспартных сродкаў, якія перавозілі крымскіх татараў, складаліся пратаколы, былі адзначаны спробы затрыманьня грамадзян па надуманых прычынах», — напісаў Цімчук.

У паведамленьні таксама адзначаецца, што пасты на аўтатрасах загадзя атрымалі інфармацыю аб аўтатранспарце, які перавозіў крымскіх татараў, па лініі ФСБ РФ.

Акупацыйныя ўлады Крыму забаранілі ўезд на паўвостраў лідэру крымскататарскага народу Мустафу Джамілёву.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG