Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На хвалі Свабоды: Год 2011


Працяг гістарычнага цыклю паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных юбілею Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004-х і ў 2009 годзе.

2011 год быў адным з самых плённых у гісторыі беларускай Свабоды. У першай перадачы году па-беларуску загаварылі былыя прэзыдэнты, прэм’ер-міністры, сусьветна вядомыя дысыдэнты, філёзафы, літаратары. Напрыканцы года для аўдыторыі беларускай Свабоды віншаваньні зноў даслалі два прэзыдэнты, Амэрыкі і Чэхіі, і зварот Вацлава Гаўла, найвялікшага маральнага аўтарытэта Эўропы, стаўся яго апошнім допісам у жыцьці.

Мы працавалі на акцыях пратэсту і судовых працэсах, рабілі відэа-, фота-, онлайн-рэпартажы, якія шырока перадрукоўваліся і цытаваліся. Мы былі там, дзе дубінкі не разьбіралі, журналіст ты ці не, нашы калегі сядзелі за кратамі, іх зьбівалі і запалохвалі — але мы працягвалі рабіць сваю справу.

Галоўныя падзеі, якія падрабязна асьвятляліся на нашых розных інфармацыйных плятформах — суды за Плошчу, тэракт у менскім мэтро, летнія маўклілвыя пратэсты, арышт Алеся Бяляцкага, суд над Канавалавым і Кавалёвым. Асьвятленьне нашай службай выбуху ў Менскім мэтро прызнана найлепшым асьвятленьнем гарачых навінаў на Радыё Свабода за красавік.


***

З навінак радыё 2011 году згадаю новыя перадачы — «Бацькі й дзеці незалежнасьці» Аляксандры Дынько, «1991 год вачыма ўдзельніка» Сяргея Навумчыка. У гэтым годзе Альгерд Бахарэвіч скончыў свой першы літаратурны праект на «Свабодзе» — «Малую мэдычную энцыкляпэдыю» і распачаў другі — «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча».

На нашых хвалях гучалі старонкі з мастацкага дасьледаваньня Аляксандра Лукашука пра Лі Харві Освальда ў Менску, а таксама творы музыкаў, якія трапілі ў чорны сьпіс культурных функцыянэраў Беларусі — і, адпаведна, у «Белы сьпіс Свабоды».

Мы выдалі пяць кніг і тры дыскі — рэкорд «Бібліятэкі Свабоды» за ўсе дзесяць гадоў яе існаваньня. Мы былі больш чым радыё — у эфір выходзіла тэлеперадача, напрыканцы году мы зрабілі новы дызайн сайту, былі запушчаныя адмысловыя праграмы для мабільных прыладаў. Пачалася рэгулярная праца ў сацыяльных сетках. У 2011 годзе да нашай праскай каманды далучыўся даўні аўтар «Свабоды» Сяргей Дубавец.

Адбылася зьмена ў найвышэйшым кіраўніцтве радыё — на пасадзе прэзыдэнта Джэфа Гедміна зьмяніў Стыў Корн.


***

3 чэрвеня 2011 году прафэсіяналізм і мужнасьць журналістаў Свабоды былі адзначаны найвышэйшай узнагародай Рады амэрыканскага замежнага вяшчаньня — прызам Дэвіда Бэрка. Прыз, які носіць імя першага кіраўніка Рады, уручаецца на знак прызнаньня сьмеласьці, сумленнасьці і прафэсіяналізму журналістаў — супрацоўнікаў Радыё Свабода, Голасу Амэрыкі, Радыё Свабодная Азія, Радыё Марці, Блізкаўсходняга вяшчаньня.

Рада замежнага вяшчаньня ЗША адзначыла працу Беларускай службы ў год прэзыдэнцкіх выбараў. Журналісты выконвалі свой прафэсійны абавязак нягледзячы на шматлікія перашкоды, запалохваньні, затрыманьні, зьбіцьцё.

Рэпартажы беларускай службы Радыё Свабода перадаваліся і цытаваліся СNN, BBC, Нацыянальным грамадзкім радыё ЗША, New York Times, Washington Post, Wall Street Journal, Foreign Affairs, Atlantic, Economist, шырока распаўсюджваліся ў сацыяльных сетках. У перадачах радыё бралі ўдзел вядучыя палітыкі і інтэлектуалы сьвету, былыя прэзыдэнты ЗША і Чэхіі, міністры, сэнатары, філёзафы, дысыдэнты. Шматкроць узрасла аўдыторыя «Свабоды», яе актыўнасьць.


***
Джэфры Трымбл
Джэфры Трымбл
Госьць нашай сёньняшняй перадачы — намесьнік дырэктара Бюро замежнага вяшчаньня ЗША Джэфры Трымбл. Бюро замежнага вяшчаньня — гэта інфармацыйнае агенцтва Злучаных Штатаў, якое кіруе каардынуе працу «Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа», «Радыё Свабодная Азія», «Радыё Фарда», якое вяшчае на Іран, «Радыё Саўа» — на арабскія краіны, і «Радыё і ТВ Марці» — на Кубу. Джэфры Трымбл шмат гадоў працаваў у кіраўніцтве нашага радыё ў Празе і добра знаёмы з працай Беларускай службы.

Нашу гутарку мы пачалі з пытаньня пра тое, якое месца займае Беларусь у прыярытэтах амэрыканскага замежнага вяшчаньня...


«Да самага нядаўняга часу мы гаварылі пра Беларусь як пра апошнюю дыктатуру Эўропы. Магчыма, апошнія падзеі патрабуюць пераацэнкі гэтай фразэалёгіі, але на гэты момант я б не рызыкаваў рабіць нейкія новыя заявы ў гэтай справе. Ясна, што Беларусь застаецца вельмі праблемнай краінай з заходняй пэрспэктывы, што выклікана рашэньнямі яе кіраўніцтва наконт таго, якое грамадзтва яны хацелі б мець у сваёй краіне.

Таму дайсьці да аўдыторыі ў Беларусі застаецца вельмі высокім прыярытэтам міжнароднага вяшчаньня ЗША, уключна з намаганьнямі выкарыстаць для гэтага ўсе даступныя нам плятформы — спадарожнікавую тэлевізію, радыё, інтэрнэт і дыгітальныя плятформы. Мы не наіўныя і ведаем, што мэдыйнае асяродзьдзе там надзвычай складанае. Мы, вядома, ведаем пра досьвед незалежных журналістаў Беларускай службы — у Беларусі цяжка адкрыта і належным чынам працаваць журналістам. Цяпер мы таксама ведаем, што нам цяжка данесьці наш інфармацыйны матэрыял да тамтэйшай аўдыторыі, бо мясцовыя сродкі распаўсюджаньня для нас закрытыя і таму што ўлады часам выяўляюць жаданьне перашкодзіць нашым намаганьням данесьці інфармацыю празь іншыя каналы. Напрыклад, зусім нядаўна былі заўважаны спробы перашкодзіць нашай дыгітальнай камунікацыі ў інтэрнэце — ня толькі пашырэньню нашай інфармацыі, але і спробам журналістаў зьбіраць яе ў Беларусі».

***
Галіна Руднік
Галіна Руднік
Як я ўжо казаў, 2011 быў плённы год для праекту «Бібліятэка Свабоды». У гэтым годзе выйшла рэкордная колькасьць кніжнай і мультымэдыйнай прадукцыі. Нашых чытачоў мы змаглі парадаваць новымі кнігамі, гэта былі «Сто адрасоў свабоды» Вячаслава Ракіцкага, укладзеная Ганнай Соўсь другая кніга «Адзін дзень палітвязьня», «Сьлед матылька. Освальд у Менску» Аляксандра Лукашука, «Малая мэдычная энцыкляпэдыя» Альгерда Бахарэвіча і успаміны вэтэрана нашага радыё Галіны Руднік «Птушкі пералётныя».

Свае ўспаміны Галіна Руднік начытала ў нашай студыі, і яны гучалі ў 2010 годзе на нашых радыёхвалях. Паслухаем фрагмэнт гэтых успамінаў.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:09 0:00
Наўпроставы лінк


***
Год 2011 у сьвеце


Эстонія пераходзіць на эўра. — Дзяржаўны пераварот у Тунісе. Прэзыдэнт Зін эль-Абідзін Бэн Алі ўцёк за мяжу. — Прэзыдэнт Эгіпту Хосьні Мубарак пакінуў сваю пасаду. — Дэманстранты выйшлі на вуліцы гораду Бэнгазі, пачатак масавых выступленьняў у Лібіі. — Катастрафічны землятрус ля берагоў Японіі выклікаў цунамі і аварыю на АЭС Фукусіма.- Антыўрадавыя акцыі пачаліся ў Сырыі.- Андрыс Бэрзіньш стаў прэзыдэнтам Латвіі. — Паўднёвы Судан атрымаў незалежнасьць ад Судану. — Андэрс Брэйвік учыніў тэракты ў Нарвэгіі. — Былы прэм’ер-міністар Украіны Юлія Цімашэнка засуджана на 7 гадоў пазбаўленьня волі. — Паводле ацэнак ААН, насельніцтва Зямлі перасягнула колькасць 7 мільярдаў чалавек. — Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры атрымаў швэдзкі паэт Тумас Транстрэмэр.

***

Мы гаворым далей з нашым сёньняшнім госьцем — намесьнікам дырэктара Бюро замежнага вяшчаньня ЗША Джэфры Трымблам. Я спытаўся ў яго — ці не зарана было прынятае рашэньне аб сыходзе з радыёхваляў, заплянаваным на 2015 год, улічваючы, што гэта год прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

«Дагэтуль працягваецца дыскусія аб найбольш дзейсных шляхах дастаўкі інфармацыі да аўдыторыі ў Беларусі. Радыё мае сваю аўдыторыю, але ў вяшчаньня на кароткіх і сярэдніх хвалях ёсьць істотныя недахопы — не хапае прыймачоў, якія маюць адпаведныя частоты, ямы ў Беларусі ўжо не ўжываюцца. Да таго ж, якасьць сыгналу такая, што часам бывае праблематычна слухаць праграмы ў гарадах.

Гэта пытаньне рэсурсаў — Злучаныя Штаты маюць у сваім распараджэньні абмежаваныя рэсурсы, таму даводзіцца прымаць цяжкія рашэньні наконт таго, якія плятформы найбольш дзейсныя. Але, як я ўжо сказаў, дыскусія працягваецца ў Кангрэсе, які мае вырашальнае слова ў гэтай справе, бо ён кантралюе бюджэт Рады дырэктараў вяшчаньня. Кангрэс або ўхваліць рашэньне, або будзе далей гаварыць з намі аб тым, як найлепш данесьці інфармацыю да беларускай аўдыторыі».


***

Я ўжо згадаў пра пяць кніг, якія выйшлі ў 2011 годзе ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды», Апрача іх мы выдалі і тры мультымэдыйныя дыскі: «Галасы салідарнасьці», дзе палітыкі, грамадзкія і культурныя дзеячы сьвету зачытвалі імёны арыштаваных пасьля 19 сьнежня 2010-га, «Сто бардаў Свабоды», а таксама «Песьні праўды» сатырычных пэрсанажаў Саўкі і Грышкі ў выкананьні Лявона Вольскага.

Паслухаем адну зь песьняў праўды — «Грыша ня выйшаў ізь цюрмы»...

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:13 0:00
Наўпроставы лінк


***
2011 ГОД У БЕЛАРУСІ
Адбыліся суды над удзельнікамі Плошчы-2010. Кандыдаты ў прэзыдэнты Статкевіч, Саньнікаў і Вус засталіся за кратамі. — ЗША і Эўразьвяз уводзяць візавыя і эканамічныя санкцыі супраць РБ. — Офіс АБСЭ выдаляецца зь Менску. — Павышаюцца мыты на аўтамабілі. — Паглыбляецца эканамічны крызіс, шматразовая дэвальвацыя беларускага рубля. — У менскім мэтро адбываецца тэракт, 15 чалавек загінулі, 204 параненыя. — Рэйтынг Лукашэнкі падае. — Па ўсёй краіне праходзяць маўклівыя акцыі пратэсту. — Пад ціскам Захаду ўлады вызваляюць большасьць палітвязьняў. — Літоўскія ўлады перадаюць беларускім інфармацыю, на падставе якой арыштаваны кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Вясна-96» Алесь Бяляцкі. — Падазраваныя ў выкананьні тэракту Канавалаў і Кавалёў засуджаныя на сьмерць. — Лукашэнка падтрымлівае прапанаваную Расеяй ідэю Эўразійскага саюзу. — КДБ атрымлівае неабмежаваныя паўнамоцтвы.

***

Не абышлося ў гэтым годзе ў гісторыі нашага радыё і бяз сумных навінаў. У ноч на 18 студзеня 2011 году пасьля цяжкай і працяглай хваробы памёр вядомы беларускі публіцыст, сябра Беларускага ПЭН-цэнтру, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў, шматгадовы супрацоўнік Радыё Свабода Віталь Тарас. 6 траўня таго году яму было б 55 гадоў.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:01 0:00
Наўпроставы лінк


***

Я працягваю гутарку з нашым сёньняшнім госьцем — намесьнікам дырэктара Бюро замежнага вяшчаньня ЗША Джэфры Трымблам. Якая будучыня радыё як сродка перадачы інфармацыі? Ці не замяняе яго сёньня інтэрнэт?
Аляксандар Лукашук і Джэфры Трымбл
Аляксандар Лукашук і Джэфры Трымбл
«Я б не сказаў, што радыё памірае. Яно застаецца вельмі важным сродкам масавай інфармацыі ў шмат якіх краінах, на якія скіраванае амэрыканскае замежнае вяшчаньне. І калі я даю гэты адказ, я выходжу за рамкі зоны вяшчаньня РС/РСЭ, таму я б не сказаў, што ўсё радыё памірае. Рашэньне і адказ на пытаньне насамрэч палягае ў аналізе сытуацыі паасобку ў кожнай краіне, на якія мы вяшчаем. У некаторых з гэтых краінаў ужываньне радыё для атрыманьня інфармацыі сапраўды зьніжаецца, і ў тых краінах мы пераглядаем выкарыстаньне радыё. У іншых месцах яно застаецца надзвычай важным, гэта датычыць і зоны вяшчаньня РС/РСЭ.

Так што радыё, якое застаецца вельмі жывым і дынамічным сродкам інфармацыі — гэта і вельмі інтымны сродак, гэта цудоўны спосаб навязаньня непасрэднага кантакту са слухачамі, дзякуючы яго прыродзе — застаецца ў сыстэме міжнароднага вяшчаньня ЗША надзвычай важным і будзе заставацца такім у будучыні. Аднак рашэньні мусяць прымацца паасобку ў залежнасьці ад краіны — на падставе таго, якія прылады людзі выкарыстоўваюць для атрыманьня нашай інфармацыі і якія мы маем магчымасьці для перадачы гэтай інфармацыі ў тыя краіны.

Я магу сказаць канкрэтна: калі інфармацыйны рынак у краіне дастаткова адкрыты на тое, каб мы маглі весьці тэлевізійнае вяшчаньне на месцы, мы вядома ж паспрабуем скарыстацца такой нагодай, бо тэлевізія — найбольш папулярны сродак перадачы інфармацыі. Таму ў такой краіне, як Украіна, дзе на сёньня існуе найбольш свабодны ў сьвеце расейскамоўны інфармацыйны рынак, ёсьць сэнс выкарыстаць магчымасьць і даносіць наш інфармацыйны прадукт праз мясцовыя тэлеканалы, што прыцягне большую аўдыторыю.

Зусім іншая справа ў Беларусі — мы ня можам выйсьці ў Беларусі на наземнае ці кабэльнае тэлевяшчаньне, таму мы не разглядаем такую магчымасьць. Мы мусім шукаць іншыя даступныя нам плятформы».

Госьцем сёньняшняй перадачы «На хвалі Свабоды» быў намесьнік дырэктара Бюро замежнага вяшчаньня ЗША Джэфры Трымбл.

На заканчэньне перадачы паслухаем яшчэ адну «Песьню праўды» з праекту Лявона Вольскага «Саўка і Грышка» — «Вынікі году»...

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:00 0:00
Наўпроставы лінк


***
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG