Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Жыхары Віцебску патрабуюць пабудаваць паліклініку


Жылыя дамы ў мікрараёнах Білёва пачалі ўзводзіць яшчэ 10 гадоў таму, і ў Білева −1 і Білева-2 сеньня жывуць каля 23 тысяч чалавек.

Аднак у мікрараёне толькі адна школа, два дзіцячых садка і ніводнай паліклінікі — ні дзіцячай, ні «дарослай».

Пра гэтую праблему мясцовыя жыхары распавялі дзьвюм віцебскім актывісткам аргкамітэту па стварэньні партыі БХД, Тацяне Севярынец і Алене Шабуні, падчас мінулай выбарчай кампаніі.

«Мы зьбіралі подпісы за вылучэньне, хадзілі ад дзьвярэй да дзьвярэй. І шмат размаўлялі з людзьмі. Вельмі вялікая колькасьць жыхароў Білева скардзілася менавіта на адсутнасьць нармальнага мэдычнага абслугоўваньня — на тое, што дарослым даводзіцца езьдзіць у паліклініку, за якой яны „замацаваныя“,
на аўтобусе. А ў дзіцячую — дык і ўвогуле зь перасадкамі. Гэта нікому не падабаецца, таму мы прапанавалі сабраць подпісы пад зваротам да ўладаў, і зь мясцовых жыхароў знайшліся актывісты, якія нам дапамагаюць», — апавяла Тацяна Севярынец.


Перш чым ініцыяваць збор подпісаў, спадарыня Севярынец пацікавілася планамі гарадзкога будаўніцтва. У прыватнасьці, разьвіцьця інфраструктуры ў мікрараёнах Білева. І высьветліла, што будаўніцтва паліклінічнага комплексу тут было запланавана яшчэ ў 2011 годзе, у 2012 была зроблена праектна-сьметная дакумэнтацыя, і ў 2013 годзе зьбіраліся распачаць будаўніцтва. Але яго так і на распачалі. Больш за тое: пляны наконт паліклінічнага комплексу ўжо зьніклі з інвэстыцыйнай праграмы, распрацаванай Віцебскім гарвыканкамам на 2014 год.

Жыхарка мікрараёна Алена Шабуня вымушана мець праблемы ў школе, дзе навучаецца яе сын, праз немагчымасьць своечасова прынесьці даведку пра хваробу дзіцяці:

«Я стараюся не цягаць дзіця ў паліклініку, калі яно хварэе. Бо лекары там і так перагружаныя працай. З тае ж прычыны не выклікаю лекара дахаты. Змагаемся з хваробамі самі, а потым у школу нясу ўласнай рукой напісаную цыдулку, што дзіця хварэла. Але ж там патрабуюць афіцыйную даведку... А хто запатрабуе, каб наша жыцьцё ў мікрараёне Білева адпавядала прынятым ўладамі сацыяльным стандартам?»


Мясцовыя жыхары падпісваюць калектыўны ліст дужа ахвотна. За тыдзень назьбірана каля паўтары тысячы подпісаў. Аднак актывісткі БХД плянуюць сабраць 3-4 тысячы, каб зварот да ўладаў выглядаў больш грунтоўна і пераканаўча.

А падчас збору подпісаў з будаўніцтва паліклінікі нарадзілася ідэя і для наступнай кампаніі: жыхары гатовыя падпісацца за будаўніцтва дзіцячага садка. Бо двух наяўных і трэцяга, абяцанага ў бліжэйшай пэрспэктыве, ніяк не дастаткова для мікрараёнаў, дзе большасьць насельніцтва — гэта маладыя сем’і з малымі дзецьмі.
XS
SM
MD
LG