Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Акрэсьціна ад цяжарнай жонкі Зьмітра Дашкевіча не ўзялі перадачу


Наста Дашкевіч пасьля суду над мужам

Наста Дашкевіч пасьля суду над мужам

17 траўня Наста Дашкевіч, жонка сустаршыні «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча спрабавала перадаць яму ў ізалятар на Акрэсьціна перадачу з харчамі.

Ахоўнікі ізалятару адмовіліся прыняць перадачу, спаслаўшыся на загад начальства, паводле якога для тых, хто сядзіць 25 сутак, дазволена прымаць перадачы толькі раз ў тры дні. Маўляў, апошнюю перадачу для Дашкевіча прынялі 14 траўня, значыць наступная мусіць быць 18-га. Наста Дашкевіч кажа, што гэты загад супярэчыць правілам прыёму перадач, а таксама выказвае прэтэнзіі да паводзінаў міліцыянтаў.

«Кажу ім, што адстаяла ў вялікай чарзе, што на 9-ым месяцы цяжарнасьці, а там у іх не прысесьці, на сонцы. Кажу, калі гэтак, то вазьміце ў мяне тую перадачу і аддасі яму заўтра, каб я не цягалася з гэтымі пяцьцю кіляграмамі па сьпякоце. На гэта мне гэтак хамавіта адказалі, што тут ўсё ведаюць пра маю цяжарнасьць, ведаюць, чыя я жонка, але прыходзьце заўтра».

Паводле Насты Дашкевіч, з ізалятару на Акрэсьціна, дзе яе муж Зьміцер Дашкевіч сядзіць ужо 23 дні, ад яго прыйшоў толькі адзін ліст, ў самым пачатку адседкі. «Мяркую, ён напісаў за гэты час каля 10 лістоў, але дайшоў, як бачыце, толькі адзін», — кажа Наста Дашкевіч. Пра ўмову, ў якіх адбывае адміністрацыйнае пакараньне Зьміцер Дашкевіч, ёй вядома, што ён прасіўся ў іншую камэру, дзе вязьні не паляць і нібыта гэтую просьбу задаволілі. «Больш нічога невядома», — кажа жонка апазыцыянэра.
Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

Былы палітвязень Зьміцер Дашкевіч быў арыштаваны 24 красавіка і асуджаны на 25 сутак. Ён уваходзіць ў сьпіс больш як 30 грамадзкіх актывістаў, якіх, як лічаць праваабаронцы, прэвэнтыўна арыштавалі па надуманых падставах, каб пазьбегнуць магчымых акцый пратэсту падчас розных палітычных падзей, ў тым ліку чэмпіянату сьвету па хакеі. Зьміцер Дашкевіч мусіць выйсьці на волю 19 траўня. Праваабаронцы не выключаюць паўторных затрыманьняў актывістаў, але пакуль ніхто з тых, хто днямі ўжо выйшаў з Акрэсьціна, па другому разу туды ня сеў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG