Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе новая лечкамісія «невялікім кампактным цэнтрам?»


Аляксандар Лукашэнка даручыў разгледзець пытаньне аб перадачы будынка Рэспубліканскага клінічнага мэдычнага цэнтру Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта – які ў народзе называюць «лечкамісіяй» – на балянс сталічных уладаў.

А «для выкананьня тых функцыяў, якія сёньня выконвае бальніца пры Кіраўніцтве спраў прэзыдэнта, пабудаваць дзе-небудзь пад горадам ці ў горадзе адпаведную бальніцу», загадаў Лукашэнка. То бок кіраўнік дзяржавы публічна заявіў аб будаўніцтве новай лечкамісіі для так званых «V.I.P.»

У тым, што «гораду патрэбна бальніца, немалая бальніца», як заўважыў Лукашэнка – няма сумневу. Нядаўна я наведвала калегу, якая трапіла ў аддзяленьне пульманалёгіі 10-га клінічнага шпіталя з запаленьнем лёгкіх. У палаце ляжала 6 чалавек – усе кашлялі, чыхалі. Людзі з пнэўманіяй ляжалі ў калідоры – ложкі стаялі ўздоўж сьцен і ў холе. І гэта – у сталіцы. Таму шырокі жэст кіраўніка краіны народ павінен ацаніць. Тым больш што цяперашняя лечкамісія – сапраўды «найбуйнейшая лячэбна-прафіляктычная ўстанова краіны». Нават сайт называецца «vip-clinic».

Экс-старшыня Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, прафэсар, доктар фізыка-матэматычных навук Станіслаў Шушкевіч распавёў, што ажно па сямі парамэтрах мае права папраўляць здароўе менавіта ў лечкамісіі. Там яму зрабілі апэрацыю на сэрцы. Зараз у яго праблемы з хрыбетнікам, ляжыць у трохмясцовай палаце:
Станіслаў Шушкевіч

Станіслаў Шушкевіч

«У мяне раптоўна стала дрэнна з сэрцам. І трэба было больш-менш сучасны стэнд паставіць. Мне паставілі. Вельмі сучаснае там абсталяваньне, вельмі добрае. І спэцыялісты добрыя – не магу паскардзіцца. Там ёсьць некалькі палат «VIP». Але я цяпер у горшай – у параўнаньні з ранейшай на два чалавекі. Але тут жа і душ, і прыбіральня. Гэта лічыцца добрай палатай па беларускіх мерках. Вельмі добрай – у звычайных шпіталях па 10 чалавек ляжыць у палаце».

Былы старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу, акадэмік Аляксандар Вайтовіч таксама «прыпісаны» да лечкамісіі. Але не злоўжывае – ня любіць хадзіць па лекарах. Ляжаў там адзін раз:
Аляксандар Вайтовіч

Аляксандар Вайтовіч

«Ёсьць палаты трохмясцовыя, ёсьць двухмясцовыя, доля высокага начальства – аднамясцовыя, больш камфортныя пакоі».

Карэспандэнтка: «А што тычыцца абслугоўваньня, кваліфікацыі лекараў, абсталяваньня?»

«Наконт кваліфікацыі лекараў я нічога не магу сказаць, як я гэта вызначу, якая там кваліфікацыя, ну а абсталяваньне там, на мой погляд, вельмі добрае, сучаснае абсталяваньне, так».

У шпіталі як мінімум 6 лячэбных карпусоў, паліклініка, абсталяваньне там самае найноўшае. Нягледзячы на тое, што кадрамі лечкамісія ўкамплектаваная значна лепш за звычайныя шпіталі, «V.I.P.» пацыентаў кансультуюць яшчэ больш за пяць дзясяткаў мэдычных «сьвяцілаў» са спэцыялізаваных РНПЦ. Хочацца спадзявацца, што ўсё гэта найноўшае абсталяваньне застанецца ў шпіталі і будзе служыць простым сьмяротным. Дарэчы, зараз яны таксама могуць трапіць ў лечкамісію, але на платнай аснове.

Тое, што замест лечкамісіі пабудуюць «невялікі кампактны цэнтар», як сказаў Лукашэнка – выклікае сумнеў. Яшчэ ў верасьні мінулага году на афіцыйным сайце дзяржзакупак Галоўнага ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва Кіраваньня спраў прэзыдэнта быў абвешчаны тэндэр на будаўніцтва «комплексу будынкаў «Клінічны мэдычны цэнтар». Патрабаваньні, якія замоўца выстаўляў для будаўнічай арганізацыі, кажуць самі за сябе: акрамя аддзяленьняў, якія ёсьць у лечкамісіі, найноўшага абсталяваньня – яшчэ і наяўнасьць ня проста VIP-палат, як зараз, а цэлага блёку для высокапастаўленых пацыентаў з асобным уваходам. І ўсе тэхнічныя рашэньні падрадчык павінен узгадняць са службай бясьпекі прэзыдэнта. Пра гэта падрабязна не адзін раз пісала «Народная Воля».

Ці павінны высокапастаўленыя чыноўнікі лячыцца асобна ад прасталюдзінаў – пытаньне спрэчнае. Хтосьці катэгарычна супраць лечкамісіі – маўляў, няхай ведаюць, можа, зоймуцца вырашэньнем праблемы. Хтосьці выступае за страхавую мэдыцыну. Экс-міністар аховы здароўя Ігар Зелянкевіч выказаў такое меркаваньне:

«Ва ўсім сьвеце існуе так званае ведамасная ахова здароўя. Толькі маштабы розныя. Што значыць ведамаснае? Да гэтых лячэбных установаў прыпісаны пэўны кантынгент, скажам так. Да прыкладу, мне вядома, што прэзыдэнт ЗША павінен лячыцца ў пэўным вайскова-марскім шпіталі. Тут няма нічога незвычайнага, адзінае – маштабы гэтай ільготы. У свой час, на пачатку перабудовы з гэтым змагаліся, я памятаю. Але зноў жа, гэта насіла такі дзіўны характар. У нармальнай дзяржаве гэта павінна быць. Іншая справа – хто там лечыцца».

А вось які кантынгент лечыцца ў лечкамісіі, акрамя заслужаных і народных, якіх ня так шмат у Беларусі, ды высокапастаўленых чыноўнікаў – гэта сапраўды пытаньне, кажа Станіслаў Шушкевіч:

«Раней умовы былі дакладна прапісаныя і адкрытыя былі. Цяпер гэтага ніхто ня ведае. Тут шмат суб'ектыўнасьці. Ёсьць вялікі дзяржаўны бюджэт, ён можа марнавацца, як хочацца – па жаданьні пэўных набліжаных асобаў. Напрыклад, былі ўсе дэпутаты Вярхоўнага Савету 12 і 13 скліканьня. Іх усіх выкінулі адтуль. Ну а незаконна абраную палатку пакінулі. Так што разабрацца, хто там лечыцца, цяжка. Раней усё было адкрыта, быў сьпіс, пералік, парадак – у савецкі час. Цяпер такога няма».

У тэндэры называлася меркаваная сума на будаўніцтва новага мэдычнага цэнтру – 100 мільёнаў эўра, і тэрмін здачы – травень 2016 году. Ужо вядома, хто выйграў гэты тэндэр: турэцкая кампанія «Emsas», якая рэканструявала гатэль «Менск», будавала «Прэзыдэнт-гатэль». Вядома і месца будаўніцтва – у лясным масіве каля Ждановічаў, на беразе вадасховішча Дразды.
XS
SM
MD
LG