Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвешчаны шорт-ліст літаратурнай прэміі Гедройця


Ежы Гедройц

Ежы Гедройц

У пятніцу на заключнай вечарыне з сэрыі «Пятніцы з Гедройцем» сябра журы прэміі Альгерд Бахарэвіч абвясьціў шорт-ліст.

У яго ўвайшлі наступныя аўтары і кнігі:

1. Ігар Бабкоў. Хвілінка: Тры гісторыі. — Менск: «Логвінаў».

2. Алена Брава. Дараваньне. Прощение. Vergebung. — Менск: «Звязда».

3. Сяргей Вераціла. Разьбітае сэрца Вітаўта. — Менск: «Мастацкая літаратура».

4. Артур Клінаў. Шклатара. — Менск: «Логвінаў».

5. Вінцэсь Мудроў. Багун. — Полацк: «Полацкае ляда».

6. Людміла Рублеўская. Ночы на Плябанскіх млынах. — Менск: «Мастацкая літаратура».

Імёны трох фіналістаў будуць названыя 2 чэрвеня на ўрачыстай цырымоніі ўручэньня прэміі. Аўтар кнігі, якая зойме трэцяе месца, атрымае творчую стыпэндыю ва Ўроцлаве (Польшча), другое — пераклад на польскую мову і стыпэндыю на Готландзе (Швэцыя), першае — чэк на 130 мільёнаў беларускіх рублёў ад IdeaBank.

У журы прэміі сёлета ўвайшлі: зь беларускага боку — Валянцін Акудовіч, Уладзімер Арлоў, Альгерд Бахарэвіч, Барыс Пятровіч, Андрэй Хадановіч, Ціхан Чарнякевіч, з польскага боку — Малгажата Бухалік, Адам Паморскі. Ганаровы старшыня журы — Лешак Шарэпка, надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь. Ганаровы старшыня выконвае прадстаўнічыя функцыі і ня ўдзельнічае ў працы журы.

Папярэднія пераможцы прэміі:

2012 — Павал Касьцюкевіч з кнігай «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (атрымаў 105 мільёнаў);

2013 — Уладзімер Някляеў з кнігай «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без» (атрымаў 115 мільёнаў).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG