Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два пальцы для Лукашэнкі


Апошні дзень вясны 1994-га мог быць для Лукашэнкі чорным. Яго маглі не зарэгістраваць кандыдатам у прэзыдэнты. На законных падставах.

У той дзень, 31 траўня, Зянон Пазьняк прапанаваў мне, у якасьці ягонай даверанай асобы, прысутнічаць разам зь ім на рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты.

Паводле закону, кандыдат мог мець давераных асоб, якім выдавалася падпісанае старшынём Цэнтральнай выбарчай камісіі пасьведчаньне. Той жа самы закон дазваляў ім прадстаўляць інтарэсы кандыдатаў у дзяржаўных установах. У прынцыпе, нейкіх асаблівых паўнамоцтваў, якія б пераўзыходзілі тыя, што мелі дэпутаты Вярхоўнага Савету, закон не даваў. І асабіста я расцаніў свой новы статус менавіта як знак даверу Пазьняка. У кожнага кандыдата, паводле закону, магло быць 20 давераных асобаў. У Пазьняка, сярод іншых, імі былі Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, віцэ-прэзыдэнт АН Радзім Гарэцкі.

Мы прыйшлі ў залю ЦВК (былы Дом палітасьветы на вуліцы Кастрычніцкай), старшыня Камісіі Аляксандар Абрамовіч прапанаваў кандыдатам сесьці бліжэй да яго. Далей працытую паведамленьне агенцтва СІМ:

«Цікавы эпізод назіраўся перад пачаткам пасяджэньня Цэнтравыбаркама. Старшыня Саўміна Кебіч працягнуў руку лідэру БНФ З. Пазьняку й дзесьці на працягу хвіліны ўгаворваў паціснуць яе. Але той адмовіўся прывітаць прэм'ера такім чынам. Ролю «буфэра» між імі выканаў каардынатар парлямэнцкай апазыцыі С. Навумчык. Гэтай сытуацыі даў камэнтар дэпутат ВС РБ Л. Дзейка: «Незразумела, ці то Навумчык – правая рука Пазьняка, ці то – левая Кебіча» («Пагоня», 10-16 чэрвеня 1994).

Канечне, ніякім «буфэрам» я ня быў – проста мы з Пазьняком селі першымі, а Кебіч сеў каля мяне. Між іншым, на той жа самы эпізод зьвярнула ўвагу газэта «Свабода»:

«Старшыня Савету Міністраў Вячаслаў Кебіч спрабаваў па-сяброўску павітацца з кіраўніком Беларускага Народнага Фронту Зянонам Пазьняком, двойчы працягнуўшы яму руку. Аднак сп. Пазьняк дэманстратыўна праігнараваў т. Кебіча. На пакрыўджанае пытаньне Вячаслава Францавіча Зянон Станіслававіч адказаў: «Мы з вашымі рукамі яшчэ разьбярэмся». («Свабода», чэрвень 1994).

Адмыслова спыняюся на гэтым адказе (які прагучаў пры сьведках і быў зафіксаваны журналістамі), паколькі пазьней Вячаслаў Францавіч вельмі адвольна пераказваў словы Пазьняка – аж да таго, што, нібыта, лідэр БНФ пагражаў «павесіць яго на тэлеграфным слупе». Адмова падаць руку палітычнаму апанэнту, зь якім у папярэднія гады Пазьняку часам даводзілася дамаўляцца па нейкіх асобных пытаньнях, тлумачылася тым, што ў траўні 94-га Кебіч ужо адназначна ўспрымаўся як чалавек, які мала таго што нясе найбольшую адказнасьць за палітычны і эканамічны крызіс, але які і заяўляў пра інтэграцыю з Расеяй. Ну і, канечне, менавіта ён дамагаўся ўвядзеньне пасады прэзыдэнта, у чым БНФ бачыў пагрозу дыктатуры.

Дарэчы, фраза Пазьняка мела канкэтную падставу: у тыя дні дэпутаты Апазыцыі БНФ запатрабавалі разьбіральніцтва перадачы зь дзяржаўнага бюджэту фірме, зьвязанай з жонкай Кебіча, 3-х мільёнаў даляраў. Паказальна, што "змагар з карупцыяй" Лукашэнка пра гэты факт маўчаў, ніякіх наступстваў для Кебіча не было і пасьля таго, як Лукашэнку абралі прэзыдэнтам.

Пазьняк Кебічу руку не паціснуў, затое Вячаслаў Францавіч «адыграўся» на іншым кандыдаце.

Калі Лукашэнка падышоў да Кебіча і працягнуў руку – той падаў у адказ два пальцы (гэты эпізод быў зафіксаваны фатографам газэты «Свабода»). Я сядзеў побач з Кебічам і бачыў усьмешку Лукашэнкі – яе можна было зразумець і як зьдзек, і як лісьлівасьць.
Аляксандар Лукашэнка, Васіль Новікаў і Вячаслаў Кебіч, 31 траўня 1994 году
Аляксандар Лукашэнка, Васіль Новікаў і Вячаслаў Кебіч, 31 траўня 1994 году

Напачатку рэгістрацыі Аляксандар Абрамовіч абвясьціў вынікі збору подпісаў.

Тут варта больш падрабязна сказаць пра збор подпісаў за кандыдатаў і яго вынікі. Як я пісаў раней, дэмакратычнымі партыямі была створаная Грамадзкая кантрольная камісія, якую ўзначальваў Мікола Статкевіч, а таксама Група рэагаваньня па фактах парушэньняў, якую даверылі ўзначаліць аўтару гэтых радкоў.

Камісія адзначыла, што пры зборы подпісаў старшыня Савету міністраў Кебіч выкарыстоўваў дзяржаўны апарат (даходзіла да пагрозаў звальненьнямі), а таксама дзяржаўныя газэты, тэлебачаньне і радыё – тым часам як дэмакратычныя кандыдаты былі пазбаўленыя магчымасьці выхаду ў эфір.

Практычна ва ўсіх кандыдатаў пры праверцы была забракаваная пэўная колькасьць подпісаў. У Станіслава Шушкевіча іх было 6.2 працэнта, у Зянона Пазьняка 7.5 працэнта, у лідэра камуністаў Васіля Новікава – 9.5 працэнта, у Аляксандра Дубко – 10 працэнтаў. Найбольшая колькасьць адбракаваных подпісаў была ў Генадзя Карпенкі – 20 працэнтаў.

У выніку, па колькасьці прызнаных подпісаў на першым месцы быў старшыня Савету міністраў Вячаслаў Кебіч, на якога працаваў увесь дзяржаўны апарат. Увогуле ж карціна складвалася наступная:

Вячаслаў Кебіч – больш як 400 тысяч подпісаў і 203 подпісы дэпутатаў Вярхоўнага Савету (для рэгістрацыі кандыдатам дастаткова было 70 дэпутацкіх подпісаў)

Зянон Пазьняк – 230 тысяч подпісаў

Васіль Новікаў – 200 тысяч

Аляксандар Лукашэнка – 156 тысяч

Станіслаў Шушкевіч 122 тысячы

Аляксандар Дубко – 117 тысяч

Генадзь Карпенка – 97 тысяч подпісаў і 78 – дэпутатаў

Статыстыка ж у тых, хто не дабраў належнай для рэгістрацыі колькасьці подпісаў, выглядала гэтак:

Уладзімер Карагін, старшыня Саюзу прадпрымальнікаў – 41,6 тысяч подпісаў,

Мікалай Каўбаска, дэпутат ВС, старшыня Таварыства інвалідаў – 28 тысяч,

Віктар Цярэшчанка, генэральны дырэктар Міжнароднага інстытуту мэнэджмэнту – 19 тысяч,

Леанід Козік, старшыня камісіі ВС па эканамічнай рэформе – 13 тысяч,

Эдвард Ахрэм, старшыня Польскага дэмакратычнага аб’яднаньня – 12 тысяч,

Мікалай Шэляговіч, старшыня таварыства «Полісьсе» – 3,7 тысячы,

Яўген Лугін, старшыня Сялянскай партыі – 2,3 тысячы,

Іван Каравайчык, генэральны дырэктар камэрцыйнага прадпрыемства «Роствэрг» – 1,3 тысячы,

Уладзімер Бялоў, загадчык аб’яднаньня «Сейсматэхніка» – 1,2 тысячы,

Станіслаў Ліцкевіч, часова беспрацоўны – 0 (нуль) подпісаў.

«Паказальна, што ў Менску і некаторых іншых буйных прамысловых гарадох лідзіруе З. Пазьняк. Прыкладам, у сталіцы ён сабраў 91 тыс. подпісаў, тым часам як Кебіч усяго 42 тыс. Вельмі характэрна, што ў Маладзечне ў Кебіча – нуль подпісаў (мэрам Маладзечна быў Карпенка – С.Н.). Гэта значыць, што там, дзе выбарчай кампаніяй прэм’ера не займаецца мясцовы дзяржаўны апарат – у Вячаслава Францавіча поўны правал». («Свабода», 17-23 траўня 1994).

Але вернемся да дня рэгістрацыі.

Нейкіх непрыемных сюрпрызаў у часе рэгістрацыі мы не чакалі, бо збор подпісаў за кандыдата ад Народнага Фронту прайшоў арганізавана.

Увогуле, усё выглядала руціннай працэдурай, пакуль чарга не дайшла да Карпенкі і Лукашэнкі.

З Лукашэнкам высьветліліся дзіўныя акалічнасьці. А менавіта – парушэньне Закону аб выбарах прэзыдэнта.

Частка чацьвёртая артыкулу 24 Закону «Аб выбарах Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь» прадугледжвала наступнае:

«У лістах па збору подпісаў выбаршчыкаў аб вылучэньні кандыдата ў Прэзыдэнты (падпісных лістах) указваюцца прозьвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэньня, прафэсія, займаемая пасада (занятак), месца работы і жыхарства, партыйнасьць кандыдата ў Прэзыдэнты, а таксама прозьвішча, імя і імя па бацьку члена ініцыятыўнай групы, які зьбірае подпісы».

Гэта азначае, што ў падпісных лістах павінны быць указаныя рэальнае месца працы і рэальная пасада, зафіксаваная ў ягонай працоўнай кніжцы. А месца жыхарства – тое, дзе кандыдат прапісаны.

Напрыклад, у падпісных лістах за Пазьняка у графе «месца працы і пасада» было пазначана, што ён зьяўляецца старэйшым навуковым супрацоўнікам Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, а месца жыхарства – Менск, вуліцы Герасіменкі... Менавіта так – «інстытут гісторыі», дзе за Пазьняком была захаваная частка стаўкі, а не Вярхоўны Савет, паколькі ён не працаваў у парлямэнце на сталай, ці, як было прынята казаць, прафэсійнай аснове. Станіслаў Шушкевіч быў пазначаны як дырэктар Цэнтру палітычных і эканамічных дасьледаваньняў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту (а не як дэпутат ВС), Генадзь Карпенка – як старшыня выканкаму Маладзечанскага савету (а не як дэпутат ВС), Аляксандар Дубко – як старшыня калгасу «Прагрэс» Гарадзенскага раёну і г.д.

Адпаведна, у Аляксандра Лукашэнкі такім месцам працы павінен быў быць саўгас «Гарадзец» Шклоўскага раёну Магілёўскай вобласьці. А месцам жыхарства – Шклоў, дзе Лукашэнка быў прапісаны.

З прозьвішчам, імем, імем па бацьку і годам нараджэньня ў Лукашэнкі было нібыта ў парадку (хаця праз гады высьветліцца, што гэта не зусім так – дзень нараджэньня не адпавядаў сапраўднаму).

А вось што да іншых дадзеных, дык тут узьніклі пытаньні. У падпісных лістах, на якіх зьбіралі подпісы за Лукашэнку, было напісана – «Дэпутат Вярхоўнага Савету», а месцам жыхарства пазначаўся горад Менск.

Зусім выключана, што каманда Лукашэнкі (дзе, нагадаю, былі юрысты Дзьмітры Булахаў і Віктар Ганчар) нагэтулькі безадказна паставілася да справы, што зрабіла такую грубую памылку.

Прычым не адну, а адразу дзьве. Кожная зь якіх магла каштаваць іх кандыдату ўдзелу ў выбарах. Хутчэй за ўсё, гэта было зроблена наўмысна.

І вось чаму.

Раней я цытаваў Аляксандра Фядуту, які адзначыў, што электаратам Лукашэнкі мог быць толькі люмпэн. Гэта праўда, але зразумела, што каманда Лукашэнкі імкнулася пашырыць кола ягоных прыхільнікаў. І, як і ўсякая іншая каманда, была зацікаўленая сабраць подпісаў як найбольш.

І зусім верагодна, мог меркаваць кіраўнік ініцыятыўнай групы Булахаў, што пэўная частка патэнцыйных падпішчыкаў палічыла б несур’ёзным падтрымліваць прэзыдэнцкія амбіцыі дырэктара саўгаса, чалавека, які жыве не ў сталіцы, не ў абласным цэнтры, а ў райцэнтры. Хаця наўрад ці колькасьць такіх людзей была б крытычнай – папулярнасьць Лукашэнкі грунтавалася зусім не на ягоных прафэсійных здольнасьцях. Гэтыя рэквізыты зь месцам працы ўвогуле ня мелі асаблівага значэньня – за Пазьняка людзі падпісваліся не як за супрацоўніка інстытуту гісторыі, за Шушкевіча – не як за супрацоўніка ЭГУ. Тым ня менш, як выглядала, вырашылі падстрахавацца.

Пазьней ніхто з удзельнікаў каманды Лукашэнкі не пажадаў высьветліць сытуацыю з афармленьнем падпісных лістоў, але іншага тлумачэньня, чым прыведзенае раней, я не знаходжу.

Але гэта было парушэньне закону – нават калі б і не было сьвядомым падманам. Тут жа, безумоўна, меў месца падман.

Раніцай таго дня, калі адбывалася рэгістрацыя, пра гэтую праблему пісала «Свабода».

«Перад Цэнтральнай камісіяй, такім чынам, паўстае няпростая альтэрнатыва: альбо трымацца духу і літары закону, прызнаць свой ранейшы недагляд і адмовіць Лукашэнку ў рэгістрацыі, альбо, захоўваючы гонар мундзіра, пагадзіцца з парушэньнем закону і зарэгістраваць Лукашэнку. І мы даведаемся, ці памятае старшыня камісіі сп. Абрамовіч рымскае выслоўе: «Dura lex, sed lex» – «Закон суровы, але ён – закон». («Свабода», 31-6 траўня 1994).

Паміж старшынём ЦВК Абрамовічам і Лукашэнкам адбыўся такі дыялёг:

«Дзе Вы прапісаны?» — «Уже год как живу в гостинице «Октябрьская» — «Я не пытаюся, дзе Вы сьпіце, я пытаюся, дзе Вы афіцыйна прапісаны? Дзе Ваш пашпарт»? — «Паспорт? А его у меня украли (сьмех прысутных). Против меня развёрнута кампания травли. У меня как председателя комиссии по коррупции отняли служебный автомобиль. Отняли вместе с документами, потому что они были в «бардачке» (сьмех). Но личность свою я могу подтвердить, если Вы не верите, вот моё удостоверение депутата» (сьмех).

Лукашэнка сказаў, што перааформіць прапіску, як толькі яму вернуць аўтамабіль, паказаўшы пры гэтым на таго, хто павінен быў гэта зрабіць – на Кебіча.

«Нет,ты видишь? Видишь, какой это человек?» – павярнуўся да мяне Кебіч. У адказ я сказаў, што Вы, Вячаслаў Францавіч, самі стварылі з Лукашэнкі героя, і Кебіч гэта ня стаў аспрэчваць.

Строга кажучы, перад Цэнтральнай выбарчай камісіяй стаяў чалавек, які ня меў пры сабе пашпарту альбо пасьведчаньня, якое пацьвярджала ягоную асобу. У той час патрабавалася прад'яўленьне пашпарту ў сытуацыях непараўнальна менш адказных, чым рэгістрацыя кандыдата на пасаду прэзыдэнта краіны. У пазьнейшы час (ужо пры Лукашэнку) адсутнасьць пашпарту будзе лічыцца дастатковай нагодай для затрыманьня чалавека і высьвятленьня ягонай асобы.

Канечне, пасьведчаньнем, якое пацьвярджае асобу, можна было б палічыць дэпутацкае пасьведчаньне – але закон такім вызначаў толькі пашпарт альбо вайсковы білет.

Можна сказаць, што гэта занадта ўжо дробная бюракратычная фармальнасьць – уся краіна ведала Лукашэнку, ведалі яго і члены ЦВК (хаця ў шмат якія ўстановы ці прадпрыемствы ахоўнік не прапусьціць супрацоўніка, нават добра ведаючы яго ў твар, калі той забыўся пропуск).

Але ўжо парушэньне вызначаных законам правілаў афармленьня падпісных лістоў – гэта ўжо выглядала больш сур'ёзнай справай.

Такім чынам, камісія мела ўсе фармальныя магчымасьці не зарэгістраваць Лукашэнку кандыдатам у прэзыдэнты.

Але абмеркаваньня сытуацыі Цэнтральнай выбарчай камісіяй не было – Абрамовіч папрасіў Лукашэнку навесьці парадак са сваёй прапіскай і прапанаваў зарэгістраваць яго кандыдатам.

Камісія праігнаравала парушэньні закону. Пройдзе зусім няшмат часу, і ўжо пры прэзыдэнце Лукашэнку кандыдатаў не ў прэзыдэнты – кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў будуць здымаць з рэгістрацыі за значна менш сур’ёзныя парушэньні пры афармленьні падпісных лістоў.

Чаму Абрамовіч і іншыя члены ЦВК не адмовілі Лукашэнку ў рэгістрацыі?

Хацелі, як выказвала меркаваньне «Свабода», «захаваць гонар мундзіру» (бо за некалькі тыдняў перад тым зарэгістравалі ініцыятыўную групу Лукашэнкі з такімі самымі парушэньнямі ў сьпісе групы)?

Магчыма.

Пабаяліся, што гэта выкліча абурэньне яго прыхільнікаў з усімі наступствамі?

Абурэньне – так, было б, але сур’ёзных наступстваў, тым больш у выглядзе нейкіх масавых акцыяў пратэсту не было б ніякіх, бо ніякай партыйнай структуры, здольнай арганізаваць такія акцыі, у Лукашэнкі не існавала. Да таго ж, чэрвень – ня самы лепшы месяц для масавых акцый нават для буйных партый. Самае большае – нехта зь ягоных зацятых, псыхічна неўраўнаважаных «фанатаў» (а такіх сярод зборшчыкаў подпісаў за Лукашэнку я бачыў), абвясьціў бы галадоўку ў будынку ЦВК (тады ўвесь час нехта абвяшчаў галадоўку ў дзяржаўных установах – так, у будынку Кантрольнай палаты галадаваў яе супрацоўнік, якому адмовілі палепшыць жыльлёвыя ўмовы). Былі б, канечне, гнеўныя заявы і інтэрвію самога Лукашэнкі і іншых «маладых ваўкоў». Лукашэнка, бясспрэчна, узьняў бы свой рэйтынг, і ў арэоле «пакрыўджанага» трыюмфальна прайшоў бы ў Вярхоўны Савет наступнага, 13-га скліканьня. Гэта – верагодныя, але максымальныя вынікі магчымай нерэгістрацыі Лукашэнкі кандыдатам.

Канечне, з адлегласьці часу можна выказаць сур’ёзную прэтэнзію членам Цэнтравыбаркаму, што яны маглі прадухіліць усё тое, што потым адбылося ў Беларусі – але не зрабілі гэтага.

Але гэтак можна казаць сёньня. Тады такое было малаверагодна, і зусім не таму, што ў членаў ЦВК адсутнічаў талент прадбачаньня.

Каб зразумець гэта, трэба ўяўляць атмасфэру таго часу. Напрыклад, падпарадкаваны Кебічу дзяржаўны апарат не цураўся ніякіх мэтадаў барацьбы з апанэнтамі свайго патрона (акрамя забойства і арышту). Але сам Кебіч у дачыненьні да канкурэнтаў, калі казаць пра асабістыя адносіны, паводзіў сябе карэктна – не пагражаў, не зьневажаў і гэтак далей. Такі ўзровень адносінаў да апанэнта на асабістым узроўні выспавядалі і іншыя палітыкі.

Члены ЦВК фармальна не былі палітыкамі, хаця яны прызначаліся Вярхоўным Саветам, і «пракебічаўская» парлямэнцкая большасьць пастаралася, каб сярод іх не было сымпатызантаў Народнага Фронту. Але і ў іх захоўвалася разуменьне, што нельга рабіць удары «ніжэй поясу».

Праз год Віталь Цыганкоў слушна заўважыць, што Лукашэнка (як прэзыдэнт) істотна панізіў планку маральнасьці ў палітыцы, але тады, у 94-м, планка гэтая трымалася на яшчэ даволі высокім узроўні.

І гэты ўзровень прыстойнасьці не дазваляў камусьці ўстаць і сказаць: «Не рэгіструйце Лукашэнку!». Нешта падобнае перад рэгістрацыяй зрабілі ў адносінах да Генадзя Карпенкі члены каманды Шушкевіча – і гэта істотна падарвала імідж Станіслава Станіслававіча.

Члены ЦВК на чале з Аляксандрам Абрамовічам палічылі, што парушана толькі нязначная фармальнасьць, што не дазваляе ігнараваць волю больш як 150 тысяч выбаршчыкаў, якія паставілі свае подпісы за Лукашэнку.

Прыстойнасьць перамагла закон.

Гэта тлумачэньне, якое ляжыць на паверхні. Магчымыя і іншыя, якія будуць лягічна зьвязвацца з тым, што пазьней Аляксандар Абрамовіч будзе прызначаны Лукашэнкам намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта. Альбо з прызнаньнем Кебіча ў мэмуарах, што на выбарах ён з Лукашэнкам змагаўся супраць агульнага ворага – «нацыяналістаў» з БНФ. А ў змаганьні, як вядома, чым болей паплечнікаў – тым лепей.

Як бы тое не было, але Лукашэнка быў зарэгістраваны кандыдатам.

А вось Генадзь Карпенка пакінуў паседжаньне без пасьведчаньня кандыдата ў прэзыдэнты, пра што – наступным разам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG