Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-швэдзкія чытаньні праводзяць у Вільні, бо Эрыксана не пускаюць у Беларусь


Вострая брама ў Вільні

Вострая брама ў Вільні

14-ты раз адбываюцца сумесныя беларуска-швэдзкія чытаньні. Сёлета ў іх бяруць удзел беларускія літаратары Ўладзімер Арлоў, Сьвятлана Курс, Наста Манцэвіч, Віка Трэнас, Уладзь Лянкевіч. Са швэдзкага боку выступаюць Аніта Якабсан і Атэна Фарохзад. Музычную частку забясьпечыць Зьміцер Вайцюшкевіч.

Беларуска-швэдзкія чытаньні ўсе гэтыя гады адбываюцца з ініцыятывы і арганізатарскага імпэту швэдзкай фатографкі Марыі Сёдэрбэрг. Менавіта ёй належыць ідэя знаёміць між сабою літаратараў, музыкаў, артыстаў зь дзьвюх краінаў.

У розныя гады ў чытаньнях удзельнічалі найлепшыя беларускія творцы: Сьвятлана Алексіевіч, Рыгор Барадулін, Алесь Разанаў. Шмат у чым дзякуючы гэтым чытаньням зьявіліся пераклады твораў беларускіх літаратараў на швэдзкую мову і швэдзкіх — на беларускую.

Для Марыі заўжды было важна праводзіць імпрэзу ў Беларусі. І ня толькі ў Менску. Чытаньні ладзіліся ў розных гарадках і мястэчках — ад Ліды да Пінску.

Аднак і гэтая культурніцкая імпрэза стала калісьці ахвярай напружанай палітычнай сытуацыі. Пасьля абвастрэньня дыпляматычнага канфлікту паміж Беларусьсю і Швэцыяй, у выніку якога зь Беларусі быў фактычна высланы швэдзкі пасол Стэфан Эрыксан, шматлікія сумесныя праекты згарнуліся. У тым ліку і гэты.

Леташнія чытаньні давялося праводзіць у Львове і Беластоку. Сёлета абралі Вільню.

Пра праграму падзеяў распавяла журналістка і літаратарка Сьвятлана Курс, якая на чытаньнях прадстаўляе сваю творчасьць пад імем Ева Вежнавец:
Сьвятлана Курс

Сьвятлана Курс

«Сёлета зладзілі гэта ў Вільні, бо шмат хто з арганізатараў не дапушчаны ў Беларусь — гэта і Стэфан Эрыксан, і Марыя Сёдэрбэрг. У Вільню прыехала шмат людзей і зь Беларусі, і са Швэцыі. З нашых — Уладзімер Арлоў, гісторык беларускага паходжаньня Андрэй Катлярчук, які жыве ў Швэцыі. Выступаў Андрэй Дзьвігун, які апавядаў пра „Сьвет танкаў“ — такая вельмі папулярная кампутарная гульня, якую стварылі беларусы. Сёньня ў кіно „Пасака“ адбудзецца паказ швэдзкіх мастацкіх і дакумэнтальных фільмаў, выступіць Зьміцер Вайцюшкевіч, выступяць Стэфан Эрыксан, паэткі Аніта Якабсан і Наста Манцэвіч. Сяргей Будкін распавядзе пра свой мэгапраект „Тузін гітоў“. А заўтра выступае вядомы вайсковы журналіст з Расеі Аркадзь Бабчанка. Заўтра ж выступяць Віка Трэнас, Атэна Фарохзад, Барыс Пятровіч, Анка Ўпала і Стэфан Эрыксан.

Урэшце будзе фінальны паэтычны кубак. Нехта яго выйграе. Такая вясёлая праграма, яна будзе доўжыцца аж да нядзелі 18 траўня».
Зьміцер Вайцюшкевіч

Зьміцер Вайцюшкевіч

Традыцыйныя чытаньні суправаджаюцца музыкай. Сёлета ў Вільню выправіўся Зьміцер Вайцюшкевіч, які нават ня можа згадаць, каторы раз удзельнічае ў чытаньнях — пяты ці шосты:

«Ужо два гады такая сытуацыя. Я спадзяюся, што трохі „пацяплее“ ў Беларусі, і стане магчыма праводзіць іх у Беларусі. Мы бліжэй сталі за гэтыя гады. Я асабіста зрабіў альбом на вершы швэдзкіх паэтаў. Я нават ня думаў, што буду ведаць швэдзкую паэзію на такім узроўні. Шкада, што такія справы ня робяцца разам зь іншымі краінамі, але, напэўна, швэды тут самыя актыўныя».

Завітаць на імпрэзы ў Вільні можна будзе да 18 траўня.
XS
SM
MD
LG