Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 17 траўня: хакей, дзень супраць гамафобіі, ноч музэяў


ПАДЗЕІ ДНЯ

Ноч музэяў у Беларусі. Рознага кшталту выставы ды культурныя імпрэзы пройдуць у музэях Менску і ўсіх абласных цэнтраў.

На чэмпіянаце сьвету па хакеі ў Менску матчы Францыя-Нарвэгія (12.45); Данія-Чэхія (16.45); Італія-Славаччына (20.45)у «Чыжоўка-Арэне»; Латвія-Расея (12.45); Нямеччына-Беларусь (16.45); Казахстан-Швэйцарыя (20.45) у «Менск-Арэне».

17 траўня ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень супраць гамафобіі. Звычайна ў гэты дзень актывісты ладзяць акцыі з мэтай павысіць талерантнасьць да людзей зь нетрадыцыйнай арыентацыяй. 17 траўня 1990 году гомасэксуальнасьць была афіцыйна выключаная зь Міжнароднай клясыфікацыі хвароб.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1788 — у Стакгольме адкрыўся Каралеўскі драматычны тэатар.

1792 — заснавана Нью-Ёркская фондавая біржа.

1814 — у Нарвэгіі прынятая першая Канстытуцыя.

1954 — Вярхоўны суд ЗША абвясьціў незаконнай расавую сэгрэгацыю ў школах.

1985 — у СССР прынята пастанова «Аб мерах па пераадоленьні п’янства і алькагалізму і выкараненьні самагонаварэньня».

У гэты дзень нарадзіліся:

1904 — францускі актор Жан Габэн.

1950 — Валерыя Навадворская, расейская палітычная дзяячка, дысыдэнтка, журналістка, заснавальніца лібэральнай партыі «Дэмакратычны саюз». Нарадзілася яна ў Беларусі, у Баранавічах.

1952 — Анатоль Красоўскі, беларускі бізнэсовец. 16 верасьня 1999 году разам з палітыкам Віктарам Ганчаром быў выкрадзены ў Менску пры нявысьветленых абставінах.

У гэты дзень памерлі:

1510 — Сандра Батычэлі, італьянскі мастак.

1931 — мітрапаліт Менскі і Беларускі Мэльхісэдэк. У 1922 годзе, калі беларуская праваслаўная царква ў БССР абвясьціла сваю аўтаномію ад Масквы, мітрапаліт Мэльхісэдэк узначаліў гэты працэс аддзяленьня. Як прапаведнік, ён быў вядомы сваёй прыхільнасьцю да беларускага нацыянальнага адраджэньня і падпаў за гэта пад перасьлед бальшавіцкіх спэцслужбаў.

1934 — Алесь Салагуб, беларускі паэт, публіцыст. У міжваеннай Заходняй Беларусі браў удзел у дзейнасьці Беларускай сялянска-работніцкай грамады і Таварыства беларускай школы. Сядзеў у польскіх турмах. У 1928-м перайшоў у БССР, дзе празь пяць гадоў падпаў пад рэпрэсіі і быў расстраляны.

1934 — Міхаіл Кахановіч, палітычны дзяяч, пэдагог, рэдактар, публіцыст. У 1919-1922 гадах першы дырэктар Віленскай беларускай гімназіі. Выступаў з публіцыстычнымі артыкуламі ў «Беларускай крыніцы», «Беларускім жыцьці», «Беларускіх ведамасьцях» і іншых. У лістападзе 1922 году абраны дэпутатам ў Сойм Польшчы, сябра Беларускага пасольскага клюбу. У 1925 годзе пераехаў у БССР. Арыштаваны 11 жніўня 1933 году па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру». 9 студзеня 1934 году прысуджаны да расстрэлу. Расстраляны ў НКВД Менску. Рэабілітаваны 16 жніўня 1956.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Ёсьць тры тыпы актораў: дрэнныя, добрыя і вялікія. З дрэннымі ўсё ясна, яны граюць бяздарна, добрыя — граюць добра. А вялікія нічога ня граюць. Яны проста жывуць перад камэрай. Як Жан Габэн, як Бранда. Як я...»

Алэн Дэлён

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG