Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шумчанка пра ўказ Лукашэнкі аб суправаджальных дакумэнтах на тавары: «Катастрофа для малога бізнэсу»


Аляксандар Шумчанка, архіўнае фота

Аляксандар Шумчанка, архіўнае фота

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, які абавязвае мець суправаджальныя дакумэнты на ўсе тавары, у тым ліку і тыя, якія ўвозяцца з краінаў Мытнага зьвязу.

«Для індывідуальных прадпрымальнікаў — платнікаў адзінага падатку з 1 ліпеня 2014 г. усталёўваецца абавязак мець у наяўнасьці на ўсе тавары, якія рэалізуюцца, у тым ліку і на тавары, якія ўвозяцца з краінаў Мытнага зьвязу, дакумэнты, якія пацьвярджаюць набыцьцё (паступленьне) гэтых тавараў», — паведамілі Інтэрфаксу ў прэсавай службе Лукашэнкі.

Да 1 сакавіка 2015 году прадпрымальнікі могуць прадаць рэшткі тавараў, якія былі ўвезеныя на тэрыторыю Беларусі з краінаў Мытнага зьвязу да 1 ліпеня 2014 г. без суправаджальных дакумэнтаў.

Прадпрымальнікі павінны скласьці пералік такіх тавараў паводле стану на 1 ліпеня 2014 г. і цягам месяца зарэгістраваць гэты сьпіс у падатковай інспэкцыі.

Кіраўнік аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка кажа: «Прадпрымальнікі як працавалі, так і будуць працаваць, і зьмяняць нічога ня будуць. Раней мы ладзілі нейкія забастоўкі, зараз будзе па-іншаму».

Шумчанка лічыць палажэньні новага ўказу «невыканальнымі і нежыцьцяздольнымі». Ён думае, што дакумэнт абернецца «катастрофай для малога бізнэсу».

«Будуць нэгатыўныя наступствы сацыяльнага і эканамічнага характару», — прагназуе Шумчанка.

«Прадпрымальнікі будуць працаваць паводле старых нормаў, і дзяржава будзе вымушана пайсьці па шляху штрафаў і санкцыяў. Паглядзім, што яна атрымае ў выніку, — кажа Шумчанка. — Відаць, улада мяркуе, што паступіла правільна. Што ж, хай так і будзе. Цяпер слова за народам, які дасьць ацэнку гэтаму дакумэнту».

Указ пра «дурныя паперкі»


Указ, які ўводзіць суправаджальныя дакумэнты, распрацоўваўся ад пачатку 2014 году.

Раней Шумчанка называў праект указу «дурнымі паперкамі».

Такая пазыцыя кіраўніка «Пэрспэктывы» выклікала пэрсанальны выпад з боку Аляксандра Лукашэнкі:

«Я ведаю, вы людзі нябедныя і можаце замовіць у жоўтай прэсе любы артыкул, але вам раю гэтага не рабіць, таму што можна атрымаць адваротную сытуацыю. І ганіце ад сябе ўсялякіх там Шумчанкаў (...) каб яны нават блізка каля вас не хадзілі. У іх няма нічога з вамі агульнага і быць ня можа, ім трэба іншае».

Паводле ўказу ІП, якія выплачваюць адзіны падатак пры розьнічным гандлі таварамі, абавязаныя перавозіць, захоўваць і рэалізоўваць гэтыя тавары на падставе дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць набыцьцё тавараў.

Самі прадпрымальнікі канстатуюць: у Расеі, адкуль яны прывозяць большую частку свайго тавару, цяжка пры адгрузцы атрымаць пацьвярджальныя дакумэнты.

Будучы ўказ закранае працу прыкладна 60 тысяч ІП, якія ўвозяць і прадаюць тавары.
XS
SM
MD
LG