Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі хакейны функцыянэр: такога «шмону» не было нават у Сочы


Непрыступная «Чыжоўка-арэна»

Непрыступная «Чыжоўка-арэна»

Хакейныя адмыслоўцы і заўзятары заяўляюць, што не сутыкаліся дагэтуль з такім пільным аглядам, які чыняць ахоўнікі менскіх арэнаў перад матчамі чэмпіянату сьвету. Нават расейскія спартовыя функцыянэры кажуць, што кантроль у алімпійскім Сочы быў больш памяркоўны, чым у Менску.

Намесьнік дырэктара расейскай Вышэйшай хакейнай лігі Мікалай Карповіч у свой час пачынаў у газэце «Прессбол», адказваў у тым ліку за хакейную тэму. Кажа, што з задавальненьнем акунуўся ў атмасфэру сьвята, хоць дасьведчанае вока і выхапіла шэраг недапрацовак:

«Самае галоўнае, што ў Менску сапраўды адчуваецца атмасфэра сьвята. Ужо як прылятаеш у аэрапорт, усё прыбрана, упрыгожана; у міжнародным сэктары вельмі ярка, маляўніча. Як у такіх выпадках любяць гаварыць амэрыканцы, прыгожа і чыста. І ў той жа час, калі параўноўваць арганізацыю турніру зь іншымі чэмпіянатамі сьвету, на якіх мне давялося пабываць, хапае недаглядаў, асабліва ў стартавыя дні спаборніцтваў».

І акрэдытаваныя журналісты, і афіцыйныя асобы, і гледачы зь першых дзён наракалі на спэцыфічную арганізацыю допуску на «Чыжоўку» і «Менск Арэну». Калі ў бальшыні краінаў гледачоў на ўваходзе «прасьвечваюць» адмысловымі прыстасаваньнямі, то ў Беларусі старым парадкам абмацваюць зьверху данізу. Мікалай Карповіч пералічвае і іншыя хібы:
Мікалай Карповіч

Мікалай Карповіч

«Гэта і сыстэма пропуску, даволі пільная, на якую скардзіліся ня толькі простыя абывацелі, але і прадстаўнікі СМІ, афіцыйныя асобы. Гэта і незапоўненыя трыбуны, хоць кіраўнік дзяржавы абяцаў, што ніводнага пустога месца ня будзе. Арганізацыя і ўвогуле праца са сродкамі масавай інфармацыі — таму што ў першыя дні, наколькі я ведаю, не насілі ні саммары на трыбуны, не было ні мэдыя-гайдаў, да гэтага часу няма нават афіцыйных праграмак чэмпіянату — ня тое што ў продажы, але і для саміх журналістаў. Яны ім даваліся толькі ў прэзэнтацыйных пакетах».
Сыстэму кантролю на менскім чэмпіянаце сьвету параўноўваюць зь нядаўнімі значнымі спартовымі мерапрыемствамі ў суседзяў — футбольным чэмпіянатам Эўропы ў Польшчы і Ўкраіне і Алімпіядай у Расеі. Як кажа суразмоўца, наведнікаў так не абшуквалі нават у шмат крытыкаваным Сочы:

«Так, магу сказаць, што асабіста я ўпершыню сустрэўся з двума кардонамі агляду. Часам такое практыкуецца ў Расеі на буйных мерапрыемствах, але нават расейскія калегі, журналісты скардзіліся, што толькі за адзін дзень яны па пяць разоў уключалі і выключалі свае ноўтбукі. Некаторыя адразу ж згадалі, што за ўсе Алімпійскія гульні ў Сочы гэта давялося зрабіць толькі аднойчы, а тут — у пяць разоў часьцей кожны дзень. Дзеля справядлівасьці, на трэці-чацьвёрты дзень сытуацыя стала нашмат лепш арганізаванай, гэта я адчуў і па сабе, і цяпер ужо няма такіх вялізных чэргаў на падыходах да арэнаў. Бо ў першы дзень на матч Францыя — Канада, гледачом якога я быў, многія здолелі трапіць на трыбуны толькі пад сярэдзіну другога пэрыяду».
У першы дзень на матч Францыя — Канада, гледачом якога я быў, многія здолелі трапіць на трыбуны толькі пад сярэдзіну другога пэрыяду
Адной з памылак арганізатараў Мікалай Карповіч лічыць адсутнасьць жывых трансьляцыяў на вялікіх экранах у фан-зонах ля хакейных арэнаў і ў зонах гасьціннасьці. Па яго словах, для кішэні беларускіх аматараў цэны праходу на матчы досыць высокія, і калектыўны прагляд быў бы добрым спосабам далучыцца да хакейнага сьвята:

«Я параўноўваю кошты зь бюджэтам сваіх бацькоў, сваіх сяброў, якія могуць дазволіць сабе наведаць адзін, ну максымум два матчы. І тое, скажам так, ня самыя рэйтынгавыя. Бо на рэйтынгавыя гульні папросту не дастаць квіткоў, альбо застаецца перакупляць задорага, а гэта — паўмесячны сямейны бюджэт. Ведаю, што ў мяне сябра набываў квіток на матч Расея — ЗША, дык перакупнікі прапаноўвалі білет за 150 даляраў, прычым на квітку не было цаны, а красаваўся „нулік“. Гэта значыць, што квіток прыраўноўваўся да запрашэньня альбо распаўсюджваўся па арганізацыях. Вось і адказы на шмат якія пытаньні, у тым ліку — чаму пустуюць трыбуны?»

Дзівіць суразмоўцу і сьмелы экспэрымэнт беларускіх уладаў — забарона прадаваць цягам хакейнага першынства імпартаванае піва, галоўны напой усіх спартовых заўзятараў:

«Яшчэ, вядома, можна адзначыць такі „маркетынгавы“ ход, як забарона на продаж імпартнага піва. З аднаго боку, арганізатараў зразумець можна, а зь іншага — вельмі і вельмі складана. Бо права на выбар павінна заставацца ў любым выпадку. Магчыма, для замежнікаў гэта і экзотыка — прадэгуставаць мясцовае, але ж не ў такой колькасьці. Тым больш лятальныя выпадкі, як я разумею, на чэмпіянаце ўжо ёсьць — хоць я, вядома, гэтых рэчаў паміж сабой наўпрост ня зьвязваю. Але кажуць, што нібыта трагедыя здарылася ў тым ліку і на глебе „перабору“».
Нягледзячы на ня самыя моцныя склады камандаў, мы бачым добры, цікавы хакей
Ацэньваючы хакейную імпрэзу як відовішча, Мікалай Карповіч кажа, што нацыянальныя зборныя нават у не наймацнейшых складах дэманструюць дастаткова якасную гульню. І лічыць, што ў беларусаў застаюцца рэальныя шанцы трапіць у наступны этап чэмпіянату сьвету:

«Нягледзячы на ня самыя моцныя склады камандаў, мы бачым добры, цікавы хакей. Фактычна ў кожным матчы прысутнічае барацьба, і, самае галоўнае, досыць шмат сюрпрызаў. У прынцыпе, заўзятарам такая непрадказальнасьць падабаецца. Што да гульні беларускай зборнай, то яна прыбаўляе літаральна ад матча да матча. Цешыць, што ў гульні са швайцарцамі нарэшце праявілі сябе лідэры, тыя, хто і павінен, як кажуць, „граць на раялі“ — гэта Сяргей Касьціцын, Міхаіл Грабоўскі. Таму, па вялікім рахунку, у гэтай зборнай, насуперак скептычным прагнозам многіх спэцыялістаў, у тым ліку замежных, зьявіліся нядрэнныя шанцы на выхад у чвэрцьфінал. Хоць, дзеля справядлівасьці, зрабіць гэта будзе вельмі і вельмі складана».

Напярэдадні зборная Беларусі прайграла фінам, ускладніўшы шанцы на трапляньне ў чацьвёрку лепшых у сваёй групе. У той жа час даўнія і прынцыповыя супернікі беларусаў — латышы — выйгралі ў амэрыканцаў і ўмацавалі турнірныя пазыцыі перад вырашальнымі сустрэчамі.
XS
SM
MD
LG