Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цікава назіраць, як беларускія дзяржаўныя мэдыі асьвятляюць падзеі ва Ўкраіне. Яны апынуліся перад дылемай. З аднаго боку, трэба не паўтараць поўнасьцю прымітыўныя схемы і стэрэатыпы расейскіх тэлеканалаў, выказаць сваю пазыцыю згодна з дыпляматычнай лініяй афіцыйнага Менску, які спрабуе імітаваць збалянсаваную палітыку. А зь іншага боку, нельга пры гэтым пакрыўдзіць Расею. У выніку атрымліваецца дзівосны фэномэн: пра ўкраінскі крызіс апавядаюць, нічога ня кажучы пра яго вырашальны чыньнік — ролю Расеі, цалкам яе ігнаруючы. У сухім астатку атрымліваецца даволі штучны, няўклюдны ідэалягічны канструкт.

Хто ж, паводле дзяржаўных мэдыяў, вінаваты ва ўкраінскім крызісе, калі не Расея? Правільна, вы ўгадалі. Вядома ж, Захад.

Вось Лукашэнка каторы раз паўтарае: толькі ня трэба прысутнасьці НАТО ва Ўкраіне. Але ж гэтае пытаньне нельга аддзяліць ад дзеяньняў Расеі, якая сваім умяшаньнем ва ўкраінскія справы не пакідае Кіеву ніякіх варыянтаў, акрамя як зьвярнуцца па дапамогу да Паўночнаатлянтычнага альянсу.

Дзяржаўныя мэдыі ўвесь час даводзяць, што менавіта Захад зрабіў ва ўкраінскім пытаньні вялікую памылку, ставячы перад Януковічам пытаньне рубам: альбо Ўкраіна ўступае ў саюз з Захадам, альбо з Расеяй. І, маўляў, гэта і разбурыла, разарвала краіну па геапалітычных вэктарах.

Але, па-першае, дакладна гэтаксама, а магчыма, яшчэ больш жорстка ставіла пытаньне і Расея. Па-другое, калі гаварыць пра драматычную гісторыю з падпісаньнем Украінай дамовы аб асацыяцыі з ЭЗ, то аб’ектыўна ніякая краіна ня можа адначасова знаходзіцца ў двух эканамічных саюзах з рознымі гандлёвымі рэжымамі (ЭЗ і Мытны зьвяз). Гэта не залежыць ад добрай ці злой волі палітыкаў.

Яшчэ адзін папулярны тэзіс беларускіх дзяржаўных мэдыяў, які, дарэчы, перапявае расейскую прапаганду. Маўляў, Захад у Югаславіі стварыў прэцэдэнт — і правёўшы «гуманітарную інтэрвэнцыю», і прызнаўшы незалежнасьць Косава. І гэта адчыніла скрыню Пандоры. Расея толькі паўтарае, таму ня варта ўжываць дваістыя стандарты.

Тут трэба вызначыцца: Захад у Югаславіі дзейнічаў правільна ці няправільна? Расея і Беларусь увесь час даводзілі, што ЗША і ЭЗ на Балканах вядуць сябе дрэнна, нават злачынна. Калі так, то навошта ж паўтараць глупствы? Калі падыходзіць з гэтай шкалой, то і Расея ва Ўкраіне паводзіць сябе злачынна? Ці не?

Зь іншага боку, «гуманітарная інтэрвэнцыя» ў Югаславіі стала рэакцыяй на масавыя этнічныя чысткі, у выніку якіх дзесяткі тысяч людзей загінулі, сталі ўцекачамі. Ці гэта мае месца ва Ўкраіне? Адзінае, што ў гэтым пляне маглі прыдумаць расейскія тэлеканалы, — закід наконт уціску расейскамоўных ва Ўкраіне.

Калі казаць пра косаўскі прэцэдэнт, то ён мала падобны да крымскага. Косава фактычна з 1999 году — незалежная дзяржава. І Захад толькі зрабіў дэ-юрэ тое, што было дэ-факта. І, галоўнае, Косава, у адрозьненьне ад Крыму, не далучалі ні да якай іншай дзяржавы, яно стала незалежным.

Другі віноўнік цяперашняга ўкраінскага крызісу, як лічаць беларускія дзяржаўныя мэдыі, — гэта Майдан, «фашыствуючыя малойчыкі «Правага сэктару», кіеўскія ўлады. Вось «Советская Белоруссия» за 13 траўня піша:
«Скажам, раней існавала табу: у цывільнае насельніцтва страляць нельга. Менавіта таму Януковіч не адважыўся правесьці контратэрарыстычную апэрацыю на Майдане. Заходнія палітыкі назвалі гэта непрымальным. Сёньня тыя ж самыя людзі сталі прыхільнікамі сілавога здушэньня пратэстаў на паўднёвым усходзе».

Хіба ж антытэрарыстычная апэрацыя ўкраінскіх уладаў скіраваная супраць мірнага насельніцтва? У Славянску, Краматорску, іншых гарадах усходу Ўкраіны будынкі органаў улады захопліваюць баевікі з аўтаматамі. Нават расейскія тэлеканалы паказваюць узброеных людзей. А ў Славянску зьбілі верталёт ракетным комплексам.

Палітычны аглядальнік газэты «Советская Белоруссия» Ўсевалад Шымаў у той жа дзень, 13 траўня, піша:
«Рэфэрэндум аб самавызначэньні Данецкай і Луганскай вобласьці Ўкраіны адбыўся».

А потым трохі ніжэй зазначае:
«Сапраўды, з гледзішча фармальна-юрыдычнага рэфэрэндум, які праводзіцца ва ўмовах фактычна баявых дзеяньняў, выглядае сумнеўным».

Але калі пры ўсенародным апытаньні не прытрымліваюцца юрыдычных працэдураў, то ягоныя вынікі з прававога гледзішча нікчэмныя. Тады нельга казаць, што адбыўся рэфэрэндум. Гэтую дзею трэба назваць нейкім іншым словам.

Усевалад Шымаў абвінавачвае кіеўскія ўлады, што тыя занялі «непрымірымую пазыцыю адносна прыхільнікаў фэдэралізацыі, абвясьціўшы іх тэрарыстамі і сэпаратыстамі, учыніўшы крывавую «антытэрарыстычную апэрацыю».

Дзіўныя прыхільнікі фэдэралізацыі Ўкраіны, якія вывешваюць расейскія сьцягі на захопленых будынках, а «Данецкая народная рэспубліка» зьвярнулася да Расеі з просьбай далучыць Данбас да РФ. Гэта і ёсьць фэдэралізацыя?

Дарэчы, Расея ў свой час з сэпаратыстамі ў Чачні, якія хацелі аддзяліцца ад РФ, распраўлялася вельмі рашуча і крывава. Не параўнаць з тым, як паводзяць сябе ўкраінскія сілавыя структуры. Горад Грозны пасьля масіраваных бамбардзіровак нагадваў Сталінград 1942 году.

Зразумела, шукаць лёгікі ў прапагандысцкіх канструктах ня варта. Яны працуюць па іншых правілах. Выходзіць трохі пацешна.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG