Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захапляюся разьвіцьцём гуманітарнай думкі ў ЗША, Ангельшчыне і Францыі. Вельмі шкада, што цяперашняя палітычная і культурная сытуацыя ў Беларусі не спрыяе набліжэньню гэтых бліскучых інтэлектуальных школаў да беларускіх розумаў.

Асабліва я захапляюся гісторыкамі, а сярод іх найбольш — амэрыканцам Марцінам Маліа і французам Аленам Бэзансонам. Абодва яны ўсё сваё навуковае жыцьцё прысьвяцілі вывучэньню і асэнсаваньню Расеі і яе шляху. Вынікам у Маліа стала кніга «Расея вачыма Захаду» (1999). Вынікам у Бэзансона стала кніга «Сьвятая Русь» (2012). Мне больш даспадобы Бэзансон, але канцэпцыі ў іх блізкія настолькі, што можна гаварыць адно аб лякальных разыходжаньнях.

Маліа памёр у 2004 годзе, Бэзансон яшчэ плённа працуе, ён аўтар больш дваццаці кніг, але ягоныя высновы адносна Расеі фактычна працягваюць канцэпцыю Маліа і на працягу апошніх гадоў паўтараюцца з публікацыі ў публікацыю, таму прывяду іх тут тэзісна без спасылкі на тую ці іншую кнігу або артыкул гэтых аўтараў.

У Расеі водгукі на іх працы розьняцца ад стрымана нэўтральных, праз памяркоўна крытычныя (з выкарыстаньнем слова «жоўць») да адкрыта непрымальных з абвінавачаньнем у русафобіі. Але гэта тычыцца іншых працаў Маліа і Бэзансона. Кнігі, якія я назваў падсумаваньнем іх дасьледаваньняў і пра якія тут пойдзе гаворка, у Расеі пакуль не выходзілі.

Самападман Захаду


Абодва гісторыкі лічаць, што гістарычна Расея Эўропай не была. Яна не адпавядае тром клясычным прыкметам: там не было сярэднявечнай царквы і імпэрыі, там не было фэадалізму і рыцарства, і там не было Адраджэньня і Рэфармацыі. Як вядома, у 1820-я гады паэт Пушкін казаў, што ў Расеі адзіны эўрапеец — гэта ўрад.

Ня гледзячы на гэта, Захад некалькі разоў улюбляўся ў Расею. Эўропай яе прызналі ў канцы XVIII стагодзьдзя за часы Кацярыны ІІ, якая хітра стварыла сабе імідж разумнай і рацыянальнай кіраўніцы, што падтрымлівае навуку і асьвету (насамрэч — адзін-адзіны Маскоўскі ўнівэрсытэт). Пратэстуючы супраць «неразумнага» ўладкаваньня заходніх дзяржаваў паводле так званага Старога парадку, філёзафы-асьветнікі Вальтэр, Дыдро, Даламбэр і Блэкстоўн лічылі, што Расея нават лепш за іншыя дзяржавы кантынэнту. Яны марылі пра Новы парадак у Эўропе, і спадзяваліся, што Стары ім дапаможа разбурыць Расея. Хоць, насамрэч, імпэратрыца будавала ў Расеі якраз парадак Стары. Не падмануўся Кацярынай ІІ толькі Русо, які сымпатызаваў Польшчы. Яго калегі спадзяваліся, што рэформы прынясе «разумны манарх», а палякі прапанавалі нешта нечуванае — Канстытуцыю 3 траўня, за што старыя рэжымы Польшчу і падзялілі. Кацярына ІІ канчаткова прывучыла 100 тысяч сем’яў да эўрапейскага адзеньня, за што іх прызналі эўрапейскім дваранствам, а астатнія 40 мільёнаў расейцаў засталіся там, дзе былі — у Ардзе і рабстве. Пік гэтага захапленьня прыпаў на пачатак ХІХ стагодзьдзя, калі кіраваў Аляксандар І. Яго бюст стаяў нават за акіянам у кабінэце Джэфэрсана. Расчараваньне наступіла пасьля Венскага кангрэсу, калі Расея, каб атрымаць болей дывідэндаў, банальна хлусіла, што яе ўсходняя мяжа праходзіць па Ўрале, і пасьля задушэньня паўстаньня 1831 году ў Польшчы, Літве і Беларусі.

Другі раз заходнія інтэлектуалы падмануліся наконт Расеі ў 20-30-я гады ХХ стагодзьдзя, калі амаль спрэс сымпатызавалі бальшавікам. Зь белай эміграцыяй ніхто з «прагрэсіўных» заходніх інтэлектуалаў не хацеў нават знацца.

Трэці раз наконт Расеі на Захадзе падмануліся ў 90-я гады ХХ стагодзьдзя, пры Ельцыне і Пуціне. Пуцін у нашы дні гэтае захапленьне і пахаваў.

Нямеччына і Расея — сёстры. Фашызм і камунізм — сіямскія блізьняты


Пасьля 1831 году заходнія інтэлектуалы зноў пачынаюць маляваць Расею чорнымі фарбамі. Асабліва вызначыліся ў гэтым Кюстын, Мішле, Уркхарт, Маркс. Але найболей зьнішчальна Расею тады прааналізаваў Гізо, які зноў вырашыў, што гэтая краіна Эўропе не належыць, бо ня мае сярэдняй клясы, канстытуцыйных свабодаў, а значыць — цывілізацыі. Гізо падтрымаў і расеец Пётар Чаадаеў.

У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя Эўропа падзялілася на дзьве часткі. З аднаго боку на больш лібэральныя Францыю і Ангельшчыну, зь іншага — на больш кансэрватыўныя Аўстрыю, Прусію і астатнія нямецкамоўныя краіны. Якраз у тыя часы нямецкія філёзафы-рамантыкі выпрацавалі канцэпцыю Sonderweg — «асаблівага шляху», каб кампэнсаваць сваё адставаньне ад больш «цывілізаваных» (у катэгорыях Гізо) Ангельшчыны і Францыі. Калі Расея задушала польскае паўстаньне 1831 году, у Ангельшчыне ішла рэформа выбарчай сыстэмы, а Францыя другі год жыла пасьля лібэральнай рэвалюцыі 1830 году.

Да другой паловы ХІХ стагодзьдзя расейская мова разьвілася настолькі, што зрабіла магчымым паўставаньне вялікай літаратуры і культуры. Расейскія паэты, пісьменьнікі, мастакі і кампазытары ня толькі дасягнулі эўрапейскіх вышыняў, але і самі сталі прыкладам для эўрапейцаў.

Тым часам расейскія інтэлектуалы паловы ХІХ стагодзьдзя ўхапіліся за нямецкі «асаблівы шлях» з той жа мэтай — каб кампэнсаваць сваё спрадвечнае адставаньне ад Эўропы. Гэтак пачаўся новы этап збліжэньня расейскага і нямецкага сьветаў, якое было запачаткавана на глебе антыкаталіцтва яшчэ Пятром І. Гэтаму спрыялі і немцы, якія ў «расейскай душы» імкнуліся знайсьці зьмякчэньне для свайго рацыянальнага пазытывізму. Русафіламі былі Ніцшэ і Бісмарк. А Мёлер ван дэн Брук у сваім русафільскім традыцыяналізьме ледзьве ня стаў бацькам нацызму.

Але і Маліа, і Бэзансон ня лічаць немцаў і расейцаў вінаватымі ў нараджэньні фашызму і камунізму, якія яны называюць сіямскімі блізьнятамі. Акцэптацыю гэтых ідэалёгіяў абедзьвюма краінамі яны лічаць выпадковасьцю гісторыі. За фашызм і камунізм яны лічаць адказнымі Францускую рэвалюцыю, якая нарадзіла нацыяналізм і сацыялізм. Тым ня менш, гэты працэс нямецка-расейскага збліжэньня шмат што тлумачыць нам і ў нашы дні.

А ў ХІХ стагодзьдзі эўрапейская літаратура Расеі спрычынілася да нараджэньня інтэлігенцыі, якая, на падставе тэорыі «асаблівага шляху» вырашыла, што адставаньне Расеі — не недахоп, але здабытак, бо зьяўляецца лепшай глебай для сацыялізму, які ўсё роўна чакае ўсю Эўропу. Так і пачалося...

У ХХ стагодзьдзі расейскі філёзаф Фёдар Сьцяпун пісаў пра тыпалягічнае падабенства Расеі і Нямеччыны, паказваючы тым самым, што і расейцы падсьвядома адчувалі да немцаў асаблівую блізкасьць.

Загадкавая «руская душа»


І Маліа, і Бэзансон думку пра існаваньне нейкай асаблівай і загадкавай «рускай душы» лічаць поўнай лухтой, мітам. Яны лічаць Расею звычайнай краінай, а расейцаў — звычайным народам. Іншымі словамі, Цютчаў памыляўся. Гісторыкі перакананыя, што толькі расісты або людзі, якія вераць у асаблівае прызначэньне асобных нацыяў, могуць адмаўляцца разглядаць шлях Расеі з дапамогай параўнаўчых мэтадаў. На іх думку, успрыманьне Расеі ў Эўропе (як яе найбліжэйшага суседа і кантакцёра) залежыць найперш ад эвалюцыі самой Эўропы.

Для ілюстрацыі падыходзіць прыклад усходніх эўрапейцаў, якія ведаюць Расею знутры. Яны ня маюць да Расеі нянавісьці, часта яны яе нават любяць, але яны ніколі ня згодзяцца з тымі, хто ім скажа, што Расея — гэта Эўропа. Бэзансон прыводзіць тут імёны Густава Харлінга-Грудзінскага, Чэслава Мілаша, Адама Чапскага і ангельскага пісьменьніка польскага паходжаньня Джозэфа Конрада.

Адставаньне Расеі ад Захаду


На думку гісторыкаў, Расея стала ахвярай свайго геаграфічнага разьмяшчэньня — занадта далёка яна была ад цэнтраў цывілізацыі. Калі большасьць гісторыкаў схілялася да думкі, што Расея адставала ад Захаду прыблізна на 50 гадоў, дык Бэзансон паказвае, што сельская гаспадарка Расеі ў 1913 годзе дасягнула ўзроўню, на якім ангельская гаспадарка была ў часы вайны Пунсовай і Белай ружы (XV ст.), а ў некаторых духоўных аспэктах Расея адставала ад Захаду на тысячу гадоў. Таму ён робіць выснову, што Расея была Эўропе чужой не таму, што адставала ад яе, але таму што даганяла, і гэта ўплывала на яе разбуральна.

Даганяць даводзілася з дапамогай экстэнсіўных мэтадаў. У Эўропе чыноўнікі былі свабоднымі, у Расеі, пры Пятры І — рабамі. Бэзансон прыводзіць знакамітыя словы Ключэўскага аб тым, што Пётар хацеў, каб рабы заставаліся рабамі, але пры гэтым дзейнічалі свабодна. Памылкі Пятра І хацела паправіць Кацярына ІІ, збудаваўшы манархію эўрапейскага ўзору, але не пасьпела. Здарылася Француская рэвалюцыя, якая прымусіла Расею абараняцца пры дапамозе экстэнсіўных сродкаў. Русо, які тонка разумеў Расею, задоўга да 1789 году сказаў, што «Расея згніла, не пасьпеўшы сасьпець».

Кампэнсацыя непаўнацэннасьці рэлігіяй


Гэта адно з разыходжаньняў паміж Маліа і Бэзансонам. Бэзансон надае расейскаму рэлігійнаму пачуцьцю значна большае значэньне. На яго думку, гонка за Эўропай — адна з галоўных прычынаў няўдачы Расеі. З аднаго боку расейцы разумелі, што адстаюць і трэба даганяць. А зь іншага — яны ў межах імпэрыі гэтую Эўропу мелі самі — Прыбалтыку, Польшчу і Беларусь, якія стаялі на значна больш высокім ўзроўні культурнага і гаспадарчага разьвіцьця; што дапамагала расейцам саміх сябе лічыць Эўропай. Калі б яны своечасова здагадаліся адмовіцца ад захопленых імі кавалкаў эўрапейскай цывілізацыі, то гэта магло б даць ім шанц на пазытыўныя зьмены ўнутры сваёй краіны.

Тым ня менш, гэтага ня здарылася ў ХІХ стагодзьдзі, адставаньне працягвалася і патрабавала нейкай кампэнсацыі. Расейцы яе прыдумалі — не на справе, а на словах. Бэзансон сьцьвярджае, што расейская манія велічы ня мае сабе роўных і мае карэньні выключна ў асаблівасьцях рэлігійнага духу. Усе падарожнікі адзначалі панічны страх расейцаў перад лацінскім сьветам і каталіцкай культурай. Пётар І разбурыў гэты мур, гвалтам правёўшы «рэфармацыю» і «сэкулярызацыю» Праваслаўнай царквы, але ў ХІХ стагодзьдзі яна зноў аджыла і другі раз дапамагла расейцам (пасьля Філафэя) кампэнсаваць ва ўласным уяўленьні сваё зусім не ўяўнае адставаньне. «Мы ня горш за эўрапейцаў, мы проста іншыя», або — у нас свой шлях, Sonderweg. І ня толькі іншыя. Паколькі Эўропа сама сябе спрэс крытыкуе ў сваіх артыкулах і кнігах, то мы нават лепш за яе, бо ў нас адзіная сапраўдная вера — праваслаўная. Бэзансон піша, што Гогаль і Дастаеўскі апраўдвалі ўсё расейскае мярзоцьце яго нацыянальным характарам. А раз нацыянальнае, значыць прасякнутае рэлігійным духам, што карысна ўдвая. Іншымі словамі, на Русі процьма грэшнікаў, але сама яна чыстая і бязгрэшная, як чыстая і бязгрэшная сама Царква.

Паводле Бэзансона, такое дзіўнае перапляценьне рэлігійнага і нацыянальнага пачаткаў (уласьцівае ў значна больш вытанчаных формах і ангельцам) зрабіла расейскі нацыяналізм адзіным нацыяналізмам, якім лёгка «заражаюцца» іншаземцы. Ён вельмі справядліва піша, што большасьць дасьледчыкаў, якія вывучаюць Расею, пранікаюцца расейскім духам. Мне таксама ўжо даводзілася пісаць, што супрацоўнікі шматлікіх катэдраў славістыкі па ўсім сьвеце зьяўляюцца сёньня добраахвотнымі адвакатамі Расеі перад сваімі ўрадамі і ва ўсіх палітычных ды інтэлектуальных спрэчках. А Бэзансон сьцьвярджае, што так было і раней, і прыводзіць прыклад харвацкага ксяндза Крыжаніча, які ў XVII паехаў у Расею, каб навярнуць яе на каталіцтва. Яго арыштавалі і на 15 гадоў адправілі ў Сыбір, адкуль ён вярнуўся яшчэ больш закаханым у Расею.

Нават сёньня пераход расейца ў пратэстанцтва або каталіцтва шмат каму ўяўляецца самай сапраўднай здрадай. Салжаніцын пісаў, што Польшча была для расейцаў значна большай пагрозай, чым татара-манголы, бо магла прымусіць Расею зьмяніць веру.

Сёньня зноў назіраецца адраджэньне праваслаўнай царквы (ужо трэцяе), каб дапамагчы Расеі кампэнсаваць адчуваньне непаўнацэннасьці, выкліканае адставаньнем ад Эўропы. Сёньня зноў рэлігійнае атаясамліваецца з нацыянальным, а нацыянальнае з рэлігійным.

Кампэнсацыя непаўнацэннасьці імпэрыяй


Імпэрскае пачуцьцё расейцаў зьяўляецца другім спосабам кампэнсацыі ўласнай непаўнацэннасьці.

На думку нашых гісторыкаў, расейцы так і не навучыліся выкарыстоўваць захопленую прастору з карысьцю для сябе, ня кажучы ўжо пра тое, каб нармальна яе засяліць. На думку Маліа, роля велізарнай тэрыторыі Расеі зводзіцца выключна да таго, каб сілкаваць пыху расейцаў: «Мы займаем шостую частку сушы». У людзей узьнікае пачуцьцё, што гэты геаграфічны размах аказвае ўплыў на расейскую гісторыю, робіць яе больш велічнай і гераічнай. І яно ж зьяўляецца пажыўнай глебай для нараджэньня хімераў «эўразійства».

Бэзансон, разважаючы пра імпэрскае пачуцьцё расейцаў, раз за разам вяртаецца да сваёй (і Маліа) думкі, што валоданьне Расеяй больш разьвітымі Прыбалтыкай, Польшчай і Беларусьсю замінала расейцам рэальна рухацца ў бок Эўропы. Да 60-х гадоў ХІХ стагодзьдзя патрэба ў палітычнай рэформе стала зусім відавочнай, але, каб яе правесьці, трэба было адпусьціць на волю Прыбалтыку і Польшчу. Мэханізм тут быў такі. Адмовіўшыся ад заходніх губэрняў, Расея траціла імпэрскае пачуцьцё, а кампэнсаваць гэтую страту магла б толькі лібэральная або нават дэмакратычная рэвалюцыя, якая магла прывесьці краіну да росквіту. Але гэта быў занадта балючы і доўгі шлях, на што расейская эліта згодная не была. Усе расейскія пісьменьнікі і гісторыкі (за выключэньнем Талстога і Чэхава) апраўдвалі ўладу Расеі над Польшчай, Украінай і Беларусьсю. Пушкін нават напісаў оду ў гонар задушэньня паўстаньня 1831 году

У 1945 годзе Расея вярнула сабе былыя калёніі і нават пашырыла зону свайго ўплыву, і гэта тут жа паставіла яе перад старой дылемай, якая зноў выракла СССР на стагнацыю. Фраза маркіза дэ Кюстына пра «раба, які стаіць на каленях і марыць пра ўладу над цэлым сьветам» апісвае гэтую сытуацыю надзвычай дакладна.

Кампэнсацыя непаўнацэннасьці хлусьнёй


Трэцім спосабам кампэнсаваць уласную непаўнацэннасьць — і пры гэтым самым простым і самым даступным — стала для расейцаў хлусьня, або адмаўленьне насуперак відавочным фактам нейкага адставаньня Расеі ад Захаду. Вядома, Маліа тут жа агаворваецца, што гэтая выснова зусім ня сьведчыць пра нейкую прыродную схільнасьць рускіх людзей да хлусьні. Проста разрыў паміж марамі, ідэаламі і праектамі расейцаў — і рэальнасьцю заўсёды быў і застаецца такім вялікім, што лячыць раны, нанесеныя ўласнаму гонару, даводзіцца з дапамогай хлусьні.

Традыцыя хлусьні нарадзілася тады, калі і жаданьне дагнаць Захад — у XVIII стагодзьдзі. Адзін зь яркіх прыкладаў, заўважаны яшчэ Кюстынам, Марксам і Мішле, гэта зьява, калі пісаныя законы і правілы застаюцца дзеючымі толькі на паперы і не знаходзяць ніякага рэальнага ўвасабленьня ў рэальным жыцьці. «Закон что дышло: куда повернул — туда и вышло». А з гэтым суседнічаюць і цьверджаньні пра прагрэс і шлях наперад, якога ў сапраўднасьці няма. Ня цяжка заўважыць, што гэта мае месца ня толькі ў Расеі, але і ў сучаснай Беларусі, што сьведчыць наколькі глыбока яна русыфікаваная.

І Маліа, і Бэзансон згодныя, што камунізм не выцякаў з нацыянальнай прыроды Расеі. Але Бэзансон трапна заўважае, што якраз камунізм валодае інфэрнальнай здольнасьцю неверагодна абвастраць у нацыянальным характары і нацыянальных формах дзяржаўнага кіраваньня самыя горшыя рысы. Камунізм ня толькі затармазіў разьвіцьцё Расеі, ён зь неверагоднай хуткасьцю і сілай абвастрыў усё тое кепскае, што эўрапейцы заўважалі ў расейскім дзяржаўным уладкаваньні і ладзе іх жыцьця. Маліа піша, што ніколі Расея не стаяла так блізка да Эўропы, як у 1913 годзе. Прайшло ўсяго пяць гадоў, і аказалася, што ніколі яна не была такою ад Эўропы далёкаю. На зьмену некалькім тысячам вязьняў прыйшлі мільёны, на зьмену некалькім тысячам супрацоўнікам тайнай паліцыі — мільёны гэбістаў, на зьмену звычайнай хлусьні — хлусьня плянэтарнага, усяленскага маштабу, якая стварыла, фактычна, іншую рэальнасьць. Камунізм давёў да жахлівай мяжы ўсе рысы расейскага характару, як гэта сталася і ў Кітаі пры Мао Дзэ-дуне.

Усе доўгія 70 гадоў камуністычная ўлада СССР была апантаная імкненьнем «дагнаць і перагнаць» Захад. Справа скончылася тым, што яна пабудавала дзяржаву «некапіталістычную» і «ультра-расейскую».

Але і пасьля распаду СССР аказалася, што хлусьня ў Расеі жывая і захоўвае свае старыя пазыцыі. Былыя камуністы-апаратчыкі і генэралы адміністрацыйнай эканомікі вокамгненна ператварыліся ў дэмакратаў-рыначнікаў, якія зь вялікім спрытам сталі выдаваць уласнае ўзбагачэньне за прыватызацыю, засваеньне крэдытаў МВФ і заходніх банкаў. Усё гэта, паводле Бэзансона, сьведчыць, што яны па-ранейшаму дасканала валодаюць сваім старажытным рамяством і хлусяць іншаземцам так жа ўдала, як і раней.


Які шлях Расея выбірае


І Маліа, і Бэзансон згодныя, што Расея больш ніколі ня вернецца да камунізму. Але праблема палягае ў тым, што яна ад камунізму цалкам не ачысьцілася, не забыла яго і не пракляла. Помнікі Леніну на плошчах гарадоў і яго мумія ў цэнтры Масквы некранутыя. Камунізм успрымаецца ў Расеі ня як паталягічная, злачынная памылка, але як адзін з пэрыядаў расейскай гісторыі, у якім было і добрае, і дрэннае. Расея амніставала камунізм, а Захад, які ратыфікаваў гэтую амністыю і падзяліў з Расеяй яе бяспамяцтва, таксама нясе сёньня адказнасьць за тое, што адбываецца.

Абодва нашы гісторыкі згодныя ў тым, што існуе толькі адзін шлях, па якім Расеі варта было б ісьці — шлях эўрапеізацыі, рэфармаваньня на заходні лад. Аднак Бэзансон піша, што гэтая мэта ўяўляецца яму амаль недасяжнай. Ён піша, што калі багацьця Заходняй Нямеччыны не хапіла, каб дацягнуць да свайго ўзроўню Нямеччыну Ўсходнюю, дык усяго багацьця сьвету ня хопіць на тое, каб перамяніць Расею. У сваёй грунтоўнай акадэмічнай рэцэнзіі на кнігу Маліа «Расея вачыма Захаду», якую я зрабіў адной з асноўных крыніц для напісаньня гэтага тэксту, Бэзансон несуцяшальна піша:

«Камунізм у Расеі панаваў так доўга таму, што ставіў сабе на службу некамуністычныя інтэлектуальныя сілы, самы абмежаваны нацыяналізм і самую фанатычную рэлігію. Гэты сплаў існуе дагэтуль, і тое, што сёньня называецца Камуністычнай партыяй, ёсьць ні што іншае, як бязладнае зьмяшэньне гэтых трох элемэнтаў. Занадта доўга трэба чакаць таго часу, калі Расея зробіцца краінай па-сапраўднаму эўрапейскай, а пакуль тое, ёй зноў можа захацецца выкарыстаць клясычныя спосабы кампэнсацыі „адставаньня“ і зьвязанага зь ім адчуваньня непаўнацэннасьці. Некаторыя легкаверныя людзі сур’ёзна спадзяваліся, што ў Расеі вось-вось наступіць „хрысьціянскае адраджэньне“. Замест гэтага ў Расеі на нашых вачах выбудавалася царкоўная герархія значна больш прадажная, нецярпімая і сэктанцкая, чым расейская царква да 1917 году. Імпэрыя распалася, гэта вельмі добра для Расеі і можа прынесьці ёй вялікую карысьць. Аднак людзі, якія цяпер жывуць у Расеі, па-ранейшаму мараць пра ўваскрашэньне імпэрыі, і самыя спрытныя дыпляматы, гэтак жа, як і самыя вопытныя супрацоўнікі „органаў“, таемна рыхтуюць яе аднаўленьне. Існаваньне незалежнай Украіны здаецца большасьці расейцаў ненатуральным кашмарам, ад якога яны вось-вось прачнуцца. Нарэшце, гатовая ўступіць у свае правы і хлусьня...»

Гэта напісана больш за дзесяць гадоў таму. У нашы дні, у 2014 годзе, гэта ўсё ўжо здарылася і стала сумным пацьверджаньнем неверагодных, бліскучых аналітычных здольнасьцяў Алена Бэзансона і яго настаўніка — Марціна Маліа.

Маліа заклікаў Захад паважаць даўняе і ўпартае імкненьне Расеі зблізіцца з Эўропай, злучыцца зь ёй. Але Бэзансон кажа, што форма і роля расейкай дзяржавы, форма і сутнасьць расейскага рэлігійнага пачуцьця заўсёды заміналі Расеі дасягнуць гэтай мэты. Не гісторыкам рашаць, належыць Расея да Эўропы або не (спрэчка пра гэта доўжыцца ўжо тры стагодзьдзі). Гэта павінна вырашыць сама Расея. Затое расейская гісторыя, піша Бэзансон, вучыць ня верыць ёй на слова, варта меркаваць толькі па справах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG