Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканаміст Заіка патлумачыў, чаму ў Беларусі даражэюць харчы


Леанід Заіка
Леанід Заіка
Параўнальна з пачаткам году кошты харчовых тавараў у Менску вырасьлі на 7,8%. Рост цэнаў працягнуўся і ў красавіку — на 1,8% параўнальна з сакавіком 2014 году.

Пра гэта паведамілі ў галоўным статыстычным упраўленьні Менску.

Больш за ўсё падаражэлі садавіна, бульба, гарбата, алей, мяса і птушка, а таксама макаронныя вырабы.

Ад пачатку году цэны на нехарчовыя тавары вырасьлі на 2,5%.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка адзначыў, што па шэрагу катэгорыяў мяса цэны вырасьлі на 70%:

«Прычым калі па сьвініне гэта магло быць зьвязана са скарачэньнем пагалоўя з прычыны афрыканскай чумы сьвіней, то па мясу птушкі такі 70% рост цэнаў ня мае ніякага тлумачэньня, апроч лабісцкай палітыкі аграрыяў. Бо пры такіх цэнах, па 10–12 даляраў за кіляграм, аграрыі стануць мільянэрамі. Але гэтыя цэны ўжо яўна саступаюць расейскім і польскім. Таму гэта апошні крык беларускіх аграрных лабістаў. Бо на адзінай мытнай прасторы ў іх ня будзе магчымасьці прыдумляць такія цэны. Наагул, гэта абсалютна абуральная рэч. Калі б была канкурэнцыя, удзельнічалі пастаўшчыкі мяса з Польшчы, зь Літвы і Расеі, то сытуацыя была б зусім іншай: цэны гэтак бы не расьлі».

Камэнтуючы перабоі зь мясам у гандлёвай сетцы, спадар Заіка адзначыў:

«Дэфіцыт мяса абсалютна непрымальны з пункту гледзішча наяўнасьці ў Беларусі ўраду і яго жаданьня нечым кіраваць. Бо ва ўсясьветнай эканоміцы няма такой праблемы, і няма такой праблемы ў суседніх краінах. Вытворчасьць мяса выразна рэагуе на попыт. А ў Беларусі, калі цяпер прападае мяса, то потым будуць зьнікаць мясныя вырабы. Беларускія аграрыі дабіваліся лабізму і закрыцьця рынку сваёй прадукцыяй. Па такой катэгорыі, як каўбасы, якія вырабляюцца са сьвініны мясцовай вытворчасьці, у нас ступень манапалізацыі ўнутранага вытворцы была вышэй за 99%. Проста рэгіянальны рынак і закупкі мяса за мяжой абмяжоўваюцца лабісцкім ціскам. Для такой маленькай краіны, як Беларусь, грэчка, мяса, каўбаса, бульба — гэта не праблема, гэта лёгка можа паставіць рэгіянальны рынак».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG