Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску высьмейваюць рабочых, якія пратэставалі


На Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў зьявіўся плякат, якім адміністрацыя прадпрыемства адказала на галадоўку пратэсту сяброў заводзкай суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага.

У ім у сатырычнай форме ў духу савецкага часопісу «Вожык» высьмейвацца акцыя пратэсту і яе ўдзельнікі. Цэнтральнае месца ў плякаце адведзена салу, жуйцы і сымболіцы Свабоднага прафсаюзу.

Паводле працаўнікоў плякаты разьвешаныя на прахадной і ў цэхах. Удзельнікі галадоўкі заяўляюць, што ля плякатаў не зьбіраюцца працоўныя і не абмяркоўваць іх. Адзін з галадоўнікаў Генадзь Лабачоў адзначае, што працоўныя не разумеюць, што хацела адміністрацыя прадпрыемства данесьці працоўным такога роду нагляднай агітацыяй.

«Кажуць, што кіраўніцтву заводу няма відаць больш, што рабіць, чым траціць на плякаты грошы. Плякаты ж зробленыя каляровымі. Інфармацыйны аддзел, відаць, над імі папрацаваў. На нашы ж грошы нас і абплёўваць», — зазначае прафсаюзны актывіст.

Суразмоўнік прызнае, што плякаты зьняважлівыя, а іхны сэнс зводзіцца да таго, што той хто пратэставаў галадоўкай, вораг:

«Цяпер жа ўсе захварэлі на „фашызм і бандэраўшчыну“. І ўсе, хто ня так думае, тых апранаюць у такую форму. Такі прыхаваны сэнс у плякатах прысутнічае», — даводзіць Генадзь Лабачоў.

Як заяўлялі актывісты Свабоднага прафсаюзу Беларускага, галадоўка пратэсту на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў трывала тры дні. Праходзіла яна ў сакавіку. У ёй удзельнічалі 12 працоўных.

Удзельнікі акцыі пратэсту патрабавалі ад адміністрацыі спыніць перасьлед працаўнікоў за прыналежнасьць да Свабоднага прафсаюзу, пачаць перамовы з суполкай у справе выпрацоўкі і заключэньня працоўнай дамовы, а таксама скасаваць дыскрымінацыйныя пункты калектыўнай дамовы.

Адміністрацыя прадпрыемства адмаўляла факт таго, што на заводзе працоўныя ля станкоў праводзяць галадоўку пратэсту. Па яе сканчэньні патрабаваньні галадоўнікаў не былі выкананыя. Аднаго з удзельнікаў, сябра Свабоднага прафсаюзу Беларускага, Віктара Осіпава звольнілі па сканчэньні тэрміну дзеяньня кантракту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG