Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джон Кэры: «Дайце Ўкраіне прагаласаваць»


Джон Керы

Джон Керы

Дзяржсакратар ЗША і кіраўнік брытанскага МЗС заявілі аб супольнай пазыцыі краін Захаду ў адносінах да Расеі ў сувязі з украінскім крызысам.



Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры і брытанскі міністар замежных спраў Уільям Хэйг заявілі, што Злучаныя Штаты і Эўразьвяз увядуць значна больш жорсткія эканамічныя санкцыі супраць Расеі, калі яна паспрабуе перашкодзіць правядзеньню прызначаных на 25 траўня прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне.

У Лёндане Кэры і Хэйг абмеркавалі крызыс ва Ўкраіне зь міністрамі замежных спраў Францыі, Італіі і ФРГ.

«Рашэньне аб увядзеньні больш шырокіх эканамічных і гандлёвых санкцый супраць Расеі, — падкрэсьліў Хэйг, — будзе залежаць ад таго, як расейскае кіраўніцтва павядзе сябе ў адносінах да гэтых выбараў».

Праўда, Хэйг не ўдакладніў, якія менавіта дзеяньні Расеі ў дачыненьні да выбараў могуць паслужыць падставай для ўвядзеньня новых санкцый. Нагадаем, што прарасейскія сэпаратысты захапілі адміністрацыйныя будынкі ў некалькіх гарадах на ўсходзе Ўкраіны, абвясьцілі дзьве вобласьці незалежнымі рэспублікамі і адмаўляюцца ўдзельнічаць у галасаваньні.

«Мы ня можам і не хацелі б даваць гэтаму дакладнае вызначэньне, — адзначыў міністар. — Калі мы ўвядзем нейкую чырвоную рысу, Расея ведае, што без гэтых санкцый яна зможа падысьці ўшчыльную да гэтай рысы».

Паводле слоў дзяржсакратара ЗША Кэры, пазыцыя ў дачыненьні да Масквы простая:

«Дайце Украіне прагаласаваць! Дайце ўкраінцам магчымасьць вызначыць сваю будучыню. І дайце ім зрабіць гэта пры дапамозе справядлівых, адкрытых, свабодных выбараў».

Джон Кэры выказаў надзею на тое, што ўвядзеньня больш жорсткіх санкцый можна будзе пазьбегнуць. Дзяржсакратар згадаў і аб пажаданасьці заручыцца падтрымкай Расеі ва ўрэгуляваньні крызіснай сытуацыі:

«Мы спадзяемся, што Расея, як і мы, падтрымае галасаваньне, што Расея паўплывае на сэпаратыстаў, каб яны прынялі ўдзел у працэсе, які ўжо пачаўся, і на якім Расея дапамагла настаяць. Зараз зьявілася магчымасьць урэгуляваць сытуацыю ў рамках гэтага працэсу».

У сераду 14 траўня ўрад Украіны пачаў перамовы аб стварэньні ўраду нацыянальнага адзінства без удзелу прарасейскіх сэпаратыстаў. Па словах Кэры, гэты працэс — складовая частка «сур’ёзных, канкрэтных плянаў» дэцэнтралізацыі кіраваньня.

Паводле словаў Кэры, ступень дэцэнтралізацыі, прапанаваны Кіевам, «нашмат перавышае ступень аўтаноміі любога з тэрытарыяльных утварэньняў ў складзе Расеі», паведамляе «Голас Амэрыкі», http://www.golos-ameriki.ru/content/us-uk-russia-will-face-sectoral-sanctions-if-it-disrupts-ukraine-vote/1915674.html
XS
SM
MD
LG