Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На хвалі Свабоды: Год 2010


Belarus – Opposition rally against falsification of elections, 19Dec2010

Belarus – Opposition rally against falsification of elections, 19Dec2010

Працяг гістарычнага цыклю паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных юбілею Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004-х і ў 2009 годзе.

2010 год. Год прэзыдэнцкіх выбараў. Для радыё гэты год сканцэнтраваўся ў адным дні, дакладней — у некалькіх гадзінах аднаго дня, 19 сьнежня 2010 году. Гэтаму дню будзе прысьвечаная значная частка перадачы.

Але спачатку пару словаў пра тое, што яшчэ адбывалася з нашым радыё ў гэтым годзе.

Тэхналягічныя навіны: ад 1 сакавіка мы пачалі дадатковае вяшчаньне ў інтэрнэце, там нас можна слухаць бесьперапынна ад 6-ай раніцы да поўначы. У гэтым годзе тамсама мы пачалі абжываць сацыяльныя сеткі — завялі старонкі ў Фэйсбуку і на партале YouTube.

У 2010 годзе з намі стала пачаў супрацоўнічаць пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч. У тым годзе распачаўся ягоны першы літаратурны праект на Свабодзе — «Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча». Яшчэ адна зорка, якая пачала працаваць для нашых слухачоў і чытачоў сайту — Лявон Вольскі з сатырычным музычным праектам «Саўка і Грышка». На штодзённы рэжым выйшаў карыкатурны праект «Вясёлыя карцінкі», перайменаваны пасьля разгрому 19 сьнежня на «Невясёлыя карцінкі».

Новыя перадачы 2010 году — «Вострая Брама» з «Гісторыяй аднаго цуду», гутаркі з удзельнікамі нефармальнай беларускай суполкі пачатку 80-х «Беларуская Майстроўня», «Свабода ў турмах», «Культагляд».

З нагоды 100-годзьдзя з дня нараджэньня Ларысы Геніюш на хвалях і на сайце «Свабоды» цэлы жнівень гучалі і публікаваліся матэрыялы з жыцьця і творчасьці паэткі.

У 2010 годзе ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выйшла другая кніга «Беларускай Атлянтыды» Вячаслава Ракіцкага, аўдыёкніга Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому», якую начытаў сам аўтар, і мультымэдыйны дыск «Барды Свабоды».

Галоўная агульнарадыйная навіна — далейшае прасоўваньне нашай мультымэдыйнай кампаніі на Ўсход: адкрылася «Радыё Машал», аўдыторыя якой — мільёны афганцаў, якія жывуць у Пакістане.


***
2010 год быў годам надзеяў на перамены. У Беларусі назіраліся знакі лібэралізацыі, разьвіваўся дыялёг з Эўропай, якая была гатовая да прымірэньня з афіцыйным Менскам пры ўмове правядзеньня празрыстых і справядлівых выбараў. Разам з тым адчувалася пахаладаньне ў беларуска-расейскіх дачыненьнях, яскравай праявай чаго быў прапагандысцкі сэрыял «Крестный Батька» на расейскім тэлеканале НТВ. Аднак 9 сьнежня Аляксандар Лукашэнка сустрэўся ў Нова-Агарове з тагачасным прэзыдэнтам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым, падпісаў дакумэнты аб стварэньні адзінай эканамічнай прасторы і фактычна зрабіў свой выбар у чарговым раўндзе балянсаваньня паміж Расеяй і Захадам. Гульня ў дэмакратыю і лібэралізацыю скончылася, лёс выбараў быў вырашаны.

***

Дзень выбараў пачынаўся спакойна. Кастрычніцкая плошча — места патэнцыйнага збору незадаволеных выбарамі грамадзянаў — была прадбачліва занятая вялізнай коўзанкай і заглушаная дзікай расейскай папсой. Лукашэнка раніцай гэта дня заявіў:



Вось як выглядала Плошча за 2 гадзіны да абвешчанага часу збору. Валер Каліноўскі, 18.06:


У гэты дзень на менскіх вуліцах і плошчах працаваў рэпарцёрам і дырэктар Беларускай службы Аляксандар Лукашук. 18.53:


Палітычныя актывісты рухаюцца ў бок Плошчы зь некалькіх месцаў. Валер Каліноўскі, 19.15:


У калёне, якая рухалася ад вакзалу, была Галіна Абакунчык. 19.31:


За пяць хвілін да прызначанага часу збору Плошча паступова запаўняецца. Аляксандар Лукашук. 19.54:


Тым часам з групай актывістаў, якая выйшла з штаб-кватэры руху «Гавары праўду» і несла гукаўзмацняльную апаратуру, адбыліся драматычныя падзеі. Валер Каліноўскі, 20.02:


Пра дэталі здарэньня расказала прэсавая сакратарка Някляева Юлія Дранчук:


***
2010 год у сьвеце

Адбылося ўрачыстае адкрыцьцё найвышэйшага будынка ў свеце — Бурдж Дубай. — На Гаіці здарылася катастрафічны землятрус. — У Ванкувэры прайшлі зімовыя Алімпійскія гульні. — Віктар Януковіч заступіў на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны. — На Ісьляндыі пачалося буйное вывяржэньне вулькану Эйяф’ядлаёкюдль. — У Кіргізстане адбыўся дзяржаўны пераварот. -У выніку авіякатастрофы пад Смаленскам загінулі прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі, іншыя прадстаўнікі польскай палітычнай эліты. — Дэвід Кэмэран прызначаны прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі. — Браніслаў Камароўскі перамог на прэзідэнцкіх выбарах у Польшчы. — У Паўдзённай Афрыцы прайшоў XIX чэмпіянат сьвету па футболе, чэмпіёнам стала зборная Гішпаніі. — У сьвеце выбухнуў скандал Wikileaks з публікацыяй тысячаў сакрэтных дакумэнтаў. — Сьнежаньскія пратэсты ў Тунісе паклалі пачатак «Арабскай вясны». — Нобэлеўскі ляўрэат у галіне літаратуры — Марыё Варгас Льёса.

***

Працягваем хроніку падзеяў дня выбараў 2010 году ў рэпартажах нашых карэспандэнтаў.

На Кастрычніцкай плошчы, побач з коўзанкай і пад гукі расейскай папсы, адбываўся мітынг. Аляксандар Лукашук, 20.51:



Праз гадзіну пасьля забору на Кастрычніцкай плошчы ў падзеях 19 сьнежня адбываеццца нечаканы паварот — шматтысячная маса выходзіць на Праспэкт і ідзе ў бок Плошчы Незалежнасьці, да Дому ўраду. Валер Каліноўскі, 21.07:


Сваймі ўражаньнямі ад шэсьця па праспэкце дзеліцца журналіст Віктар Марціновіч:


Ад адной да другой плошчы недалёка — за дваццаць хвілін галава калёны ўжо была ля Дому ўраду. Валер Каліноўскі, 21.25:


Пытаньне — ці быў у лідэраў апазыцыі нейкі плян дзеяньняў — яшчэ доўга будзе дыскутавацца. Вось што перадаваў пра далейшыя падзеі Валер Каліноўскі, 21.42:


Настрой плошчы наблізіўся да кульмінацыі. Аляксандар Лукашук, 21.52:


Перад пратэстоўцамі выступаюць кандыдаты ў прэзыдэнты. Валер Каліноўскі, 22.10:


***
2010 ГОД У БЕЛАРУСІ

Беларусь ратыфікуе пагадненьні аб Мытным саюзе і АЭП. — Лукашэнка дае прытулак зрынутаму кіргіскаму прэзыдэнту Бакіеву. — Адбываюцца нафтавы і газавы канфлікты з Расеяй. — Менск наведваюць прэзыдэнтка Літвы Грыбаўскайце і кіраўнікі МЗС Польшчы і Нямеччыны Сікорскі і Вэстэрвэле. — Эўразьвяз прапануе фінансавую дапамогу Беларусі ўзамен за справядлівыя выбары. — У прэзыдэнты балятуюцца 10 кандыдатаў. — Выбарчая кампанія праходзіць у больш лібэральных умовах. — Паводле афіцыйных зьвестак Аляксандар Лукашэнка набірае на выбарах 83 працэнты галасоў. — Больш за 700 чалавек затрымана і зьбіта падчас і пасьля акцыі пратэсту 19 сьнежня. — ЗША і Эўразьвяз не прызнаюць вынікаў выбараў і заклікаюць вызваліць палітвязьняў.

***

А зараз — пра тое, што адбывалася далей на Плошчы Незалежнасьці позьнім вечарам 19 сьнежня 2010-га. Падзеі дасягнулі самага драматычнага моманту. Валер Каліноўскі, 22.16:


Наступны выхад нашага карэспандэнта ў жывы эфір адбыўся праз 20 хвілінаў. Гэта была самая драматычная паўза беларускай гісторыі апошняга дзесяцігодзьдзя. І за гэтыя 20 хвілінаў у менскіх падзеях настаў трагічны пералом. Валер Каліноўскі, 22.36:


Пра тое, што адбывалася непасрэдна каля дзьвярэй у Дом ураду, распавяла Галіна Абакунчык, 22.49:


За гэтым пачаўся разгром. Аляксандар Лукашук, 22.56:


Пачалася хваля затрыманьняў. Валер Каліноўскі, 23.07:


Галіна Абакунчык кажа, што за сваю журналісцкую кар’еру ніколі ня бачыла такога жорсткага зьбіцьця. 23.19:


«На Плошчы больш нікога няма». Аляксандар Лукашук, 23.32:


Так 19 сакавіка 2010 года зь менскіх вуліцаў і плошчаў перадавалі мае калегі Валер Каліноўскі, Галіна Абакунчык і Аляксандар Лукашук.

***

Усяго пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня былі зьбіты, арыштаваны, асуджаны больш за семсот чалавек. Напярэдадні Новага Года імёны герояў Плошчы ў эфіры Свабоды прачыталі сусьветна вядомыя дысыдэнты, парлямэнтары, міністры замежных справаў, кіраўнікі недзяржаўных арганізацыяў Эўропы і Амэрыкі, а таксама беларускія правабаронцы, пісьменьнікі, музыкі. Паслухаем галасы салідарнасьці Джорджа Буша і Вацлава Гаўла:

***
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
XS
SM
MD
LG