Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэпаратысты ДНР захапілі 1,5 мільёна грыўняў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сэпаратысты гэтак званай Данецкай народнай рэспублікі напалі на інкасатарскі аўтамабіль «Прыватбанку», які вёз заробкі данецкім бюджэтнікам і шахцёрам.

Інкасатары перавозілі больш за 1,5 млн грыўнаў (гэта больш за 125 тысяч даляраў).

Паводле ацэнак банкіраў, больш за 3000 шахцёраў, мэдыкаў і настаўнікаў гораду Янакіева ня змогуць атрымаць свае грошы.

Прадстаўнікі банку і ўладаў рэгіёну афіцыйна зьвярнуліся да прадстаўнікоў самаабвешчанай ДНР з патрабаваньнем вярнуць скрадзенае. Грошы пакуль не вярнулі.

У часе нападу на інкасатарскі аўтамабіль ніхто з супрацоўнікаў «Прыватбанку» не пацярпеў.

Тым часам Нацыянальны банк Украіны прыпыніў працу Ўпраўленьня ў Данецкай вобласьці з-за пагроз «зачысткі» з боку сэпаратыстаў, паведамілі УНІАН у прэсавай службе НБУ.

«Сёньня на адрас кіраўніцтва тэрытарыяльнай управы ад імя прадстаўнікоў так званай самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі паступіла патрабаваньне выдаць значную суму грошай наяўнымі. У выпадку невыкананьня патрабаваньня сэпаратысты прыгразілі ажыцьцявіць „зачыстку“ ўправы», — паведамілі ў Нацбанку.

Нацбанк Украіны вырашыў эвакуаваць супрацоўнікаў тэрытарыяльнай управы і прыпыніць банкаўскія разьлікі на тэрыторыі Данецкай вобласьці.

«Такія дзеяньні сэпаратыстаў робяць немагчымай працу банкаўскай сыстэмы рэгіёну, што ў сваю чаргу можа прывесьці да прыпыненьня выплаты пэнсіяў, заробкаў працаўнікам бюджэтнай сфэры, шахцёрам, іншым катэгорыям грамадзянаў», — заявіў выканальнік абавязкаў кіраўніка НБУ Ўладзімер Крацюк.

Раней Міністэрства падаткаў і збораў Украіны таксама вырашыла эвакуаваць супрацоўнікаў свайго Данецкага абласнога ўпраўленьня з прычыны пагрозаў іхным жыцьцям.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG