Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Свабоду мы слухалі ў казарме, цішком засеўшы ў „ленкомнаце“». Лісты на Свабоду ў 2004-м.


Гэтыя цытаты — зь лістоў, якія сабраныя ў дзьве новыя кнігі «Бібліятэкі Свабоды» і выходзяць у сьвет да 60-годзьдзя Беларускай рэдакцыі. 20 траўня 1954 у эфіры ўпершыню прагучалі пазыўныя «Радыё Вызваленьне». Гістарычныя перамены, якія адбыліся за апошнія 60 гадоў, не зьмянілі галоўную місію Свабоды — спрыяць бесперашкоднаму распаўсюду інфармацыі і ідэяў.

Нягледзячы на тое, што кароткахвалёвае радыё саступіла першынства тэлебачаньню, інтэрнэту, сацыяльным сеткам, шмат для каго яно заўсёды было больш чым радыё — станам душы. Сёньня мы прапануем вам выказваньні пра Свабоду, якія слухачы зь Беларусі і замежжа прысылалі ў рэдакцыю ўжо ў эпоху інтэрнэту — у 21-м стагодзьдзі.



Павал Калечыц, Менск
11.01.2004

Здаецца, і праўду вы расказваеце пра наша гаротнае жыцьцё, а ўсё ж нечага ў вашых перадачах не хапае, каб верыць вам цалкам. Я доўга думаў, чаго, і, здаецца, здагадаўся. Вось вы крытыкуеце міністра ці якога-небудзь высокага начальніка — а чаму не даяце яму слова, каб апраўдацца ці патлумачыць? Я хачу, каб дзеяньні Шэймана тлумачыў сам Шэйман, а не Лябедзька і не адвакат Паганяйла. Тое ж і адносна розных падзеяў у раёнах і абласьцях. Хацелася б пачуць, што думае пра знойдзеную вашымі карэспандэнтамі інфармацыю старшыня райвыканкаму альбо абласны вэртыкальшчык. Бо іх людзі ня маюць магчымасьці чуць нават на дзяржаўным радыё і тэлебачаньні. Вось калі я змагу пачуць і супаставіць розныя пункты гледжаньня на тую ці іншую праблему, тады і ўсю праўду буду ведаць.

Міхаіл Дубнікаў, мястэчка Парэчча, Гарадзенскі раён
02.02.2004

Вы на Свабодзе прысвоілі сабе права зь лёгкасьцю судзіць іншых, вышукваць усялякія недахопы. Але хто даў вам такое права? Выміце спачатку бервяно з уласнага вока, а потым ужо падказвайце іншым, як жыць... Вы пастаянна і нястомна корпаецеся ў бруднай бялізьне дзяржаўнай палітыкі, дзейнасьці Лукашэнкі. І хоць бы адзін раз назвалі аналітычныя лічбы: колькі ў якой краіне спажываюць энэргарэсурсаў дзеля сваіх спажывецкіх патрэбаў. Тады стала б ясна, хто больш вінаваты ў забруджваньні асяродзьдзя, у якім усе мы жывём. Чаму маўчыце, панове? Ды таму, што тыя, чыю дзейнасьць вы паказваеце ў выгадным сьвятле, купілі вас.

Мікола Літвінчык, Бяроза
29.02.2004

Учора, 15 лютага, Радыё Свабода дало магчымасьць нейкаму былому палітработніку, расейскаму шавіністу на расейшчыне абліваць брудам кіраўнікоў беларускай апазыцыі, што наведалі ЗША. Але мала таго — сёньня Свабода зноў дала свой эфір таму ж паўзуну шыпець у мікрафон, і гэта ананімна, без аб’яўленьня свайго прозьвішча... Першы раз я чуў, як лукашэнкаўскі прапагандыст усхваляў лукашэнкаўскія парадкі. Другі раз — як усхваляў русыфікацыю і зьнішчэньне беларускага этнасу.


Віталь Каралёў, Мёры
17.03.2004

Свабоду я пачаў слухаць недзе на мяжы 1970–80-х гадоў. Але былі і даволі вялікія перапынкі. Добра запомніўся такі выпадак. Падчас службы ў войску ў 1984 годзе набылі мы транзыстарны радыёпрыёмнік і вечарамі, цішком засеўшы ў так званай «ленкомнаце», слухалі Беларускую Свабоду, «Голас Амэрыкі», Бі-Бі-Сі. Неўзабаве зьявіўся і другі прыёмнік, а кола слухачоў пашырылася. Але нядоўга тое працягвалася, таму што «зампаліт» роты выявіў нас і забраў прыёмнік. Ну і нацярпеліся мы тады страху.

Са Свабодай я застаўся і пасьля войска. На пачатку 1990-х гадоў купіў прыёмнік «Сэлена», які і сёньня даносіць ад вас сьвежыя праўдзівыя навіны, грунтоўную аналітыку, весткі пра падзеі ў краіне, якіх не паведамляе ні БТ, ні іншыя афіцыйныя мэдыі. У мінулым годзе я асьмеліўся ўпершыню падаць свае меркаваньні ў рубрыку «Званок на Свабоду». І аказалася, што ў мястэчку я слухаю Свабоду далёка не адзін. Паводле маіх апошніх назіраньняў, прыкладна ад 20 да 50 чалавек слухаюць больш-менш рэгулярна, прыкладна столькі ж — час ад часу.

Людміла Ліцьвінава, Менск
24.03.2004

Няўжо камусьці мала расейскай мовы ў нашай краіне? Яна і так усё наша прыдушыла — няўжо трэба і гэта апошняе ў нас, беларускамоўных, адабраць? Тое, што радыё беларускамоўнае, для мяне вельмі важна. Ужо, напэўна, гадоў сем Беларуская Свабода для мяне асноўнае радыё, асноўная і самая цікавая крыніца інфармацыі. Бо гэта — сапраўды наша радыё. І тое, што яно беларускамоўнае, гэта як глыток сьвежага паветра. Увесь працоўны дзень знаходзісься ў асноўным у расейскамоўным асяродзьдзі. Пасьля працы таксама сваю мову мала чуеш — яе катастрафічна не хапае.

А слухачам, якія дрэнна ведаюць мову, хачу параіць: вучыце. Бо гэта ж, сказаць праўду, сорам і грэх — ня ведаць мовы сваёй зямлі. Калі хочам мець будучыню як народ, як краіна, быць свабоднымі й незалежнымі, каб нашы дзеці мелі краіну і будучыню, трэба любіць і ведаць сваё.

Часлаў Хвайніцкі, Смаргонь
11.04.2004

Вельмі добра, што некаторыя праграмы Радыё Свабода паўтараюцца некалькі разоў. Гэта дае магчымасьць пачуць іх большаму колу слухачоў. А асобныя праграмы (для мяне гэта гістарычная тэматыка) хочацца слухаць і два, а то і тры разы. Люблю слухаць «Жывую мову», дзе спадар Бушлякоў навукова-папулярна тлумачыць, як правільна і прыгожа гаварыць па-беларуску. Прафэсійна, аб’ектыўна, гістарычна апраўдана камэнтуе лісты слухачоў Валянцін Жданко. Толькі мне здаецца, што трэба чытаць усе лісты. А калі не чытаць, то хаця б сказаць два словы пра зьмест. Нават калі піша чалавек, абалванены марксізмам-ленінізмам альбо скалечаны бальшавізмам. Няхай народ ведае, што ёсьць яшчэ ў нас такія людзі. Пачуць свае думкі па Свабодзе для іх — як бальзам для рэанімацыі. Вядома, запаўняць усю праграму такімі лістамі ня варта. Калі іх надта многа — накіроўвайце ў «Навінкі», няхай там чытаюць.

Казімір Нарковіч, Берасьце
05.05.2004

Вельмі цяжка доўга слухаць вашы перадачы. Стыль і мэта іх цалкам накіраваныя на крытыку і зьнявагу прэзыдэнта Беларусі. Гэтым самым вы зьневажаеце і людзей, якія яго выбіралі. Я ніколі ня чуў на хвалях Свабоды, што Лукашэнка адбудаваў храмы, касьцёлы, школы, палацы. Колькі гаспадарак ён дапамог узьняць! Колькі таленавітых людзей атрымалі ад яго дапамогу! Вы шмат увагі надаяце балбатунам, крыкунам з розных рухаў і апазыцыі. А мы, простыя людзі, нічога ня ведаем пра тое, што яны зрабілі для Беларусі і для людзей. Каму яны што параілі, каму дапамаглі? Дзе ўмяшаліся і навялі парадак? Што датычыцца бруду і зьнявагі — гэта ўсё вельмі лёгка рабіць на вашых хвалях, гэтага я ня слухаю. Мне падабаецца слухаць на тэмы «Жывіце доўга», «Старонкі мінулага», апошнія навіны.

Лілія Васілеўская, вёска Трабы, Івейскі раён
12.05.2004

Па магчымасьці кожны вечар стараюся слухаць вашы перадачы. А раніцай уключаю ваш жывы эфір — і гучыць МОВА. Цікава ўсё. Ёсьць іншы раз і заўвагі, парывае напісаць, выказаць меркаваньне. Але адразу сесьці за ліст, бывае, не выпадае, а пазьней ужо і неактуальна. Патрэба ж слухаць Свабоду ўзмацнілася асабліва ў апошні час, калі ўвогуле немагчыма стала глядзець БТ і слухаць дзяржаўнае радыё (прычыны ўсім вядомыя). Вось таму Радыё Свабода — праменьчык сьвятла ў цемры неадукаванасьці і безгустоўнасьці.

...Што да нездавальненьня праграмай перадачаў суботы і нядзелі, якое нядаўна выказаў слухач, і адказу, што даў спадар Лукашук, дык тут усё цалкам зразумела: абодва маюць рацыю. Ведаеце, трэба разумець нас, слухачоў — такіх, якія слухаюць зраніцы і ўвечары ўсе гадзіны эфіру. Сапраўды, складваецца ўражаньне паўтораў. Але і тлумачэньне дырэктара гучыць вельмі пераканаўча: гэта яго «дзецішча».

Іван Сьцяпанаў, Берасьце
16.05.2004

Мне 72 гады, і 49 зь іх я ня слухаў ні Свабоды, ні іншых заходніх станцыяў. А цяпер вось слухаю, і абураны тым, што вы вяшчаеце. Як я зразумеў, у вас адна мэта — усімі праўдамі і няпраўдамі дзе толькі можна выкопваць хоць бы самыя дробязныя нэгатыўныя факты з нашай рэчаіснасьці — ва ўгоду апазыцыі і вашых гаспадароў, якія шчодра за ўсё гэта плацяць. ...Вось нейкая жанчына на вуліцы крычыць: «Лукашэнка набудаваў спартыўных палацаў ды манэжаў — лепш бы нам гэтыя грошы аддаў». Але толькі дэбіл не разумее, якую карысьць прыносяць спартыўныя збудаваньні і спорт. Хіба мы не павінны ганарыцца сваімі спартсмэнамі? Мы што, горшыя за ўсіх у сьвеце?

Вось вы паведамляеце: затрымалі Марыніча. А чаму ня кажаце, што ў яго знайшлі сто тысяч даляраў і пісталет у машыне? Што, язык не паварочваецца: вось гэтак жа маўчыце і пра тое, за што затрыманыя ўдзельнікі Чарнобыльскага шляху. Непрыгожа ўсё гэта, спадары са Свабоды.

Георгі Стараселец, Драгічын
16.05.2004

Я — інвалід 2-й групы. Не працую. Жыву з пэнсіі і з агароду, які апрацоўваю сам, зь сям’ёй. Мне каля 50 гадоў. З прычыны стану здароўя вельмі цяжка перамяшчацца ў прасторы, таму большую частку часу праводжу дома. Узровень нашай цывілізацыі не дазваляе мне адарвацца ад дому больш як на шэсьць гадзінаў.

У вольны час шмат чытаю і слухаю радыё. Беларускую Свабоду ўпершыню пачуў у 1975 годзе, але многія гады з-за глушылак слухаў рэдка. Добра было чуваць зімовымі вечарамі, калі прыём быў амаль безь перашкодаў. Калі маеце цытаваць мой ліст, то называйце мяне Георгіем Старасельцам. За сябе не баюся, але, магчыма, вас слухаюць нядобразычліўцы, якія могуць нашкодзіць маім блізкім.

Аляксандр Літвінчык, вёска Дзешкавічы, Зэльвенскі раён
23.05.2004
Жыву ў вёсцы. Бацькі памерлі, пакінулі хату. Пасадзіў малады сад. Ёсьць куры, сабака, кот. Заробкі ў калгасе — курам на сьмех. Моладзь звальняецца і едзе на заробкі ў Расею, але ж адтуль ня надта хто прывёз многа тых даляраў. Радыё Свабода слухаю гадоў 18, помню перадачы Язэпа Барэйкі. Беларуская праграма была тады ў эфіры 30 хвілінаў. Ну, што яшчэ пра сябе? У мяне дома на сьцяне вісіць партрэт Франкліна Рузвэльта — адразу як зойдзеш. Упершыню адчуў сябе свабодным я ў 1986 годзе, калі атрымаў свой першы сапраўдны заробак у Берасьці на мэблевай фабрыцы — дзесьці 270 з гакам савецкіх рублёў. Раней вучыўся ў ПТВ у Бабруйску, стыпэндыі там не плацілі. Сёе-тое перападала ад бацькоў, але якія заробкі ў простых калгасьнікаў — добра што на білет дадуць. А тут адпрацаваў месяц — і такія грошы. А табе ўсяго 22 гады. Купіў тады і джынсы, і красоўкі, і на працу езьдзіў на таксі. З таго часу лічу, што свабода — гэта фінансавая незалежнасьць. І ніхто мяне ўжо не пераканае ў адваротным.

Мікола Бусел, вёскі Дуброва, Сьветлагорскі раён
23.05.2004

Як і вы, прагну дачакацца часу, калі станцыя будзе зачыненая з прычыны непатрэбы. Але пакуль праца Свабоды ёсьць аб’ектыўнай неабходнасьцю дзеля праўдзівага інфармаваньня нашага грамадзтва пра яго самога і навакольны сьвет. Адначасна дзякую амэрыканскаму народу за ягоную падтрымку ідэяў дэмакратыі і свабоды, у тым ліку і ў Беларусі. Мушу зазначыць, што для багата каго зь беларусаў беларускія перадачы Свабоды ёсьць ці не адзінай магчымасьцю слухаць у роднай мове навіны і аналітычныя матэрыялы. У адказ на ваша запрашэньне «заставацца з вамі» хачу прамовіць: «Гэта вы заставайцеся з намі!»

Аксана Новікава, Менск
23.05.2004

Дзіўна, але я злавіла сябе на думцы, што мае пажаданьні могуць супадаць з пажаданьнямі на ваш адрас кіроўнага рэжыму, хоць і з розных прычынаў. Яны таксама хацелі б, каб вы як найхутчэй спынілі вяшчаньне на Беларусь! А калі яшчэ больш сур’ёзна, то ў новай свабоднай Беларусі я буду прасіць новыя ўлады, каб у сувязі з закрыцьцём (з прычыны таго, што адпала патрэба) Беларускай службы Радыё Свабода яе калектыў быў запрошаны ў Беларусь у поўным складзе, каб стварыць тут новае Радыё Беларусь!"

Барыс Япішка, вёска Залядыньне, Янаўскі раён
23.05.2004

Беларускую Свабоду слухаю амаль кожны дзень — увечары і раніцай. Я ўкраінец. Усе карэнныя жыхары нашай мясцовасьці — а гэта Янаўскі, Драгічынскі, Пінскі раёны — размаўляюць на палескім дыялекце ўкраінскай мовы. Палескі дыялект мог бы стаць і самастойнай мовай, але гэтаму многія ўплывовыя асобы актыўна супрацьдзейнічаюць. Я слухаю Беларускую Свабоду болей, чым іншыя радыёстанцыі, таму што мне вельмі падабаецца, як вы шчыра і горача любіце беларускую мову і ведаеце яе лепш, чым я. Даспадобы мне і зьмест вашых праграмаў. Беларусь — шматнацыянальная дзяржава. Як на маю думку, дык дзяржаўнай мовай нумар адзін у Рэспубліцы Беларусь павінна быць беларуская, нумар два — расейская, нумар тры — украінская (палеская), нумар чатыры — польская, і гэтак далей.

Іна Аўчарэнка, вёска Варкавічы, Слуцкі раён
03.06.2004

Я працую паштальёнам у вёсцы. Так здарылася, што ў красавіку адзін чалавек, які пераехаў з гораду ў дом сваёй маці, выпісаў «Народную Волю». Пакуль што гэта адзіная «Народная Воля» на маім участку. Пражыўшы больш за сорак гадоў, раней я ніколі не цікавілася палітыкай — ні ў савецкі час, ні потым. А тут прачытала адзін нумар газэты, у якой пра ўсе падзеі напісана ня так, як пра гэта гавораць начальнікі — і падзеі ў краіне пачалі мяне хваляваць. Я пачала зь нецярпеньнем чакаць наступнага нумару газэты. Сваімі ўражаньнямі падзялілася з мужам. Ён паказаў мне, як настроіцца на радыёстанцыю Свабода.

На першым часе Свабоду я слухала са сьлязамі на вачах. Мая родная мова, якую я так кепска ведаю... Гэтая музыка так соладка гучыць, і так запозьнена прыйшла любоў да яе! Гэта становіцца неабходным мне ў жыцьці.

Сяржук Мікуліч, вёска Куправічы, Івейскі раён
03.06.2004

Многія жадаюць, каб патрэба ў вяшчаньні Свабоды на наш край як мага хутчэй зьнікла — у зьвязку з хуткім вызваленьнем ад рэжыму. Але, на мой погляд, у Беларускай Свабоды ёсьць такія моцныя перадачы, што яны будуць патрэбныя і канкурэнтаздольныя і пасьля вызваленьня. Увогуле, першы назоў нашага з вамі радыё — «Вызваленьне» — пры сёньняшняй акупацыйнай уладзе мне бліжэйшы, чым цяперашні. Што да зьместу, то мне здаецца, што сярод слухачоў Свабоды толькі нязначная колькасьць тых, хто ня ведае, што творыцца ў краіне. З гэтай прычыны можна было б і больш эфэктыўна выкарыстоўваць эфірны час: напрыклад, чытаць па радыё змагарныя вершы.

Міхаіл Дубнікаў, мястэчка Парэчча, Гарадзенскі раён
28.06.2004

Мне 46 год. Пэрыядычна слухаю вашы галасы, паважаныя вы нашы беларускамоўныя апекуны. Пішу таму, што мой малодшы брат (44 гады) з усёй сваёй сям’ёй (пяцёра чалавек) слухаюць вас з надзеяй даведацца праўду зь першакрыніцы. Наіўныя, як першакляшкі. Выбачайце за жаданьне выкрыць вашу няшчырасьць, але для мяне вельмі важна ведаць матыў, якім вы кіруецеся. Які матыў разьдзьмутых трансьляцыяў пра сьмерць і пахаваньне 93-гадовага старога (Рэйгана)? І гэта ў той час, калі літаральна ад голаду і гвалту гінуць тысячы і тысячы дзяцей і падлеткаў. Які матыў запрашэньня Пуціна на юбілей з нагоды адкрыцьця 2-га фронту? Усім жа зразумела, што гэта тэатральнае відовішча, бачнасьць братэрства і адзінства тых людзей, якія насамрэч ёсьць ворагамі і супернікамі ў змаганьні за ўсясьветнае валадараньне.

Мікалай Лазук, Менск
13.09.2004

Слухаю Свабоду з 1956 году. Тады яе глушылі — так што даводзілася слухаць глыбокай ноччу альбо з 5–6-й гадзіны раніцы. Але нават у вёсцы, дзе чутнасьць лепшая, можна было пачуць праз глушылкі толькі сёе-тое. Але я лавіў кожнае слова, прыклаўшы вуха да «Сьпідолы» першых выпускаў.

А цяпер вось ужо некалькі гадоў слухаю Беларускую Свабоду.

...Навошта вы даяце магчымасьць лукашыстам скуголіць у вашым эфіры? Няхай тэлефануюць хоць сто разоў, пішуць хоць сто лістоў — ні ў якім разе ня трэба даваць у эфір іхнае мармытаньне. Няхай скуголяць па дзяржаўным тэлебачаньні ці радыё. А то вы як тыя Дон Кіхоты: яны з вас сьмяюцца, што вось праз Свабоду ўдалося зьняважыць апазыцыю ды пахваліць Лукашэнку. А вам колькі разоў давалі магчымасьць выступіць на дзяржаўным тэлебачаньні ці радыё? Ні разу!

Зьміцер Кузьміцкі, Швэцыя
30.09.2004

Жыву я ў Швэцыi, кантактую зь беларусамі ў гэтай краіне. Для многіх з нас Радыё Свабода ёсьць адзінай крыніцай інфармацыі пра падзеі ў Беларусі, асабліва цяпер, калі на Бацькаўшчыне такія сур’ёзныя палітычныя зьмены. Чакаем вечара, а потым зьбіраемся разам, каб паслухаць ваша радыё, даведацца, што за гэты дзень адбылося ў Беларусі. Жыву я на самай поўначы Швэцыі, за палярным кругам, але з гордасьцю заяўляю, што тут чуваць родную мову Радыё Свабода. Мы, беларусы, жывучы ў Швэцыі, робім усё магчымае, каб спыніць самаўладзтва Лукашэнкі, ня даць яму зьдзекавацца зь беларускай культуры, з Канстытуцыі. Праводзім пікеты, сустрэчы са швэдзкімі палітыкамі. Хочацца хоць неяк паўплываць на сытуацыю ў Беларусі.

Вера Холад, Пастаўскі раён
10.11.2004

Вельмі цяжка цяпер працаваць настаўнікам. Прымушаюць хлусіць пра гісторыю, мову, культуру. А пачнеш гаварыць дзецям праўду — страціш працу. Іншага ж занятку ў вёсцы ня знойдзеш. Адзінае выйсьце — маўчаць тады, калі ня хочаш хлусіць. На шчасьце, сярод дзяцей нямала разумных, здагадлівых і кемлівых. Нядаўна даведалася, што некалькі старшаклясьнікаў вечарамі, як і я, слухаюць Беларускую Свабоду. Я зразумела гэта па іхных пытаньнях, якія яны задавалі на ўроку. Вядома, ні яны, ні я гэтага не афішуем. Але нашы прыватныя гутаркі досыць шчырыя, і мы абменьваемся меркаваньнямі наконт пачутага. Мяне радуе тое, што якраз гэтыя вучні — лепшыя ў клясе. Не сумняюся, што праз год яны паступяць ва ўнівэрсытэты. І будучыня, я веру, за імі. А вам дзякуй за працу і за тое, што дапамагаеце выжыць сярод хлусьні й крывадушнасьці.

Уладзіслаў Лукашэвіч, Гомель
28.12.2004

Радыё Свабода я пачаў слухаць у маладосьці, на пачатку 1980-х гадоў. Тады не было іншага спосабу даведацца праўдзівыя навіны. А на пачатку 1990-х я свой стары «Акіян» закінуў на гарышча: не было ў ім патрэбы, бо газэты і часопісы сталі цікавымі й праўдзівымі. Дый маскоўскае тэлебачаньне пачало паказваць рэальнае жыцьцё. А сёлета я зноў дастаў свой старэнькі «Акіян», занёс у майстэрню і вось ужо некалькі тыдняў зь вялікім задавальненьнем слухаю вас. Мы нібы вярнуліся ў савецкае мінулае. Паглядзіш тэлевізар — аж млосна: адны посьпехі й перамогі, адзін палітык у кадры, ніякага іншадумства, ні слова пра апазыцыю... Дзякуй, Свабода, за тое, што кожны вечар прыходзіш у мой дом.

Эльжбета Ліберман, пасёлак Палескі, Лунінецкі раён
28.12.2004

Мы з мужам і раней часта даводзілі родным і знаёмым пра тое, якія цікавыя праграмы ёсьць на вашым радыё. А цяпер робім гэта зь яшчэ большай ахвотай. Дзякуем, што вы ёсьць, што плённа працуеце. Цяпер увесь час гучаць словы з гімну «аранжавай рэвалюцыі» ва Ўкраіне: «Мы — ня быдла, мы — не хахлы. Мы — Украіны донькі і сыны!» Вось бы дачакацца і нам свайго гімну! Няхай новы год паспрыяе гэтаму.
XS
SM
MD
LG