Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Будкін дайшоў да міністра культуры, каб дазволілі «Re:Песьняры»


Сяргей Будкін

Сяргей Будкін

Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт дазволіў канцэрт «Re:Песьняры». Арганізатары праекту змаглі атрымаць гастрольнае пасьведчаньне толькі пасьля таго, як галоўны рэдактар музычнага парталу tuzin.fm Сяргей Будкін пабываў на прыёме ў міністра культуры Барыса Сьвятлова.

«Ідэя праекту цікавая, — сказаў ён. Сустрэча тая хутчэй не размову нагадвала, а споведзь, бо мусіў распавесьці яму шмат што і агучыць канкрэтныя рэчы», — заявіў Будкін у інтэрвію Радыё Свабода.

Заяву на гастрольнае пасьведчаньне падалі ў Менгарвыканкам у красавіку. У вусных размовах ідэолягі прасілі арганізатараў выкрасьліць з праграмы аднаго з удзельнікаў канцэрту — Зьмітра Вайцюшкевіча.

«Няўдзел у праекце Вайцюшкевіча нават не абмяркоўваўся», — падкрэсьлівае Будкін.

Канцэрт «Re:Песьняры» мяркуецца правесьці ў клюбе Re:Public 12 верасьня. Квіткі пачнуць прадаваць ужо з чэрвеня.

Што такое «Re:Песьняры»


12 беларускіх выканаўцаў розных жанраў запішуць свае вэрсіі абраных імі песень ансамбля «Песьняры».

Праект «Re:Песьняры» прымеркаваны да 45-годзьдзя заснаваньня «Песьняроў». У верасьні 1969 году калектыў пад кіраўніцтвам Уладзімера Мулявіна на рашэньне мастацкай рады пры філярмоніі атрымаў права звацца «вакальна-інструмэнтальным ансамблем». З гэтай падзеі прынята афіцыйна адлічваць гісторыю гурту.

«Гэты юбілей — добрая нагода паказаць, наколькі „Песьняры“ паўплывалі на беларускую сучасную музыку. „Re:Песьняры“ — справаздача музыкаў новага пакаленьня, іх своеасаблівы адказ і водгук на тое, што зрабілі Мулявін з кампаніяй», — кажа кіраўнік праекту Сяргей Будкін.

У вялікім канцэрце з нагоды прэзэнтацыі праекту заяўленыя Akute, Naka, Pomidor/off, Зьміцер Вайцюшкевіч ды іншыя беларускія артысты.

Трыб’ют «Песьнярам» мае статус афіцыйнага. Яго ідэю падтрымаў беларускі дзяржаўны ансамбль «Песьняры» — пераемнік калектыву пад кіраўніцтвам Мулявіна.

Рэліз праекту «Re:Песьняры» на CD і ў лічбавым фармаце прызначаны на восень 2014 году. На верасень заплянавалі і канцэртную прэзэнтацыю.

Праект «Re:Песьняры» рэалізуюць партал Tuzin.fm, зарэгістраваны ў Беларусі дабрачынны фонд «Вяртаньне» і грамадзкая кампанія «Будзьма беларусамі!».
XS
SM
MD
LG