Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Менчукі адбаранілі грамадзкага актывіста ад АМАПу


Мікіта Семяненка

Мікіта Семяненка

Жыхары Менску і заўзятары чэмпіянату сьвету не далі затрымаць актывіста руху «За свабоду» Мікіту Семяненку.

«Ноччу на фан-зоне на Нямізе (у цэнтры Менску) адбылося некалькі боек паміж расейскімі заўзятарамі і беларусамі. Пасьля гэтага туды прыбылі прыкладна 15 чалавек АМАПу. Удзельнікі бойкі да гэтага часу пасьпелі разьбегчыся хто куды. І міліцыянты пачалі глядзець на людзей, якія стаялі побач», — распавёў Pyx.by Мікіта Семяненка.

Паводле ягоных словаў, ён і яшчэ некалькі чалавек увесь гэты час стаялі і размаўлялі з хлопцамі з Докшыцаў пра беларускую мову. «Міліцыянты правялі праверку дакумэнтаў ва ўсіх нас. Потым узялі мае, перапісалі ўсе дадзеныя. Потым кажуць — хадзем з намі», — дадаў актывіст.

Калі ён запытаўся, за што яго затрымліваюць, то атрымаў супрацьлеглыя адказы: «Першы амапавец кажа — мы цябе не затрымліваем. Другі — што затрымліваем паводле артыкула 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) за тое, што ты мацюкаўся. А трэці — пойдзем паразмаўляем».

«Але людзі, па ягоных словах, сказалі: «Не таго затрымліваеце». І хоць ім прыгразілі, што, калі яны не супакояцца, то таксама паедуць зь міліцыяй, але падышло яшчэ больш народу. «Яшчэ адзін хлапец патлумачыў, дзе хто знаходзіўся, што я ня меў дачыненьня да бойкі», — дадаў моладзевы актывіст.

Паводле Семяненкі, яго абаранялі прыкладна 10 чалавек. Высьвятленьне сытуацыі цягнулася прыкладна гадзіну — увесь гэты час міліцыянты спраўджвалі дакумэнты і лаяліся:

«Падчас спробы затрыманьня амапаўцы шматразова казалі: „Х*ли ты вы*ешься, говори нормально“. Калі я казаў, што амапаўцы як прадстаўнікі ўлады мусяць адказваць мне на мове звароту, яны заявілі: „Забираем его, на*й“».

Потым супрацоўнікі міліцыі вярнулі яму дакумэнты і сказалі, каб на гэтай фан-зоне яго больш ня бачылі.

Актывіст руху «За свабоду» Мікіта Семяненка браў удзел у кампаніі выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў. Пасьля гэтага яго адлічылі з факультэту журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту — як ён падкрэсьлівае, за грамадзкую актыўнасьць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG