Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лельчыцах судзяць памежнікаў


Мілашавічы
Мілашавічы
15 траўня ў Лельчыцах выязная калегія Гомельскага абласнога суду працягнула разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да двух памежнікаў — старшага лейтэнанта Дзьмітрыя Гурава і старшага сяржанта Вячаслава Рамановіча. У лістападзе мінулага году нецьвярозыя памежнікі ледзь не пастралялі моладзь у вёсцы Мілашавічы.

Асноўнае абвінавачваньне памежнікам Гураву і Рамановічу прад’яўлена паводле часткі 3 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу — асабліва злоснае хуліганства з пагрозай прымяненьня зброі.

У судзе ўжо далі паказаньні многія сьведкі зь вёскі Мілашавічы, якіх нецьвярозыя памежнікі з аўтаматамі наважваліся прымусіць паважаць іх і падпарадкавацца. Адзін зь іх апавёў:

«Начальствам сябе адчулі, дакладней, адчуў — Гураў, галоўны зь іх, які старшы. Другі больш адэкватны. А гэты зачыншчык „на пантах“ быў. Рамановіч ужо трапіў пад раздачу. Ды гарэлка з каньяком сваю ролю адыгралі. Ужо, канечне, ні злосьці няма, ні страху — нават крыху шкада іх. Дурні!»

16 лістапада мінулага году ўвечары начальнік першай мабільнай заставы аддзелу памежнай службы «Прудок» старшы лейтэнант Гураў і яго падначалены, старшы сяржант Рамановіч, якія ахоўваюць беларуска-ўкраінскую мяжу, зайшлі ў Мілашавічах у мясцовую бутэрбродную «У самавара». Выпівалі з нагоды нараджэньня сына ў сям’і сяржанта.

Малады вясковы настаўнік Сяргей зайшоў з хлопцамі ў бутэрбродную і паглядзеў у бок памежнікаў, якія сядзелі за столікам зь непаўналетнімі школьніцамі. Ахоўнікам мяжы гэта не спадабалася, і яны ўсчалі слоўную перапалку.

Старшы лейтэнант Гураў, каб паказаць, хто гаспадар становішча, выклікаў узброеную падмогу — прыехалі машынай ягоныя падначаленыя і прывезьлі аўтаматы.
Ужо, канечне, ні злосьці няма, ні страху — нават крыху шкада іх. Дурні!

Вакол «уазіка» памежнікаў сабралася багата маладых вяскоўцаў. Узброеныя аўтаматамі, Гураў і Рамановіч заскочылі ў бутэрбродную, чым дарэшты напалохалі ўсіх, хто там яшчэ заставаўся.

Убачыўшы рэальную пагрозу, загадчыца бутэрброднай патэлефанавала ў міліцыю. Да страляніны не дайшло. Але ў дачыненьні да памежнікаў распачалі крымінальную справу па факце злоснага хуліганства.

У залі суду старшы лейтэнант і сяржант сядзяць у закратаванай клетцы. Са службы ні Гурава, ні Рамановіча пакуль ня звольнілі. У Гомельскай памежнай групе гэта патлумачылі так:

«Пытаньне пра звальненьне будзе вырашацца на аснове судовага выраку. Калі іх асудзяць, то ў нас будзе падстава іх звольніць з тае прычыны, што іх прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці. А пакуль гэтых падставаў няма».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG