Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Літвы: Заявы беларускага боку вельмі незалежныя


Лінас Лінкявічус

Лінас Лінкявічус

Літоўскі міністар замежных спраў Лінас Лінкявічус, які цяпер бярэ ўдзел у міжнароднай канфэрэнцыі па глябальнай бясьпецы ў Братыславе GLOBSEC 2014, у інтэрвію карэспандэнту Свабоды расказаў пра адносіны Літвы і Беларусі і пра тое, ці баяцца літоўцы беларускіх прэтэнзіяў на Вільню і Вялікае Княства Літоўскае.

Знаткевіч: У кантэксьце таго, што цяпер адбываецца ва Ўкраіне, ці бачыце вы новыя пагрозы бясьпецы Літвы? І ці лічыце вы, што Расея можа нейкім падобным чынам паспрабаваць дэстабілізаваць і тых сваіх суседзяў, якія ўжо ў НАТО і Эўразьвязе?

Лінкявічус: Гэта адбываецца цяпер, калі мы размаўляем. Як чальцы НАТО і Эўразьвязу мы можам адчуваць сябе ў бясьпецы. Мы можам давяраць гэтым гарантыям. Я кажу гэта як міністар замежных спраў і як былы міністар абароны. У мяне няма прычыны для недаверу. Але нашы людзі хвалююцца. Яны бачаць нестабільную сытуацыю ў навакольлі. Яны бачаць нетрадыцыйныя, незвычайныя мэтады канфлікту. Дасылаюцца войскі бяз знакаў адрозьненьня. Тэрарыстычныя групоўкі захопліваюць будынкі, выкрадаюць і забіваюць людзей. Усе гэтыя мэтады без адкрытага выкарыстаньня войска могуць быць скарыстаныя дзе заўгодна.

Знаткевіч: Калі вы гаворыце, што гэта адбываецца цяпер, ці маеце вы на ўвазе спробы дэстабілізаваць сытуацыю ў Літве?

Лінкявічус: Не. Але паколькі вы пытаецеся, ці можам мы выключаць такую магчымасьць, дык адказ таксама «вядома ж, не». Магчыма не ў адносінах да Літвы. Як я заўсёды кажу, мы радыя, што наша расейская супольнасьць добра інтэграваная ў грамадзтва. Практычна ўсе яны грамадзяне і людзі, ляяльныя да краіны. Імі будзе вельмі складана маніпуляваць. Але можна прыдумаць што заўгодна. Нацыянальны канфлікт ва Ўкраіне, уціск расейскамоўнага насельніцтва – гэта прыдумка і лухта. Людзі заўсёды там жылі вельмі па-сяброўску. Але гэтую прыдумку скарысталі для канфлікту. Такое могуць скарыстаць і ў іншым месцы, і гэтыя мэтады трэба ўспрымаць вельмі сур'ёзна. І мы ў НАТО, займаючыся бясьпекай, павінны разумець, што існуюць ня толькі традыцыйныя пагрозы, але й незвычайныя, асымэтрычныя і нетрадыцыйныя. Мы павінны быць гатовыя ім супрацьстаяць.

Знаткевіч: Нядаўна ў літоўскай прэсе чарговы раз была агучаная думка, што Расея для ціску на Літву можа скарыстаць і ўжо выкарыстоўвае Беларусь, у тым ліку праз тэрытарыяльныя прэтэнзіі на Вільню. Ці падзяляе такія засьцярогі літоўскае кіраўніцтва і ці бачыце вы нешта такое ў заявах кіраўніцтва Беларусі?

Лінкявічус: Я ня бачыў такіх заяваў зь беларускага боку. Тэарэтычна такое можа быць зроблена, бо існуе саюз Беларусі і Расеі. Яны вельмі інтэграваныя, вельмі блізкія ў кантэксьце бясьпекі, рэгулярна адбываюцца супольныя вучэньні. Але палітычныя заявы беларускага боку пакуль што вельмі акуратныя і я б нават сказаў, што некаторыя зь іх мы можам лічыць сапраўды незалежнымі. Таму мы ня бачым такога, пакуль што.

Знаткевіч: Часам можна пачуць галасы, што літоўскія палітычныя эліты часткова сымпатызуюць Аляксандру Лукашэнку, бо ён не акцэнтуе ўвагу на падтрымцы беларусаў за мяжой, у тым ліку ў Літве, а таксама таму, што ён не прымае канцэпцыю Вялікага Княства Літоўскага як беларускай дзяржавы. Ці ёсьць доля праўды ў тым, што Лукашэнку лічаць меншым злом параўнальна з такім лідэрам, які б гэтую канцэпцыю падзяляў?

Лінкявічус: Я б не сказаў, што такія сымпатыі існуюць сярод эліты. Можна пачуць асобныя галасы, але я ня думаю, што такое пашырана сярод эліты. Вы маеце рацыю наконт інтэрпрэтацыяў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, але гэта не прычына рабіць нейкія высновы.

Знаткевіч: То бок у Літве няма страхаў у сувязі з тым, што ў Беларусі да ўлады некалі могуць прыйсьці нацыяналісты несавецкага тыпу?

Лінкявічус: Няма.

Знаткевіч: Ці бачыце вы яшчэ магчымасьць, што Беларусь зблізіцца з НАТО і Эўразьвязам, у тым ліку праз праграму «Усходняе партнэрства», альбо вы разглядаеце Беларусь цалкам у сфэры расейскага дамінаваньня?

Лінкявічус: Беларусь ужо ўваходзіць у Мытны зьвяз і мае палітычны і ваенны саюз з Расеяй. Але нашая задача – кантактаваць, размаўляць, бо гэта ж нашыя суседзі. У нас 650 кілямэтраў супольнай мяжы, ад сталіцы да мяжы 30 кілямэтраў, таму мы ня можа быць абыякавымі. Мы ня можам за іх зрабіць рэформы, мы ня можа за іх прыняць рашэньні, мы можам не пагаджацца шмат з чым з таго, што яны робяць, але гэта ня значыць, што мы не павінны размаўляць. Таму мы спрабуем размаўляць зь імі, і мы радыя, што атрымалася далучыць Беларусь да працэсаў ва «Ўсходнім партнэрстве», што яны бралі ўдзел у мерапрыемствах у Вільні. Мы будзем працягваць у гэтым жа духу. Але адначасова мы будзем выказваць сваё меркаваньне наконт таго, што там адбываецца насуперак эўрапейскаму мысьленьню, так бы мовіць. Калі адказаць на вашае пытаньне проста – вядома ж, мы хочам прыцягнуць беларусаў бліжэй да эўрапейскіх сувязяў, бо мы лічым іх эўрапейцамі.

Знаткевіч: Ці зьмяніўся нейкім чынам тон кіраўніцтва Беларусі ў неафіцыйных кантактах пасьля падзеяў ва Ўкраіне?

Лінкявічус: Мы ня можам рабіць нейкіх высноваў, але я ўспрымаю гэта так, што заявы беларускага кіраўніцтва вельмі незалежныя, некаторыя зь іх асьцярожныя. Мы ведаем, напрыклад, што адбылася сустрэча паміж прэзыдэнтам Лукашэнкам і выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны Турчынавым. Сам гэты факт шмат пра што кажа. У заявах для мэдыяў сустрэчу назвалі вельмі пасьпяховай. Таму пакуль няма падставаў лічыць, што беларускае кіраўніцтва нейкім чынам спрыяе нестабільнасьці. Пакуль што ўсё даволі акуратна, але мы пабачым, што пакажа будучыня.


Цалкам інтэрвію зь Лінасам Лінкявічусам зьявіцца на нашым сайце на наступным тыдні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG